21 чэрвеня ў Мiнску праходзіць чарговая канферэнцыя Беларускай нацыянальнай платформы Форума грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства.
NP

Яна мае назву “Беларусь ва ўмовах рэгіянальнага крызіса і стагнацыі Ўсходняга партнёрства”.

Удзельнiкi канферэнцыi плануюць разгледзець справаздачу Каардынацыйнага камітэта Беларускай нацыянальнай платформы за 2013-2014 год. Служба інфармацыі “ЕўраБеларусі” публiкуе вытрымкі з гэтага дакумента. У ім прапануецца апісанне сітуацыі як унутры Беларусі, так і за яе межамі, выклікаў, з якімі прыходзіцца сутыкацца грамадзянскай супольнасці нашай краіны, а таксама рэкамендацыі Каардынацыйнага камітэта па пераадоленні існуючых праблем:

Усходняе парнёрства

На сённяшні дзень ініцыятыва Ўсходняга парнёрства знаходзіцца ў відавочным крызісе. Пазытыўны імпульс трансфармацыяў кранаў УП адпаведна з еўрапейскай мадэллю, што быў нададзены Усходнім парнёрствам, сутыкнуўся з некалькімі супярэчнасцямі.

А) Супрадзеянне Расіі і яе вайсковая агрэсія у рэгіене падвысілі кошты супрацоўніцтва нашых краінаў з ЕС і справакавалі працяглы палітычны крызіс ва Ўкраіне, а таксама змену геапалітычнага курсу Арменіі. Усходняе парнёрства на сёняшні час не мае адпаведных інструментаў супрацьдзеяння расійскай палітыцы ў рэгіене.

Б) Арыентацыя УП у асноўным на супрацоўніцтва з дзяржавамі і адаптацыю апошнімі нормаў еўрапейскага заканадаўства пры ігнараванні ўнутранага палітычнага кантэксту краінаў-парнераў паказала сваю выразную абмежаванасць. Незацікаўленыя ў трансфармацыях дзяржаўныя эліты лёгка сімулююць працэсс рэформаў без ініцыявання сутнасных зменаў. Уся падрыхтоўчая праца па рэформах, як паказвае досвед Украіны і Арменіі, хутка можа быць павернутая ў цалкам адваротным напрамку.

В) Пры дэклараванні выключнай важнасці ўцягвання ў трансфармацыйны працэс грамадзянскай супольнасці, ЕС хутчэй бюракратызуе і фармалізуе ўдзел грамадзянскай супольнасці ў ініцыятыве УП. Акцэнтуючы ўвагу на дзяржаўных інстытуцыях, ЕС стварае пэўныя перашкоды для больш шырокага ўваходу грамадства ў палітычны працэс. Парадаксальнасць гэтага падыхода заключаецца ў тым, што гэтым ЕС адштурхоўвае найбольш еўрапеізаваную частку грамадства краінаў-партнраў. Пры гэтым, як паказвае досвед Украіны, менавіта грамадства і грамадзянская супольнасць ёсць найгалоўнейшымі актарамі еўрапейскіх трансфармацыяў.

Г) Шматбаковае вымярэнне палітыкі УП стаіць перад выклікам маргіналізацыі краінаў-аўтсайдэраў у працэсах сбліжэння з ЕС (Арменія, Азербайджан, Беларусь), што падрывае цэласнасць гэтай рэгіянальнай ініцыятывы.

Унутраная сітуацыя ў Беларусі

Неспрыяльныя ўмовы для развіцця грамадзянскай супольнасці ўнутры краіны фактычна выштурхоўваюць яе на перыферыю грамадска-палітычнага жыцця. Каб мець магчымасць уплыву на хоць якія значныя для краіны рашэнні, грамадзянская супольнасць мусіць найперш змяніць самі ўмовы свайго існавання. Першаснае пытанне – гэта палітычныя трансфармацыі і лібералізацыя палітычнага рэжыму, што патрабуе больш актыўнай палітычнай ролі грамадзянскай супольнасці. У той жа момант сама грамадзянская супольнасць Беларусі відавочна не гатовая да прыняцця на сябе такой місіі.

Сярод небяспечных тендэнцый апошняга перыяду ўвагі і дзеяння патрабуе істотнае зніжэнне сярод грамадзянаў колькасці прыхільнікаў пра-еўрапейскага развіцця Беларусі і рост пра-расейскіх настрояў у беларускім грамадстве (у адпаведнасці з апошнімі сацыялагічнымі дадзенымі А.П. Вардамацкага), а таксама інфармацыйная вайна вакол Украіны, якая негатыўна адбіваецца, у тым ліку, і на беларускім грамадстве.

У бліжэйшы час таксама набліжаецца новая так званая “электаральная фаза” – прэзідэнцкія “выбары” 2015 года. З улікам абсалютнай адсутнасці ўмоваў для правядзення ў краіне сапраўдных выбараў БНП было б важна вызначыцца і заняць дакладную пазіцыю з адпаведнымі паводзінамі, заявамі і дзеяннямі датычна стаўлення да кампані 2015 года.

Актуальны стан Беларускай нацыянальнай платформы

Беларуская нацыянальная платформа адбылася як камунікатыўная пляцоўка для арганізацыяў грамадзянскай супольнасці, але засталася вельмі абмежаванай у сэнсе актыўнага грамадска-палітычнага актара. За апошні год стала відавочным, што нягледзячы на шматлікую колькасць дзеянняў і малых крокаў, палітычна і стратэгічна БНП адчувае не сабе стагнацыйныя працэсы і губляе свае пазіцыі у стасунках з зацікаўленымі бакамі ў межах УП. Прычыны гэтага палягаюць, па-першае, ў вельмі нізкай ініцыятыўнасці сябраў нацыянальнай платформы, якія па-большасці не імкнуцца да запуску супольных ініцыятываў і абмяжоўваюцца сваім вузкім парадкам дня. Па-другое, гэта праблема звязаная з фармальнымі перерашкодамі і завужэннем прасторы для дзейнасці БНП і з боку дзяржавы, і збоку ЕС і буйных міжнародных актараў (Савет Еўропы, ААН). Невырашанасць шэрагу пытанняў унутранага будаўніцтва і развіцця БНП папярэдняга перыяду стымулюе маргінальнасць, не дазваляе актыўна рухацца наперад ва ўмацаванні яе ролі і фарматаў дзейнасці.

Прыярытэты

У сувязі з гэтымі выклікамі Беларуская нацыянальная платформа павінна:

1. На бліжэйшую перспектыву стаць кропкай прыцягнення і супрацоўніцтва пра-еўрапейскіх групаў у межах грамадзянскай супольнасці, прапануючы грамадзянам бачную альтэрнатыву развіцця Беларусі ў еўрапейскім вектары.

2. Ініцыяваць працэсс пераасэнсавання Ўсходняга парнёрства разам з партнерамі па грамадзянскай супольнасці краінаў УП, забяспечыць узгадненне і сумеснае прасоўванне агульнага бачання ў дыялогу з ЕС і іншымі зацікаўленымі бакамі.

3. Усталяваць больш шчыльны фармат кааперацыі з Нацыянальнымі платформамі краінаў УП.

4. Актывізаваць сваі высілкі па уваходу ў працэсс еўрапейска-беларускага ўзаемадзення (праз, як найменш, маніторынг буйных праектаў і праграм супрацоўніцтва).

5. Вярнуцца да асноваў канцэпцыі развіцця БНП, прынятай 16 лістапада 2011 г., надаўшы большы дынамізм і эфектыўнасць яе дзеянням, перагледзець канцэпцыю ў адпаведнасці з актуальнымі задачамі на 2015-2017 гг.

6. Забяспечыць з улікам існуючых знешніх і ўнутраных выклікаў змястоўнае супрацоўніцтва ўдзельнікаў БНП у межах найбольш прыарытэтных Нацыянальных праграм у інтарэсах падтрымкі пра-еўрапейскага вектару развіцця.

Крыніца: ЕўраБеларусь

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект:

Загрузка...