Чаму вызвалілі Алеся Бяляцкага? Якіх палітычных мэтаў улады імкнуцца дасягнуць гэтым крокам? Якую рэакцыю Захаду на гэтае вызваленьне можна чакаць?

Сустрэча Алеся Бяляцкага з жонкай Наталляй Пінчук? фота Радыё Свабода

Сустрэча Алеся Бяляцкага з жонкай Наталляй Пінчук, фота Радыё Свабода

Над гэтымі пытаннямі ў «Экспертызе Свабоды» разважаюць намеснік старшыні Праваабарончага цэнтра «Вясна» Валянцін Стэфановіч і рэдактар інтэрнэт-выдання «Наше мнение», палітолаг Валерыя Касцюгова.

Дракахруст: Праваабаронца Алесь Бяляцкі на волі. У студзені сёлета Аляксандар Лукашэнка падчас сустрэчы з кіраўнікамі СМІ зрабіў намёк на тое, што Бяляцкі можа быць вызвалены: ён даў даручэнне сваёй адміністрацыі праверыць інфармацыю, што праваабаронца цалкам кампенсаваў шкоду, якую, паводле меркавання суду, ён нанёс дзяржаве. Тады ж кіраўнік дзяржавы сказаў, што калі інфармацыя пра кампенсацыю шкоды пацвердзіцца, да Бяляцкага можа быць ужытая амністыя.

Пры гэтым неаднаразова гаварылася, што без напісання прашэнняў аб памілаванні тыя, каго Захад лічыць палітвязнямі, з-за кратаў не выйдуць. Але вось Бяляцкі выйшаў і, так выглядае, без прашэння. Чаму, паводле якога юрыдычнага механізму?

Стэфановіч: Вызваленню праз закон аб амністыі была пэўная праўная перашкода — Бяляцкі ў калоніі меў статус «злоснага парушальніка рэжыму», на якіх амністыя не распаўсюджваецца. Хаця тэарэтычна адміністрацыя папраўчай установы магла зняць з яго спагнанне, і тады ён мог быць амніставаны.

Дракахруст: І без прашэння аб памілаванні?

Стэфановіч: А тут прашэнне не патрэбнае. Калі вязень трапляе ў катэгорыю, якая амністуецца, ён выходзіць на волю. Прашэнне патрэбнае толькі для працэдуры памілавання.

Дракахруст: Вы, Валянцін, распавялі пра юрыдычны механізм. Але цяжка меркаваць, што ўлады, вызваляючы кіраўніка праваабарончага цэнтру «Вясна», кіраваліся выключна юрыдычнымі і тэхнічнымі меркаваннямі. Вызваленне палітвязняў — галоўная ўмова паляпшэння стасункаў з Еўразвязам. Але калі казаць пра палітычныя чыннікі, то які тут разлік? Вызваляецца адзін з самых вядомых палітвязняў, але іншыя, у тым ліку і былы кандыдат у прэзідэнты Мікола Статкевіч, застаюцца за кратамі.

Касцюгова: Відавочна, што тут не ідзе гутарка пра тое, што беларуская ўлада карэнным чынам змянілася. Улада проста робіць крок даверу, паказвае, што гатовая да дыялогу. Гэта такі папярэдні жэст.

Дракахруст: Валянцін, а якое вашае тлумачэнне? Ёсьць умова вызвалення ўсіх палітвязняў. У чым сэнс такога палітычнага паслання?

Стэфановіч: Я згодны з меркаваннем Валерыі, што гэты крокам нашы ўлады дэманструюць гатоўнасць да наступных этапаў дыялогу з ЕЗ, дэманструюць добрую волю. Ад Мінска чакалі якіх-небудзь станоўчых крокаў, і ўвесь час гэта падкрэслівалася ў заявах Еўразвязу. Мінск такі крок і зрабіў. Пры гэтым улады, безумоўна, будуць імкнуцца захаваць твар і казаць, што гэта звязана з тэхнічнымі юрыдычнымі момантамі — трапіў пад амністыю і трапіў. Але будзем спадзявацца, што гэта не апошні крок і што і астатнія палітвязні таксама ў хуткім часе будуць вызваленыя.

Дракахруст: Вызываленне Бяляцкага адбылося на фоне беспрэцэдэнтнай дыпламатычнай актыўнасці, надзвычай частых сустрэчаў прадстаўнікоў беларускай і заходняй дыпламатыі, а таксама на фоне драматычных падзеяў ва Украіне.

Якой рэакцыі Захаду на вызваленне Бяляцкага варта чакаць? Умова — вызваленне ўсіх палітвязняў — не выкананая. Але адзін з самых вядомых вызвалены. Што ў адказ? Павітаць крок у правільным накірунку і гэтым абмежавацца? Аслабіць санкцыі, зрабіць нейкі крок у адказ насустрач Мінску?

Стэфановіч: Я думаю, што будзе актывізацыя перамоўнага працэсу, я не думаю, што гэта прывядзе да адмены санкцыяў. ЕЗ патрабаваў вызвалення ўсіх палітвязняў, а не аднаго. Гэта адно надасць дынаміку перамоўнаму працэсу.

Дракахруст: Валерыя, ці можа Захад даць нейкую «морквачку» афіцыйнаму Мінску ў адказ на вызваленне Бяляцкага?

Касцюгова: Мне здаецца, што няма нават спадзявання на нейкі канкрэтны крок у адказ. Дыялог ужо ідзе ў тым кірунку, якога дамагаўся Мінск — пра тэхнічнае супрацоўніцтва, у прыватнасці, па праблемах мяжы.

Зараз Мінск не ставіць задачу зняцця санкцый і палітычнай супрацы з ЕЗ. Зараз размова ідзе аб нармалізацыі стасункаў і найперш у тых пытаннях, якія цікавяць Мінск. Вызваленне Бяляцкага — гэта хутчэй крок у адказ на дыялог, які ідзе, для стварэння больш спрыяльнай атмасферы.

Дракахруст: Аляксандр Лукашэнка — чалавек даволі практычны. Вы хочаце сказаць, што ён вызваляе палітвязня, у яго разуменні страчвае каштоўны актыў, адно за стварэнне больш спрыяльнай атмасферы дыялогу? Яго гэта некалі цікавіла?

Касцюгова: Цікавіла і цікавіць. Я яго не ідэалізую, гэта цікавіць яго менавіта з практычнага пункту гледжання. І рэжым у цэлым, але і яго, як персаніфікацыю рэжыму.

Дракахруст: На фоне таго, што адбываецца ва Украіне, ці магчыма, што Захад «знізіць планку» патрабаванняў да афіцыйнага Мінска?

Касцюгова: Калі вы маеце на ўвазе аслабленне ці зняццё візавых санкцый і скасаванне абмежаванняў на дзейнасць нашых прадпрыемстваў у краінах ЕЗ, то гэта малаімаверна, бо ўмовы не выкананыя.

Дракахруст: Валянцін, а які ваш адказ?

Стэфановіч: Я мяркую, што нашыя ўлады будуць спрабаваць выкарыстаць украінскую сітуацыю ў дыялогу з ЕЗ. І дзіўна было б, калі б яны гэтага не спрабавалі рабіць, бо на фоне таго, што адбываецца ва Ўкраіне, Лукашэнка выглядае чалавекам, які гарантуе стабільнасць унутры краіны, і ўжо не выглядае апошнім «кепскім хлопчыкам» Еўропы, «апошнім дыктатарам Еўропы», як яго часта называлі.

Тое, што адбывалася ў Кіеве пры Януковічу, не ідзе ў параўнанне з тым, што было ў нас 19 снежня 2010 года. Я ўжо не кажу пра сённяшнія падзеі ва Украіне.

Самы «кепскі хлопчык» у Еўропе сёння Пуцін, а не Лукашэнка. Таму, напэўна, нашы ўлады будуць спрабаваць атрымаць з гэтага чынніку нейкія дывідэнды. Але я не палітолаг і не дыпламат, я праваабаронца. Мой інтэрас — каб людзі, якія зараз знаходзяцца за кратамі, былі вызваленыя як мага хутчэй. А ўжо як гэта адбудзецца — гэта не так істотна.

Крыніца: Радыё Свабода

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект:

Загрузка...