Новым старшынём Кардынацыйнага камітэта Беларускай Нацыянальнай платформы Форума грамадзянскай супольнасці абраны Андрэй Ягораў.

Фота ЕўраБеларусь

Фота ЕўраБеларусь

У склад Каардынацыйнага камітэта ўвайшлі Аксана Шэлест, Яраслаў Бекеш, Наталля Васілевіч, Васіль Валасюк, Ігар Рынкевіч, Таццяна Пашэвалава. Кадравыя змены прынятыя 21 чэрвеня на канферэнцыі Беларускай нацыянальнай платформы Форума грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства: “Беларусь ва ўмовах рэгіянальнага крызісу і стагнацыі Усходняга партнёрства”, у якой удзельнічалі каля 50 прадстаўнікоў  беларускіх грамадскіх арганізацый.

Крызіс Усходняга партнёрства, перыферыйнасць грамадска-палітычнае жыцця ў самой Беларусі, рост прарасійскіх сімпатый сярод беларусаў і інфармацыйная вайна з боку Расіі – гэтыя праблемы аказаліся ў цэнтры ўвагі Нацплатформы.

Новаабраны старшыня Каардынацыйнага камітэта БНП Андрэй Ягораў адзначае, што перад Нацплатформай стаіць праблема выбару амплуа – «кім быць: экспертнай пляцоўкай або пляцоўкай дзеянняў?».

«Як і раней, асноўнай праблемай развіцця грамадзянскай супольнасці ў Беларусі з’яўляецца вырашэнне пытання змены ўмоў дзейнасці грамадзянскай супольнасці. Мы не можам вырашыць ні аднаго пытання ні ў сферы экалогіі, ні ў сацыяльнай, ні ў любой іншай сферы без таго, каб не змяніць агульныя палітычныя ўмовы ў краіне. Перш за ўсё, мы павінны казаць пра трансфармацыю і лібералізацыю палітычнага рэжыму. Без гэтага не дасягнуць ніякіх прыватных мэтаў і задач. І для гэтага неабходна кансалідацыя грамадзянскай супольнасці. І Нацыянальная платформа ў гэтым сэнсе павінна стаць ключавым акторам – той пляцоўкай, якая прымае на сябе адказнасць і задачу па змяненні сітуацыі ў краіне”, – адзначае Андрэй Ягораў.

Нацплатформа аказалася не гатовай прымаць на сябе адказнасць за змены сітуацыі ў краіне: «Мы так і не выйшлі на месца моцнага актора па трансфармацыі ўнутры Беларусі. Мы пакутуем ад унутранай нізкай ініцыятыўнасці і амбіцыёзнасці членаў Нацплатформы. Гэта абмяжоўвае нашы магчымасці. Каб не ператварыцца ў дзіўную структуру з няяснымі мэтамі  і дзейнасцю, мы павінны прытрымлівацца заяўленых мэтаў. Нам неабходна ўзмацніць узаемадзеянне з грамадзянскімі супольнасцямі краінаў Усходняга партнёрства, прычым з тымі Нацплатформамі, якія маюць падобныя з намі праблемы і падобныя палітычныя задачы і ўстаноўкі.  Вывесці праблемныя пытанні  Усходняга партнёрства на парадак дня еўрапейскіх структур. На нацыянальным узроўні варта дамагацца ўплыву на развіццё еўрапейска-беларускіх адносін. Без гэтага нас будуць ігнараваць і надалей », – кажа А.Ягораў.

Усходняе партнёрства мусіць стаць «інструментам і рэсурсам ўзмацнення Нацплатформы і грамадзянскай супольнасці Беларусі». Аднак самой Нацплатформе належыць “набыць больш шырокую ролю ўнутры працэсаў беларуска-еўрапейскіх стасункаў і ў больш шырокім сэнсе ўнутры развіцця працэсаў самога Усходняга партнёрства”.

“Усходняе партнёрства знаходзіцца сёння ў відавочным крызісе – ініцыятыва не пабудавала механізмаў рэагавання на знешнія пагрозы бяспекі краін-удзельніц  УП. Праект не можа нічога супрацьпаставіць расійскаму шантажу ў дачыненні да краін з выразным курсам на еўраінтэграцыю. Усходняе партнёрства  стаіць перад пагрозай знікнення шматбаковага фармату і маргіналізацыі краін-аўтсайдэраў ініцыятывы. Калі ўтрыманне УП не будзе перагледжана, то сэнс ініцыятывы будзе згублены. Унутраная сітуацыя ў Беларусі таксама не вельмі спрыяльная для вырашэння задач Нацплатформы. Мы бачым, што ЕЗ пачынае разгортваць новы віток супрацоўніцтва з беларускімі ўладамі. І гэта адбываецца без якога-небудзь удзелу грамадзянскай супольнасці Беларусі. Праект «Еўрапейскі дыялог па мадэрнізацыі” так і не пачаў працаваць у трохбаковым рэжыме: ЕС абраў шлях сепарацыі адносін – асобнае супрацоўніцтва з дзяржавай, асобнае – з грамадзянскай супольнасцю», – адзначае Андрэй Ягораў.

Новы старшыня Каардынацыйнай рады мяркуе, што Нацплатформе найперш “патрэбна кансалідаваная і моцная пазіцыя”. “Той, хто мае больш цвёрдую і ўзгодненую пазіцыю – беларускі ўрад ці Еўрапейскі звяз – лёгка могуць ігнараваць інтарэсы грамадзянскай супольнасці Беларусі,абцяжаранага рознагалоссямі”, – адначае А.Ягораў.

Крыніца: Беларуская праўда

 

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект:

Загрузка...