Год таму зь легендарнага Купалаўскага звольніліся амаль усе вядучыя акторы і мастацкія кіраўнікі: больш за 60 чалавек. Ня маючы сцэны, яны заснавалі незалежную трупу «Купалаўцы» і стварылі 6 арыгінальных спэктакляў. І маюць грандыёзныя пляны на будучыню. Пра цяперашні лёс купалаўцаў расказвае Радыё Свабода.

17 жніўня 2020 году, літаральна за пару тыдняў да 100-годзьдзя Купалаўскага тэатру, быў звольнены генэральны дырэктар Павал Латушка — на загад прэм’ер-міністра.

Пасьля звальненьня Паўла Латушкі ўсьлед за ім сышлі больш за 60 супрацоўнікаў, сярод якіх народныя артысты Беларусі Віктар Манаеў і Зоя Белахвосьцік, мастацкі кіраўнік і рэжысэр Мікалай Пінігін, загадчыца літаратурна-драматычнай часткі Вольга Бабкова, вядучыя акторы і рэжысэры Павал Харланчук, Раман Падаляка і іншыя.

Пасьля масавых звальненьняў у тэатры засталося ўсяго 12 актораў, сярод якіх — народныя артысты Беларусі Генадзь Аўсяньнікаў і Зінаіда Зубкова, заслужаная артыстка Тамара Міронава, зорка сэрыялаў Вольга Няфёдава, якую пазьней прызначылі мастацкім кіраўніком тэатру.

Тэатар доўга быў у прастоі, аднак зімой абвясьціў кастынг новых актораў. Амаль ніхто з мэтраў сцэны, нават з абласных тэатраў, на прапанову не спакусіўся, акрамя студэнтаў Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту культуры і мастацтваў. У сакавіку наваствораная трупа паставіла «Паўлінку», якую цягам месяца паказалі 9 разоў, прымусова зганяючы на паказы працоўныя калектывы.

У лістападзе 2020 году народны артыст Беларусі Віктар Манаеў на пытаньне Свабоды, ці магчыма правесьці кастынг і хуценька набраць новую тэатральную трупу, шчыра і адкрыта зарагатаў.

«Няўжо праўда нехта сур’ёзна гэта ўспрымае? Трупы тэатраў фармуюцца, выкрышталізоўваюцца дзесяцігодзьдзямі. Немагчыма набраць актораў у Нацыянальны тэатар за дзень-два. Нават за месяц-два. Гэта жывы працэс, які вядзецца пры жывой трупе. Дна няма. Тое, што цяпер адбываецца, — гэта бяздоньне. А тэатар — як адбітак усяго, што адбываецца ў краіне», — выказаў меркаваньне Віктар Манаеў.

Ад легендарных «Тутэйшых» і «Паўлінкі» да неўміручага Брэхта

Ужо ўвосень 2020 году зьявілася незалежная тэатральная трупа «Купалаўцы», у якую аб’ядналіся звольненыя акторы. Сцэны трупа ня мела, аднак праекты першага сэзону можна глядзець онлайн на youtube-канале «Купалаўцы».

Першай пастаноўкай «Купалаўцаў» сталі «Тутэйшыя».

«Тутэйшыя» ўпершыню былі пастаўленыя на сцэне Купалаўскага тэатру Мікалаем Пінігіным у 1990 годзе і з посьпехам ішлі да 2007 году. Ня так даўно было вырашана аднавіць спэктакль — пра гэта заявіў тагачасны гендырэктар Павал Латушка, новая вэрсія ў пастаноўцы таго ж Мікалая Пінігіна чакалася ўвосень 2020 году. Таму незалежная трупа «Купалаўцы» пачала менавіта з «Тутэйшых». Паводле задумы рэжысэра, па купалаўскай п’есе здымаецца кіно.

Другім праектам стала «Войцех. Сцэны». У 2017 годзе на камэрнай сцэне ўжо ставілася п’еса Георга Бюхнэра пра гісторыю салдата і трансфармацыю ягонай асобы. У ролі салдата — Аляксандар Казела, над ім доктар ставіць сумнеўныя экспэрымэнты, а капітан зьдзекуецца зь яго. У выніку салдат і тыя, хто зь яго зьдзекуецца, мяняюцца месцамі, галоўны герой забівае блізкага чалавека і ня можа спыніцца. Гэта своеасаблівы спэктакль-перасьцярога.

Трэці праект — спэктакль «Я». У 2019 годзе на сцэне Купалаўскага быў пастаўлены спэктакль «Першы» — пра першыя падзеі, якія адбываюцца ў жыцьці людзей у дзіцячым садку і пачатковай школе. У новым сэзоне незалежная трупа робіць пастаноўку пад назвай «Я», у якой здымаецца моладзь: Раман Падаляка, Міхаіл Зуй, Крысьціна Дробыш, Валянціна Гарцуева.

Да Ўсясьветнага дня тэатру, 27 сакавіка, быў прымеркаваны паказ спэктакля «Страх» — па п’есе Бэртольда Брэхта «Страх і галеча ў Трэцяй імпэрыі». У 1930-х Брэхта пазбавілі нямецкага грамадзянства і вымусілі эміграваць. Але ва ўсіх краінах, дзе пазьней жыў пісьменьнік, нацызм набліжаўся. Тэкст Брэхт пісаў у эміграцыі ў Даніі на падставе газэтных матэрыялаў і расказаў сьведак і ўключыў у п’есу 24 сцэны. «Купалаўцы» скарысталі 9 зь іх. У спэктаклі занятыя амаль усе акторы тэатру, у тым ліку і народны артыст Беларусі Віктар Манаеў.

Не маглі абмінуць купалаўцы і знакамітую «Паўлінку» — візытоўку тэатру. У якасьці вядоўцы выступае сам мастацкі кіраўнік тэатру Мікалай Пінігін. У спэктаклі занятыя зоркі Купалаўскага: Зоя Белахвосьцік, Віктар Манаеў, Ігар Сігаў, Алег Гарбуз.

Спэктакль «Гардэнія» паводле аднайменнай п’есы Эльжбеты Хаванец выйшаў 3 ліпеня. Паставіў спэктакль малады рэжысэр-купалавец Пётар Непагода.

«Купалаўцы LAB» — так называецца новы праект незалежнай тэатральнай групы, у рамках якога артысты паспрабуюць сябе ў новай якасьці. Чатыры жанчыны — Валянціна Гарцуева, Марта Голубева, Крысьціна Дробыш, Антаніна Дубатоўка — чытаюць п’есу. «Экспэрымэнты, імёны, спробы, удачы і падзеньні — усё, што мы хацелі зрабіць, але баяліся паспрабаваць», — такі анонс новай лябараторыі даюць творцы.

Завяршылі свой 101-ы тэатральны сэзон купалаўцы праектам «Я гавару», у якім выканалі песьні на вершы вядомых сучасных паэтаў Віталя Рыжкова, Анатоля Івашчанкі, Вальжыны Морт, Насты Кудасавай, Глеба Лабадзенкі ды іншых.

«Пра пляны на будучыню гаварыць пакуль небясьпечна»

«Наперадзе ў „Купалаўцаў“ шмат плянаў, пра якія пакуль казаць заўчасна і небясьпечна. У праектах стараемся заняць істотную частку трупы: і моладзь, і народных артыстаў», — кажа мастацкі кіраўнік Раман Падаляка.

Некаторыя акторы казалі на ўмовах ананімнасьці, што спрабавалі ўладкавацца ў іншыя тэатры, але існуе негалосная забарона прымаць на працу былых актораў Купалаўскага.

Лёсы актораў склаліся па-рознаму. Хтосьці знайшоў сябе ў новым тэатры ў іншай краіне. Так, купалавец Іван Трус зімой дэбютаваў на сцэне санкт-пецярбурскага Александрынскага тэатру. І ўжо выканаў некалькі роляў (пракурора ў спэктаклі «Суд над Раскольнікавым», Іпаліта Кісьлякова ў п’есе «Таварыш Кісьлякоў») на сцэне знакамітай Александрынкі.

Хтосьці здымаецца ў расейскіх ці ўкраінскіх сэрыялах. Хтосьці эміграваў.

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект:

Загрузка...