Канешне, найперш ён быў паэтам. Створанага ім і ў інтымнай лірыцы хопіць, каб назаўсёды застацца ў літаратуры.
Гэткая ж пранікнёнасць і эмацыйнасць уласцівыя і тым ягоным вершам, якія прынята адносіць да грамадзянскай паэзіі і якой чамусьці цураецца маладое пакаленне літаратараў, што цяпер, калі беларуская дзяржаўнасць перад пагрозай знішчэння, выглядае дзіўнаватым.
Бураўкін – нароўні з Караткевічам, Быкавым і Барадуліным – прывёў да беларускага слова. Ягоныя зборнікі памятаю ў сям’і з дзяцінства, ягоныя вершы і паэмы – тое, што фармавала свядомасць. Яны, папросту, зрабіліся часткай жыцця.
Бураўкіну даводзілася чуць папрокі ў тым, што ён “быў пры пасадах”. Яны гучалі з кухняў багемы, якая дасягнула дасканаласці ў падхалімстве перад тымі, хто на гэтыя самыя пасады займаў. Але ніколі я не чуў пра яго ад людзей плошчы, ад тых, хто рабіў Гісторыю. Бо ніхто не скарыстаў сваю прыналежнасьць да савецкай, камуністычнай эліты з гэткай карысцю для Беларусі, як Бураўкін.
У 32 гады ён робіцца ўласным карэспандэнтам “Правды” – што дае неабмежаваныя магчымасьці ўплыву на вышэйшае кіраўніцтва БССР, бо газета – орган ЦК КПСС, яе чытае Генеральны сакратар. Такую пасаду традыцыйна скарыстоўвалі для завязвання выгодных стасункаў з начальствам. А Бураўкін пасылае ў рэдакцыю артыкул Зянона Пазняка ў абарону забудовы гістарычнага цэнтру Мінска. Што ўратоўвае будынак купалаўскага тэатра, і не толькі.
Бураўкіна прызначаюць галоўным рэдактарам часопіса “Маладосць” – і ён друкуе Васіля Быкава і Уладзіміра Караткевіча.
Нарэшце, ён узначальвае Дзяржтэлерадыё – і стварае беларускае нацыянальнае тэлебачанне. Самы ўплывовы сродак масавай інфармацыі нясе ў масы беларускасць, з экранаў гучаць словы пісьменьнікаў і навукоўцаў, транслююцца лепшыя пастаноўкі купалаўцаў і коласаўцаў. Фармуецца нацыянальная свядомасць пакалення, якое потым уздыме сцяг Адраджэння. Але прадстаўленне эфіру Зянону Пазняку (гэта быў той самы выступ, які ўзгадвае ў “Доўгай дарозе..” Васіль Быкаў, калі ўпершыню на мільённую аўдыторыю былі сказаныя праўдзівыя словы пра камунізм) — для кіраўніцтва ўжо было пераходам мяжы, уварваннем за “чырвоныя сцяжкі”. Аўтарытэт Бураўкіна ў грамадстве не дазваляў яго проста “зняць”, як іншага міністра ці дырэктара прадпрыемства, таму абралі ганаровую ссылку – прадстаўляць БССР у ААН. Генадзь Мікалаевіч любіў прыгадваць, як ў канцы 1991 яму давялося ўручыць амерыканскаму прэзідэнту дакумент аб ліквідацыі савецкай імперыі.
Але перад гэтым Бураўкін, член ЦК КПБ і дэпутат Вярхоўнага Савета 11-га склікання, дамагаецца рэалізацыі патрабавання БНФ аб прыняцці Закона аб мовах.
І вось тут магло (павінна было!) здарыцца тое, што на гістарычным раздарожжы магло б вывесці Беларусь на іншы, лепшы шлях.
Бураўкін не мог напоўніцу рэалізавацца як дзяржаўны дзеяч у камуністычнай сістэме (хаця пасады міністра і амбасадара шмат для каго былі вяршыняй кар’еры) – беларускасць перашкаджала. Але ён быў адзіным, хто не тэарэтычна, а рэальна мог зрабіцца беларускім Бразаўскасам. Пасля жніўня 1991-га ў ВС-12 за яго прагаласавалі б і камуністы, і апазіцыя БНФ. І ён бы ўжо са сваім талентам пераконваць і шукаць кампрамісы без здрады галоўнаму – здолеў бы ўтрымаць Беларусь ад саскоквання ў прэзідэнцкую дыктатуру. Бураўкін быў бы гэтым шанцам – калі б вясной 1990-га яго не заблакавалі на выбарах у Вярхоўны Савет (прадбачлівасць і інстынкт самазахавання наменклатуры, канешне, уражваюць).
І я рады, што паспеў сказаць пра гэта Генадзю Мікалаевічу (ужо ведаючы дыягназ), і што адчуў, як важна было пачуць яму гэтыя словы.
Але і таго, што зрабіў Бураўкін – хопіць, каб Беларусь памятала яго вечна.
У 2000 годзе Бураўкін разам з Рыгорам Барадуліным, Радзімам Гарэцкім і Анатолем Грыцкевічам быў сустаршынём Усебеларускага з’езда за Незалежнасаць і падпісаў мемарандум, перададзены Радзе Беларускай Народнай Рэспублікі. Гэтак было выказана стаўленне беларускага народа да прарасійскіх ініцыятываў на той момант ужо не легітымнага кіраўніка дзяржавы.
Калі мы кажам пра чалавека: «ён паўплываў на мой лёс» – звычайна перабольшваем, але пра Генадзя Мікалаевіча Бураўкіна я магу сказаць, што ён змяніў мой лёс. Ён быў даўнім і бліжэйшым сябрам майго бацькі, і гэта, канешне, вызначыла характар нашых адносінаў. Ён даў мне некалькі вельмі важных жыццёвых парадаў, якімі я імкнуся кіравацца. Тое, што менавіта ён пазнаёміў мяне з Быкавым – аж у 1975 годзе! – можна лічыць выпадковасцю (хоць тая сустрэча на мяне моцна паўплывала), пазнаёміўся б я з Быкавым так ці інакш. Але вось у 89-ым Бураўкін перацягнуў мяне ў Мінск, фактычна прымусіў пераехаць, знайшоўшы працу. Не кажучы пра астатняе – у іншым выпадку я дакладна не пазнаёміўся б з жонкай – ну і, канешне, не было б на свеце нашай дачкі.
Дзякуй Вам, Генадзь Мікалаевіч, за ўсё.
Крыніца: Сяргей Навумчык, Радыё Свабода
Поддержать проект: |