Адзін са знакавых палітвязняў Алесь Бяляцкі выпушчаны з-за кратаў датэрмінова.

karbalevich

Тут важны не толькі сам факт, але і спосаб вызвалення. Дагэтуль Аляксандар Лукашэнка ўвесь час паўтараў, што ўсе палітзняволеныя могуць выйсці на волю толькі пасля напісання імі прашэння аб памілаванні. Бяляцкі ж нічога не пісаў. Згодна з законам, амністыя на яго не распаўсюджвалася, бо ён лічыўся «злосным парушальнікам рэжыму». Яшчэ раніцай у дзень вызвалення ён збіраўся на працу. Але нечакана ўсё змянілася, яму абвясцілі пра амністыю, спешна вызвалілі і адвезлі на электрычку да Мінска на машыне хуткай дапамогі.

Важна звярнуць увагу і на постаць палітвязня. Алесь Бяляцкі — вядомы дзеяч сусветнага праваабарончага руху. І беларускія ўлады, несумненна, улічвалі міжнародны рэзананс ад яго вызвалення. То бок гэта відавочны палітычны жэст у бок Захаду. У чым яго сэнс?

Апошнім часам мы назіраем прыкметны рост дыпламатычнай актыўнасці афіцыйнага Мінска на заходнім кірунку. Узровень кантактаў быццам бы невысокі, яны носяць больш руцінны дыпламатычны характар. Але звяртае на сябе ўвагу, па-першае, іх інтэнсіўнасць.

А па-другое, і гэта самае галоўнае, яны праходзяць на новым міжнародным фоне, які ўзнік у выніку падзеяў ва Украіне, якія, паводле ацэнак беларускага кіраўніцтва, ствараюць іншы, больш спрыяльны кантэкст для размарожваньня стасункаў з ЕЗ і ЗША.

Ранейшы досвед паказвае, што падчас вострага геапалітычнага супрацьстаяння, міжнароднага крызісу, абвастрэння адносін паміж Захадам і Расіяй на першы план у міжнароднай палітыцы выходзяць пытанні геапалітыкі, а пытанні каштоўнасцяў (правоў чалавека, дэмакратыі, палітзняволеных) адсоўваюцца крыху ўбок. Таму Мінск лічыць, што з геапалітычных меркаванняў ЗША і ЕЗ цяпер у большай ступені гатовыя да размарожвання адносін з беларускім рэжымам.

Грамадзянская вайна ва Украіне стала галаўным болем для Захаду. Узнікае пагроза транзіту газу ў краіны ЕЗ праз украінскую тэрыторыю. І на гэтым фоне беларуская стабільнасьць падвышаецца ў цане не толькі для саміх беларусаў, але і для еўрапейскіх суседзяў.

Яшчэ адзін момант. На тле агрэсіўных дзеянняў Расіі, штодзённых ахвяраў грамадзянскай вайны ва Украіне беларускі палітычны рэжым стаў выглядаць у вачах еўрапейцаў не такім адыёзным, як раней. Апошнія 15 гадоў тут палітычных апанентаў не забівалі. Пуцін пачаў лічыцца «горшым хлопцам», чым Лукашэнка. Усё пазнаецца ў параўнанні.

Акрамя таго, пазіцыя афіцыйнага Мінска па ўкраінскім крызісе істотна адрозніваецца ад палітычнага курсу Расіі. У 2008 годзе, пасля расійска-грузінскай вайны, адмовы Беларусі прызнаць незалежнасць Паўднёвай Асеціі і Абхазіі пачаўся дыялог паміж Мінскам і ЕЗ. І беларускае кіраўніцтва небеспадстаўна спадзяецца, што Захад аддзячыць Аляксандру Лукашэнку за асобую пазіцыю па ўкраінскім пытанні.

Навошта гэтае размарожванне адносін з Захадам патрэбнае цяпер афіцыйнаму Мінску? Па-першае, агрэсія Расіі супраць Украіны напужала Лукашэнку, ён не хоча быць заціснуты паміж двума моцнымі геапалітычнымі цэнтрамі, імкнецца мець трошкі большую свабоду манеўру. Па-другое, трэба крышачку пашантажаваць Маскву, каб тая хутчэй дала абяцаны крэдыт. Па-трэцяе, Мінск хацеў бы атрымаць на Захадзе пазыкі і інвестыцыі, бо расійскіх грошай ужо не хапае. Па-чацвёртае, Лукашэнку псіхалагічна важна мець магчымасць ездзіць у Еўропу, сустракацца з еўрапейскімі палітыкамі. Усе звярнулі ўвагу, з якой асалодай ён браў удзел у інаўгурацыі прэзідэнта Украіны Пятра Парашэнкі ў Кіеве, седзячы ў адным шэрагу з кіраўнікамі іншых дзяржаў. А калі яго атачыў натоўп журналістаў, ён адчуў сябе ў сваёй стыхіі (дарэчы, даўно забытай). Як пастар Шлаг, ён захмялеў ад паветра свабоды. І візіт у Сербію Аляксандр Лукашэнка ўспрыняў падобным чынам, быццам прасек акно ў Еўропу.

Аднак пакуль што разлікі афіцыйнага Мінска не апраўдаліся. Захад па-ранейшаму ўвязвае размарожванне адносін з пытаннем вызвалення палітвязняў. І тады Лукашэнка вырашыў згуляць казырнай картай — вызваліў Алеся Бяляцкага.

Цяпер беларускае кіраўніцтва чакае крокаў у адказ з боку Захаду. І ў залежнасці ад іх будзе вырашаць пытанне аб вызваленні астатніх палітвязняў.

Што можа цяпер зрабіць Захад, каб працэс размарожвання адносін працягваўся, не спыняўся? Адных заяваў афіцыйных асобаў, якія віталі вызваленне Бяляцкага, мала. Патрэбныя нейкія дзеянні. Калі Брусель здыме візавыя санкцыі з шэрагу беларускіх чыноўнікаў, гэта наўрад ці дапаможа. Бо яны не закрануць самога Лукашэнку.

Узгадваецца, як Лукашэнка наведаў Літву ў верасні 2009 года. Той візыт не быў ні афіцыйным, ні нават працоўным. Фактычна гэта была паездка на адкрыццё беларуска-літоўскага эканамічнага форуму і выставы, а з гэтай нагоды адбылася і сустрэча двух кіраўнікоў дзяржаў.

Можа, нешта падобнае арганізаваць і цяпер у якой-небудзь краіне ЕЗ? Ці проста запрасіць пакатацца на лыжах, хоць і не сезон. Ці пагуляць у хакей. І на час такога мерапрыемства ўвесці мараторый на візавыя санкцыі адносна беларускага лідэра. Такі жэст, верагодна, быў бы ацэнены Лукашэнкам. Глядзіш, і астатніх палітвязняў павыпускае.

Крыніца: Валерый Карбалевіч, Радыё Свабода

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект:

Загрузка...