Пра тое, што грошы не смярдзяць (pecunia non olet) нібыта некалі сказаў рымскі цэзар Вэспазіян, які абклаў падаткамі амфарападобныя грамадскія пісуары, дзе збіралася урына для апрацоўкі скур. Трымаючы манету, ціснутую з “смярдзючага” падатку, перад носам сына Ціта (быў супраць такой меры) , Вэспазиян запытаў, ці пахне яна чым-небудзь. Атрымаўшы адмоўны адказ, ён дадаў: Atqui e lotio est (А яны ж – з урыны).

З паўгода таму я разважаў на ФБ, чые івестыцыі – нямецкія ці расейскія – больш спрыяльныя для Беларусі з тэхналагічнага і геапалітычнага гледзішча. Зноў вяртаюся да гэтай ціхай небяспечнай тэмы, калі большасць нашых незалежных папулярных экспертаў занятыя абмеркаваннем магчымых вынікаў апошніх санкцый Еўропы і ЗША.

Валоданне замежнымі грамадзянамі і юрыдычнымі асобамі нерухомасцю ды інфраструктурнымі аб’ектамі ў іншых краінах у працяглай перспектыве – можа аднойчы нечакана “выстраліць” на розных узроўнях грамадства. У Лондане ці Парыжы кітайскія ці расейскія мільянеры, валодаючы элітнай нерухомасцю ў цэнтры сталіц, не могуць унесці трасяніну ва ўстойлівасць дзяржаўнай спаруды гэтых краін. Нацыянальная ідэнтычнасць, нацыянальнацэнтрычная партыйная сістэма, нацыянальная прыватная ўласнасць ды прамая дэмакратыя – надзейныя гаранты тамтэйшай стабільнасці. Іншая рэч – у нас.

Ужо доўгія гады трывожна назіраць, як нават сярэднебагатыя расейскія дзядзькі праз юрыдычныя магчымасці т. зв. Саюзнай дзяржавы лёгка атабарываюцца ў маляўнічых мясцінах пад Браславам, ашчасліўліваюць рабочым месцам тутэйшых на сваёй ферме, якія разам з сціплым парабчанскім заробкам пераходзяць на маскоўскую гаворку і мяняюць Ігара Лучанка на Надзежду Бабкіну. Перавандроўваюць ў “рускі мір”.

Змешаныя пачуцці выклікала нядаўняя выстава Moscow’s Premier International Real ў Маскве ( 25 – 26 ліпеня), пра якую паведамілі беларускія дзяржаўныя СМІ. Карэспандэнты радасна расказвалі пра поспех беларускага шматфункцыянальнага комплекса Minsk World, што будуецца ў сталіцы. Ён, паводле іх сведчанняў, стаў галоўным “стоперам” для наведвальнікаў выставы ў памяшканні “Крокус Экспо”. За гэтыя дні расейскія заяўкі на пакупку камерцыйнай нерухомасці, спецабсталявання, інфармацыйных тэхналогій у Беларусі рэзка падняліся.

Над Беларусяй, ціхай і ветлай, перасталі лётаць еўрапейскія самалёты, скараціўся ўезны турызм, згортваюцца бізнесовыя праекты, Беларусь траціць на сённяшні дзень прыцягальнасць як краіна для супрацоўніцтва. Шырока замахнуўшыся на каня, можаш і па сабе пугай сцебануць… .

У зразумелым эмацыйным шчыраванні нашых палітычных лідэраў-аматараў у Еўропе адносна санкцый можна б было больш акцэнтавана тлумачыць на ўсіх форумах, што беларускі рэжым – арганічны працяг экспансіянісцкага маскоўскага, што нацыянальныя каштоўнасці Ўкраіны і Беларусі сёння – не роўня другой хвалі сучасных еўрапейскіх нацыяналізмаў, што галоўная выніковая кропка прыкладання санкцый – пуцінскі рэжым.
На сёння: інтэнсіўныя расейскія укладанні ў наш край – і дробныя, і буйныя – вельмі моцна патыхаюць гібрыднай нэакаланізацыяй.

Пётра Садоўскі, былы амбасадар Беларусі ў Германіі

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект:

Загрузка...