Маладая жанчына Наталля Красоўская з Барысава распавяла расійскім журналістам, як яна пачала ваяваць на баку сепаратыстаў у Славянску Данецкай вобласці.
barys
У адрозненне ад многіх іншых баевікоў так званай «ДНР» яна не хавала свой твар перад тэлекамерай.

Барысаўчанка Наталля Красоўская распавяла, што ваюе ў ваколіцах Славянска, у вёсцы Сямёнаўцы на баку ўзброеных сепаратыстаў.

Дзяўчына носіць камуфляжную форму з нашыўкай у выглядзе афіцыйнага дзяржаўнага сцяга Беларусі і георгіеўскай стужкай. На рукаве яе формы напісана «РБ».

Наталя распавяла карэспандэнтам расійскай «Комсомольской правды», што на баку апалчэнцаў ёсць яшчэ хлопцы і дзяўчаты з Беларусі, паказала свой беларускі пашпарт, а таксама перадала прывітанне сваім родным і прэзідэнту Беларусі, якога дзяўчына называе «Рыгоравіч».

«Я прыехала, таму што часам бяздзеянне больш моташнае, чым дзеянне. Мне надакучыла падтрымліваць апалчэнне праз інтэрнэт — «Укантакце» і «Фэйсбуку». Я прыехала сюды 5 мая. А 7 мая я была ўжо ў Славянску. Я нарадзілася ў Беларусі. Вырасла ў Беларусі. І да прыезду ў Славянск я жыла ў Беларусі, у Мінскай вобласці, горадзе Барысаў, на вуліцы Трусава. Я не баюся паказваць свой твар і пашпарт, бо ў бок беларускай мяжы я паеду толькі тады, калі ўсе памежныя заставы будуць занятыя апалчэнцамі. У Сямёнаўцы я ўжо каля тыдня. Раней я была ў іншым атрадзе, але сюды збіралі добраахвотнікаў і я прыехала.

Хачу перадаць прывітанне майму бацьку. Калі я вярнуся, мы вып’ем зь ім гарэлкі, як два мужыкі. Я хачу перадаць прывітанне маёй маме і папрасіць яе мяне зразумець. Я хачу перадаць прывітаньне барысаўчанам і сказаць: «Вось я». Я хачу перадаць прывітанне «бацьку» Рыгоравічу і сказаць: «Бацька, твае грамадзяне на гэтым баку. На ўсякі выпадак, каб ты ведаў, Рыгоравіч.

Дзяўчыны, хлопцы — нас ніхто не адпраўляў, мы прыехалі сюды самі. З Беларусі тут не я адна. Я проста хачу, каб ты, Рыгоравіч, гэта ведаў», — сказала Наталля на камеру журналістам «Комсомольской правды».

Украінская пракуратура прызнала «Данецкую народную рэспубліку», за якую ваюе Наталля, тэрарыстычнай арганізацыяй.

Крыніца: Радыё Свабода

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект:

Загрузка...