У Кастрычніцкім судзе Мінска чакае разгляду яго крымінальная справа. Былога палітвязня абвінавачваюць у злосным хуліганстве ў п’яным выглядзе з выкарыстаннем фізічнай сілы.

Андрэй Бандарэнка, фота Радыё Свабода

Андрэй Бандарэнка, фота Радыё Свабода

Паводле «Платформа інавэйшн», калі дакладна пачнецца разгляд справы пакуль невядома. Андрэю Бандарэнку пагражае да 10 гадоў зняволення. «Свабода ў турмах» сустрэлася з блізкімі праваабаронцы.

Перадача на «Валадарку»

…На стале мноства пакетаў з прадуктамі, сродкамі гігіены, усялякай неабходнай для тых умоваў драбязой. Сябры ды паплечнікі Андрэя Бандарэнкі — Алёна Красоўская-Каспяровіч ды Мікіта Ліхавід — збіраюцца завезці на «Валадарку» чарговую 30-кілаграмовую перадачу. Кілбаса, цукеркі, розныя прысмакі з вялікім тэрмінам захоўвання, кава, гарбата, садавіна, гародніна, алей, рыба, а таксама кашы, пюрэ, якія не патрабуюць “варкі”…Агульны кошт перадачы дзесьці пад тры мільёны рублёў. Усё гэта — прыватныя ахвяраванні «платформаўцаў»…

«Вельмі станоўчы момант, што Андрэй кінуў курыць, — кажа былая намесніца Бандарэнкі, а цяпер кіраўніца „Платформы“ Алёна Красоўская-Каспяровіч. — Незадоўга да арышту ён перанёс запаленне лёгкіх. І лекар папярэдзіў яго пра наступствы. Праўда, крыху цыгарэтаў мы перадаём яму, але ў якасці так званай турэмнай валюты».

Паводле Алёны, Андрэя трымаюць у двухмесцавай камеры. Звычайна на Валадарцы камеры перанаселеныя — па 15–20 чалавек. Сусед Андрэя — чалавек, якому інкрымінуецца эканамічнае злачынства.

«Андрэй нават сам амаль у кожным лісце адзначае, што стаўленне да яго як да зняволенага вельмі годнае, без аніякага ціску, абразаў — карацей, тое, за што змагаецца «Платформа», — кажа калега Бандарэнкі.

bond1

На пытанне, хто падтрымлівае Андрэя ўвесь гэты час, што ён за кратамі, наколькі пашырылася ці, наадварот, звузілася яго сяброўскае кола, чую адказ:

«Перадачы, аплата адваката, падтрымка сям’і, грошы на разліковы рахунак для атаваркі ў турэмнай краме, — гэта ўсё на плячах „Платформы“. У мінулым месяцы з аплатай адваката дапамаглі бацька ды сёстры Андрэя. Але мы будзем падтрымліваць і надалей, бо ён — наш сябар і застаецца ім, незалежна ад таго, што б ён ні здзейсніў, вінаваты ён ці не… Што да сяброўскага кола, то яно рэзка звузілася. Нават нягледзячы на тое, што ніхто пакуль не ведае, што насамрэч адбылося ў тую ноч тры месяцы таму. Тым не менш многія дыстанцыяваліся і ад яго, і ад нас».

Алёна, як і яе сябры, вельмі спачувае калегу, тым больш што тэрмін зняволення свеціць немалы…

«Шкада… Бо Андрэй — гэта вельмі разумны, творчы чалавек. У яго былі вялікія цікавыя планы… Зразумела, праца пацярпела… Без Андрэя вельмі і вельмі цяжка. Турма — гэта надзвычай суровае пакаранне, а па тым, што мы ведаем, наш сябар здзейсніў не надта цяжкі ўчынак…„Платформа“ ў сваёй працы прызвычаілася, і гэтага прытрымліваўся і Андрэй, абапірацца выключна на факты. Калі ў нас не будзе падставы гаварыць пра тое, што судовы пераслед носіць палітычны характар, то статусу палітвязня ў Андрэя не будзе. Розніца ж у тым, палітычны вязень ці не, — яна толькі ў ступені міжнароднай падтрымкі ды ціску на ўлады, каб яго хутчэй вызвалілі. Але для Андрэя, які ўжо быў у зняволенні, турма не стане нейкім шокам. Думаю, што ён вытрымае… Мы будзем усё да апошняга адсочваць».

 

Што здарылася ў тую ноч?

Дык што здарылася ў тую ноч, калі Андрэя затрымала міліцыя, каб праз некалькі дзён змясціць пад варту?

Вось некаторыя звесткі, якія нам удалося сабраць у выніку размоваў з блізкімі ды суседзямі Андрэя.

Сям’я Бандарэнкаў (гаспадар, ягоная жонка Вольга і дачка Маша, якая сёлета пойдзе ў школу) жыве ў маленькай аднапакаёўцы, што ў адным з пяціпавярховых дамоў на вуліцы Чкалава. Гаспадара ў двары бачылі рэдка. Андрэй шмат працаваў, бо фактычна быў адзіным кармільцам. Калі здараліся нейкія выходныя, то ездзіў у вёску да бацькі, каб дапамагчы ў гаспадарцы.

У той вясновы вечар перад працяглымі выходнымі Андрэй сустрэўся з сябрам-аднакурснікам. Настрой у праваабаронцы быў дэпрэсіўны (гэта пачуццё ў сувязі з рознымі стрэсамі ды характарам працы — дапамога сем’ям крымінальна асуджаных — апошнім часам нярэдка суправаджала яго). Вырашылі сустрэцца і пагутарыць з сябрам у кавярні непадалёк ад дому. Сядзелі да позняга, выпівалі… Калі вярталіся, ля Андрэевага пад’езду сустрэлі дзяўчыну з суседняга дому, якая ішла да сваёй маці. Тая жыла два паверхі вышэй за Андрэя. Слова за слова, размова перайшла на крыкі, потым Андрэй нечакана моцна ці то стукнуў, ці то штурхнуў дзяўчыну. На крыкі выбегла маці, іншыя жыхары… Кажуць, што спробы супакоіць Андрэя былі беспаспяховымі, а таму выклікалі міліцыю. Удзельнікаў канфлікту завезлі ў РАУС. Відэакамера ў міліцыі зафіксавала эпізод, які потым убачылі ў інтэрнэце…

Сёння тое, што здарылася з Бандарэнкам, трактуюць па-рознаму. Адны пішуць у сацсетках, што гэта была правакацыя, іншыя — што звычайная «хуліганка», у якую элементарна можна трапіць, калі пад уздзеяннем алкаголю страціш кантроль над сабой і тармазы не спрацуюць…

У тэлефоннай размове жонка Андрэя, 35-гадовая Вольга, якая нядаўна ўладкавалася на працу ў суседнім з домам дзіцячым садку, сказала, што падрабязнасцямі здарэння не валодае. З нашым карэспандэнтам гаварыла гэтак жа стрымана, як і некалькі гадоў таму, падчас першага працэсу, пасля якога Андрэя прызналі палітвязнем. Ад сустрэчы адмовілася. Сказала, што не хоча шкодзіць сваёй размовай ані пакуль мужу, ані дачцэ. Адносна пацярпелых суседак нейкіх меркаванняў не мае, бо з суседзямі не кантактуе — «гэтыя людзі звычайна радуюцца, калі ў кагосьці побач здараецца нешта кепскае».

 

Андрэй, Вольга і Маша Бандарэнкі 6 гадоў таму

Андрэй, Вольга і Маша Бандарэнкі 6 гадоў таму

Тым часам бацька Андрэя на інтэрвію са Свабодай пагадзіўся. У сынаву віну ён не верыць. Паводле ягоных словаў, «не было падставаў для першага зняволення ў 2008 годзе — сумнеўна, каб яны былі для другога».

 

Бацька: «Беды прыйшлі з-за палітыкі»

Валер Рыгоравіч Бандарэнка жыве за паўдзясятка кіламетраў ад райцэнтра Кіраўск, у вёсцы Выжары. У паселішчы шмат хатаў з закалочанымі вокнамі. Дамы старыя, але яшчэ моцныя. Такая хата і ў бацькі зняволенага праваабаронцы.

 

Валер Бандарэнка

Валер Бандарэнка

Пакуль дзве дачкі Валера Рыгоравіча завіхаюцца па гаспадарцы, гамонім з ім пад старой ліпаю пра сынаву долю ды вясковае жыццё. Спрацаваныя дужыя рукі суразмоўца трымае на каленях і толькі зрэдку падымае іх. Вочы ў сямідзесяцігадовага мужчыны — колеру беларускага неба. Спачатку ён узіраецца ў далеч, а потым адказвае на пытанне.

У Выжары Валер Рыгоравіч перабраўся, калі сына пасадзілі першы раз. «Трэба было неяк выжываць, — тлумачыць ён, — бо была маленькая дачка ў сына, мая ўнучка, ды ягоная жонка. У нас у вёсцы ёсьць і козачкі, і куры. Усё ёсць для таго, каб можна было найпрасцей пражыць, выжыць. Тут яшчэ лепей перажываюцца падобныя, як цяпер у мяне, стрэсы. Працы шмат, забываешся, бо працую».

Валер Рыгоравіч не выключае, што арышт сына звязаны з ягонай праваабарончай дзейнасцю і лідэрствам у грамадскай арганізацыі «Платформа», якая выкрывала парушэнні ў калоніях і дапамагала былым асуджаным.

Гэтую дзейнасць адсочвалі спецслужбы, цвердзіць Бандарэнка-старэйшы: «Калі пазбавіць арганізацыю кіраўніцтва, дык і арганізацыя можа знікнуць. Сачылі за гэтай дзейнасцю, — мяркуе Валер Рыгоравіч. — Усё там падтасавана, падбіта. Дасць бог, гэта ўсё з часам высветліцца. Але я так думаю — дзякуй богу, што інкрымінуюць яму не што цяжэйшае. Маглі б чаго яшчэ знайсці горшага».

На неадназначнасць абвінавачання намякае ў сваіх лістах і сам Андрэй Бандарэнка. У адным з іх ён піша бацьку: «Вітаю, тата. Не думаў, што калі-небудзь зноў давядзецца камунікаваць з табой лістамі, — чытае ўрывак з сынавага допісу Валер Рыгоравіч. — Але як ёсць, так ёсць. Як ты разумееш, усяго я табе ў лісце напісаць не магу, але можаш паверыць, што нічога такога, за што можна перажываць, я не рабіў. Усё наладзіцца. Галоўнае, не перажывай».

 

Як і ў першую адсідку, Валер Рыгоравіч і сёстры будуць дапамагаць Андрэю выстаяць. А ці будуць гэта рабіць тыя, хто верыў у ягоную невінаватасць, калі зняволілі ў 2008-м? Тыя ж, да прыкладу, лідэры Аб’яднанай грамадзянскай партыі ды ягоныя паплечнікі? Бо цяпер жа яму інкрымінуюць злачынства, пад якім нібыта не праглядаецца палітыка.

«Я думаю, што паплечнікі, гэтак, як і я, не вераць у тое, што сын мог нешта падобнае ўтварыць. Гэта ж нармальныя людзі. Думаю, што будуць падтрымліваць».

Беды ў сям’ю Бандарэнкі прыйшлі, калі ён стаў у 2008 годзе кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. Паводле Бандарэнкі-старэйшага, да прыватных фірмаў, дзе рабіў сын, неспадзявана з’явіліся прэтэнзіі ў кантрольных, а пазней і следчых органаў. Пры гэтым кіраўнікі фірмаў засталіся невінаватымі, а бізнэс-кансультант Бандарэнка сеў на лаву падсудных:

«Жыў-быў нармальны чалавек, працаваў, пакуль не ўзяў удзелу ў парламенцкіх выбарах. З гэтага ўсё і пачалося. Пачаўся пераслед. Пакуль выбары праходзілі, зніклі фірмы, на якія працаваў Андрэй, — згадвае Валер Рыгоравіч. — Яшчэ не скончыліся выбары, а прадпрымальнікаў, якія дапамагалі Андрэю, ужо прыціснулі праваахоўныя органы. Мы тады ездзілі ды разбіраліся. А пасля адсідкі ён і пачаў займацца праваабарончай дзейнасцю. Дапамагаў людзям бараніць сваё права. За гэта яго і хочуць пакараць».

 

З чым давялося сутыкнуцца сыну цягам першага зняволення, Валер Рыгоравіч кажа з неахвотай. Адзначае, што Андрэю там было няпроста:

«Ушчамленні былі розныя, і нямала. Скажу, што цёплыя боты я яму так і не змог перадаць. То мне казалі, што не могуць знайсці асуджанага, то не тыя прывёз — так і не перадаў. Але шмат дапамагаў адвакат Дзмітрый Лаеўскі. Дужа шмат. Я ўсяго і не ведаю».

Ці спагадаюць Валерыю Рыгоравічу вяскоўцы ў гэты цяжкі для яго час?

«Нашы людзі хутка ўсё забываюць. Штодзённы побыт забівае ўсё. Большасць людзей на сяле выжываюць. Тыя, хто разбіраецца ў сітуацыі, то адназначна кажуць: „Ну што, падставілі Андрэя“, альбо здзіўляюцца. „Што, ізноў?“ — кажуць. А так, каб нехта казаў, што ён нешта мог утварыць, то такога няма».

 

Быць справакаваным ці згубіць зямлю пад нагамі?

Колішні асуджаны па эканамічнай справе, прадстаўнік «Платформы» ў Віцебску, а да зняволення дацэнт Віцебскага тэхналагічнага інстытута, кандыдат тэхнічных навук Міхаіл Жамчужны называе выпадак з Андрэем няйнакш як правакацыяй. Той, хто змагаецца за правы зняволеных, рызыкуе, што яго затрымаюць, арыштуюць, ізалююць ад грамадства. «Асабіста я да гэтага гатовы. Думаю, быў гатовы да гэтага і Андрэй», — кажа Жамчужны. Высновы пра правакацыю Міхаіл робіць, «прааналізаваўшы міліцэйскі запіс, а таксама ўлічваючы дзейнасць Бандарэнкі».

Жамчужны: «На відэа чалавек, які відавочна спіць. Ён сядзіць, дакладней — пасаджаны, непасрэдна перад камерай, у месцы, дзе ўсё запісваецца з добрай якасцю. Побач з мужчынам — жанчыны, якія сістэматычна перамяшчаюцца па кадры, нібыта шукаючы нейкія моманты, каб вывесці таго, хто спіць, з раўнавагі… У твар чалавека, які спіць, накіроўваецца фатаўспышка. Натуральна, чалавек у такім стане інстынктыўна абараняецца, нават не ўсведамляючы, хто перад ім…»

Міхаілу падаліся некалькі дзіўнымі і іншыя моманты. Напрыклад, тое, што пры затрыманні ўдзельнікі канфлікту, як пацярпелыя, так і вінаватыя, знаходзяцца без нагляду міліцыі ў адным памяшканні. У парушэнне закону ў іх не канфіскаваныя пэўныя прадметы, той жа тэлефон. А маючы яго, можна ж званіць меркаваным сведкам, каб тыя далі заведама ілжывыя паказанні… Таксама парушаны арт. 18 Закону аб інфармацыі, калі без згоды чалавека вядзецца яго фатаздымка.

Міхаіл Жамчужны мяркуе, што сілавікі ў мэтах арганізацыі канфлікту нярэдка выкарыстоўваюць жанчын, бо сімпатыі сведак хутчэй будуць на жаночым баку… Ён расказвае, што прыкладна тое ж самае магло здарыцца і з ім. У той самы час, калі пачаліся праблемы ў «Платформы», міліцыя стала хадзіць па ягоных суседзях, дапытвацца, як ён сабе паводзіць і ці п’е. А неўзабаве здарыўся канфлікт з суседкамі, з якімі ён дагэтуль вельмі добра ладзіў.

Міхаіл: «Калі б была нейкая фармальная падстава, каб затрымаць, мяне б затрымалі, і я б нічога нікому не даказаў. Мяне ратуе тое, што ўдаецца трымаць сябе ў руках, што я не п’ю ўвогуле. Бо інакш чалавека, які не хавае сваёй апазіцыйнасці, справакаваць вельмі і вельмі лёгка».

Тым часам іншы былы вязень, Сяргей, якому даводзілася сутыкацца з праваабаронцам Бандарэнкам, трымаецца інакшай думкі:

 

Фота Радыё Свабода

Фота Радыё Свабода

«Адрозна ад іншых арганізацыяў, якія дэкларуюць, што змагаюцца за правы асуджаных па крымінальных справах, „Платформа“ ды асабіста Бандарэнка дапамаглі многім… Але калі глядзець відэа, дзе б’юць жанчын, у любым выпадку брыдка, незалежна ад таго, справакавалі чалавека на абарону ці не… Тым больш — другі ўдар, у твар іншай жанчыне, якая ўвогуле не здымала, з абаронай ніяк не звязаны… Калі людзям, якія, па сутнасці, былі раней нічым, раптам падае з неба бескантрольнае валоданне рэсурсамі, яны пачынаюць адчуваць сябе паўбагамі, губляюць зямлю пад нагамі. Такіх у Беларусі сёння вельмі і вельмі шмат. Ледзь што, яны пачынаюць тлумачыць свае супрацьпраўныя ўчынкі пераследам крывавага рэжыму».

 

«Я не тое каб п’яніца, але неяк так атрымліваецца…»

І ўсё ж, калі гэта не «пераслед», а звычайная «бытавуха», выкліканая збегам самых розных абставінаў, то што з таго? Рэзка мяняць стаўленне да чалавека, які ўсё ж не ўчыніў цяжкога злачынства, нікога не пакалечыў, а дагэтуль увогуле зрабіў нямала добрых спраў для людзей, абараняючы іх правы?

Як паказала апытанне на вуліцах Магілёва, бальшыня ўдзельнікаў палічыла, што праваабаронца, як і кожны чалавек мае права на памылку, іншая справа, што на праваабаронцы ляжыць большая адказнасць. Закон жа павінен быць аднолькавым для ўсіх без выключэння.

Іншая справа, наколькі ў падобных выпадках адэкватнае турэмнае пакаранне? Хіба працяглая ізаляцыя ад грамадства зробіць чалавека лепшым?

Калісьці пры Саветах дзейнічала працэдура публічнага пакаяння ды паручальніцтва калектыву. Так у свой час вялікі тэрмін зняволення пагражаў студэнту ВГИКу Васілю Шукшыну: у стане моцнага алькагольнага ап’янення той збіў аднакурсніка з Польшчы, а потым — міліцыянта. І толькі дзякуючы паручальніцтву партыйнай арганізацыі свету адкрыўся таленавіты пісьменьнік, актор, рэжысёр.

«Я не тое каб п’яніца, але неяк так атрымліваецца: калі выпадкова вып’ю, то абавязкова страчваю кантроль над сабою і раблю недаравальныя ўчынкі», — каяўся тады Шукшын. Потым ён кінуў піць беспаваротна.

Крыніца: Радыё Свабода

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект:

Загрузка...