Размова з вядомым беларускім гісторыкам Андрэем Чарнякевічам.
belarusy

Роўна сто гадоў таму стваральнік Беларускай Сацыялістычнай Грамады й рэдактар “Нашай Нівы” Антон Луцкевіч акрэсліў палітычную праграму беларускага нацыянальнага руху. Упершыню ў гісторыі сучаснага беларускага народа ён паспрабаваў даць адказ на пытанні, хто такія беларусы, у якім кірунку ім належыць ісці й з кім супрацоўнічаць. Пытанні “А хто там ідзе?”, а таксама “З кім і куды ісці?” застаюцца для беларусаў такімі ж актуальнымі, як стагоддзе таму. Пра тое, як нараджалася сучасная беларуская нацыя, і ці ўдалося ёй сфармавацца за сто гадоў, мы размаўляем з выкладчыкам Познанскага ўніверсітэта Андрэем Чарнякевічам.

-Спадар Андрэй, раскажыце, калі ласка, які праект прадставіў роўна сто гадоў таму Антон Луцкевіч. Наколькі ён актуальны сёння?

А. Чарнякевіч: Уласна кажучы, гэта нататкі, якія так і не дачакаліся друку. Гэта аналіз магчымасцяў рэалізацыі палітычных мэтаў беларускага руху. Гэты аналіз прадстаўлены дастаткова каротка. Кіраўнік першай беларускай палітычнай партыі, арганізатар выдання беларускага друку, будучы прэм’ер БНР напярэдадні Першай сусветнай вайны задаваў пытанне: “Ці можа беларускі рух ва ўмовах сусветнай вайны, якая набліжаецца, ставіць сваёй мэтай дасягненне незалежнасці?” Ягоная выснова была: “Не”. Ён лічыў, што грамадства яшчэ не саспела ў нацыянальна-культурным плане.

Адзінай магчымасцю рэалізацыі патэнцыялу беларускага руху ён бачыў у тактычных саюзах з іншымі народамі, у стварэнні аўтаноміі у рамках іншых дзяржаваў. Луцкевіч не перакрэсліваў ніякай магчымасці. Ён разглядаў магчымасць супрацоўніцтва з летувіскім рухам у межах адроджанага Вялікага Княства Літоўскага, з Расіяй і нават з Польшчай. Але кожную з гэтых магчымасцяў ён разглядаў менавіта як тактычны крок.

-Шмат кажуць пра тое, што беларуская нацыя стваралася яе “бацькамі” як нацыя сялянская. Ці сапраўды людзі са шляхецкім паходжаннем, такія як Антон Луцкевіч ці Янка Купала, які пісаў “Я мужык-беларус, – пан сахі й касы…”, у гэта верылі? Альбо яны заігрывалі з сялянствам, каб зварушыць яго? Ці не стала ідэя пра тое, што беларусы – гэта сялянскі народ, вечным пракляццем беларускай нацыі? Ці не выхавала яна ў беларусаў комплекс непаўнавартасці?

А. Чарнякевіч: Колькасьць сялянаў, якія былі заангажаваныя ў беларускі нацыянальны рух на яго пачатку, складала роўна трэць. Гэта бачна па статыстыцы аўтараў “Нашай Нівы”. Яшчэ траціну складалі выхадцы са шляхецкага асяроддзя й яшчэ адну трэцюю – разначынцы. Так што ў выпадку беларусаў мы маем вельмі тыповыя для Еўропы суадносіны паміж роўнымі саслоўямі. Але гаворка тут ідзе пра нацыянальную эліту, якая нараджалася. Тыя, да каго яны звярталіся, з кім спрабавалі паразумецца, – гэта ўсё роўна былі сяляне.

У выніку Першай сусветнай вайны й рэвалюцыі ўжо сялянства пачало размаўляць з гэтымі людзьмі. І размаўляла яно часта на зусім іншай мове. Луцкевічу, Іваноўскаму прыходзілася ісці ім на саступкі, быць у нейкім сэнсе папулістамі. Аднак гэта не змяняе таго факту, што беларусы – гэта тыповы прыклад еўрапейскага мадэрнага народу, большую частку якога складаюць сяляне. Гэта не кепска й не добра.

-А ці быў беларускі нацыянальны рух рухам натуральным, які паўстаў сам? Шмат асобаў і сёння абвінавачвае беларусаў у тым, што яны “штучная” нацыя, створаная палякамі ці некім яшчэ, каб адарваць беларускі народ ад Расіі.

А. Чарнякевіч: Гэтае пытанне вяртаецца да нас як бумеранг. Калі пад “штучнасцю” разумець заангажаванасць у беларускі рух прадстаўнікоў польскай і расійскай інтэлігенцыі, то нейкія прыкметы “штучнасці” тут ёсць. Але вынікі польскіх і расійскіх уплываў, іх інтэлектуальных і ідэалагічных высілкаў перараслі спадзяванні й мэты тых, хто стаяў ля вытокаў.

Нараджэнне беларуская нацыі – гэта самастойны працэс. У нейкі момант дзіця перарастае сваіх настаўнікаў. Аб’ектыўныя фактары, якія абумовілі развіццё беларускага руху, сапраўды існавалі. Аднак пры іншых абставінах, у тым ліку геапалітычных, беларускага руху як палітычнай, а не культурнай з’явы, магло б і не быць.

-Наколькі цяперашняя беларуская нацыя – гэта завершаны праект? Ці ведаем мы “А хто там ідзе й куды ідзе?” Ці стаіць сёння пытанне, якое сто гадоў таму ставілі бацькі беларускай нацыі? Быў бы задаволены Антон Луцкевіч, убачыўшы тое, што адбываецца сёння ў Мінску?

А. Чарнякевіч: Калі б я адказаў за Антона Луцкевіча, я б не быў нічога варты як гісторык. У нечым, напэўна, Луцкевіч мог бы ўбачыць у сённяшняй Беларусі рэалізацыю сваіх пачынанняў. Але ці адпавядае сённяшняе грамадства яго бачанню беларускага народа й ці меў ён такое бачанне – мне цяжка адказаць. Калі існуе нейкі ідэал народу, то, хутчэй за ўсё, беларусы яму не адпавядаюць.

Але варта разглядаць беларусаў у параўнанні з многімі народамі, якія змагаліся за сваю незалежнасць, аднак так яе й не атрымалі. Напрыклад – шатландцы. Яны змагаліся за незалежнасць з XIV стагоддзя, а нават яшчэ раней. Беларусы маюць сваю дзяржаву.

Парадокс у тым, што гэтая дзяржава зноў спрабуе знайсці беларусаў. Ствараецца нацыянальная дзяржава, якая падбірае пад сябе народ. Вядомае выказваньне палітыкаў, што з усім пашанцавала, акрамя народу. Давайце, маўляў, зараз з народам нешта зробім! Але я думаю, што нічога ў іх не атрымаецца. Народ такі, які ён ёсць – кепскі ці добры. Усе спробы яго выправіць, у станоўчых ці сваіх эгаістычных уладных мэтах, разбіваюцца аб рэальнасць. Беларускасць як аб’ектыўная з’ява існуе. Сёння, здаецца, ніхто не спрачаецца, што беларусы ёсць. Іншае пытанне, як ім палітычна развівацца, якую ім выбраць будучыню.

Размаўляў Аляксандар Папко

Крыніца: Польскае радыё для замежжа

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект:

Загрузка...