Улетку дэпутаты не прымуць законапраект па наркотыках. Пакуль жа дылеры працягваюць гандляваць спайсамі і маркамі пад выглядам “легалкі”.

Фота REUTERS

Фота REUTERS

Законапраект, накіраваны на ўдар па спайсах, марках і парашках, не будзе прыняты гэтым летам. Дэпутаты не паспяваюць.

У законапраекце прапісанае стварэнне антынаркатычнай камісіі, якая зможа за лічаныя дні забараняць любы сінтэтычны псіхатроп новага пакалення. Сёння ж уключэння рэчыва ў Рэспубліканскі пералік даводзіцца чакаць месяцамі. Гэты час наркагандляры выкарыстоўваюць для распаўсюджвання псіхатропаў пад выглядам так званай “легалкі”.

“Законапраект трапіў да нас на пачатку красавіка. Таму ў дадзеным выпадку мы працуем нават на апярэджанне, ― каментуе сітуацыю удзельнік Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па нацыянальнай бяспецы Васіль Аляксеенка. ― Трэба разумець асаблівасці нарматворчай дзейнасці. Часам праца над адным законапраектам можа цягнуцца да года. У дадзеным выпадку ён можа быць прыняты ў першым чытанні ўжо ў гэтым месяцы”.

Еўрарадыё: “Ці могуць узнікнуць складанасці са стварэннем антынаркатычнай камісіі з-за пагадненняў у межах Мытнага саюза?”

Васіль Аляксеенка: “Не, складанасцяў не ўзнікне. Дадам, што ўсе змены ў законах будуць накіраваныя не на пакаранне, а на папярэджанне праблемы. Хоць тэрміны за парушэнне закона будуць вельмі сур’ёзныя”.

За распаўсюджванне наркотыкаў збіраюцца даваць да 15 гадоў калоніі, як за забойства. А створаная камісія зможа прыраўняць спайсы і маркі да традыцыйных наркотыкаў: напрыклад, гераіну і какаіну.

Законапраект прадугледжвае іншыя неардынарныя меры. Напрыклад, адміністрацыйную адказнасць за спажыванне ― да 10 базавых велічынь. І такіх зменаў ў законапраекце цэлы спіс.

“Мы не дурні, тармазіць закон, але трэба кожны радок адпрацаваць. Кожнае слова мае наступствы”, ― выказваецца дэпутат Палаты прадстаўнікоў Зінаіда Мандроўская.

Па словах Зінаіды Мандроўскай, прапановы па зменах першапачаткова паступілі ў выглядзе ліста. І патрэбна было наноў пісаць закон, узгадняць яго ў шматлікіх інстанцыях. Гэта, натуральна, заняло час.

“У некаторыя прапановы былі зробленыя праўкі, ― працягвае Зінаіда Мандроўская. ― Напрыклад, пытанні выклікала паняцце “наркалабараторыя”. Па адміністратыўнай адказнасці ўнеслі папраўку, што калі чалавек добраахвотна звернецца па лячэнне, то ад адказнасці яго вызваляць. Было страшна, што людзі не пойдуць у бальніцу, спужаўшыся адказнасці, і будуць гінуць”.

Еўрарадыё: “Як будзе працаваць антынаркатычная камісія, на якую і праваахоўнікі, і грамадства спадзяюцца як на панацэю у барацьбе з сучаснымі наркотыкамі?”

Зінаіда Мандроўская: “Гэта будзе структура з трох намеснікаў кіраўнікоў Мінздароўя, МУС і Камітэта дзяржаўных экспертыз. Калі новае рэчыва, якое мае наркатычныя ўласцівасці, нельга аднесці ні да адной базавай структуры, то спецыяльным рашэннем Камісія будзе ўносіць яго у рэспубліканскі пералік. Усё будзе рабіцца хутка. Хутка ― гэта добра, але галоўнае, каб не наламаць дроў”.

5 чэрвеня на сайце TUT.BY з’явіўся крытычны артыкул наконт павольнага прасоўвання зменаў у антынаркатычнае заканадаўства. Упраўленне па наркакантролі МУС, на якое рабілася спасылка, напэўна, мае маральнае права выказваць такое меркаванне.

Калі б не леташнія экстраардынарыя меры супраць опійнага насення маку, а таксама спайсаў і марак, то колькасць наркатычных ахвяраў магла працягваць расці. Хоць і сёння, пакуль антынаркатычная камісія не створаная, людзі гінуць ад “легалкі” штодня ― хто ад перадазіровак, хто ад кіравання транспартам “пад кайфам”, хто ад самазабойстваў… Таму заклікі наркапаліцэйскіх да аператыўнасці не выглядаюць лішнімі.

Крыніца: Еўрарадыё

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект:

Загрузка...