Вануглік, гак, гамон, бядзяўка — усімі гэтымі сапраўды «моцнымі» беларускімі словамі можна бяспечна карыстацца, пакуль нашыя заканадаўцы не перанялі досвед расейскіх калегаў. І не вывучылі дасканала беларускую мову.

Ілюстрацыя Радыё Свабода

Ілюстрацыя Радыё Свабода

З 1 ліпеня ў Расіі забаронена ўжываць лаянку ў СМІ, кіна- і тэатральных пастаноўках, канцэртах і выставах. Кнігі і дыскі, тэкст якіх утрымлівае нецэнзурныя словы, будуць прадавацца ў адмысловай упакоўцы з папярэджаннем. Вырашаць лёс таго ці іншага твора давераць спецыяльный камісіі.

Дзякуючы папраўкам ў закон «Аб дзяржаўнай мове» Расія рызыкуе страціць вялікую частку свайго культурнага здабытку. Запакаванымі як порначасопіс давядзецца купляць творы Віктара Пялевіна і Уладзіміра Сарокіна. Група «Ленінград» пазбавіцца канцэртных пляцовак, альбо будзе выплочваць штрафы, якія для першага разу складаюць ад 40 да 50 тысяч расійскіх рублёў. За паўторную лаянку са сцэны дзейнасць групы прыпыняецца на тэрмін ад аднаго да трох месяцаў.

Першымі ахвярамі закона сталі самыя прыкметныя. Сёлетні прызёр Канскага фестывалю фільм Андрэя Звягінцава «Левіафан» хутчэй за ўсё не трапіць у расійскі пракат. Рэжысёра папрасілі прыбраць са стужкі сцэны з лаянкай. Але ён адмовіўся.

Усё, што было апублікавана і выйшла ў пракат да 1 ліпеня 2014 году, пад новы закон не падпадае. Праўда, пакуль няясна, ці тычыцца гэта пазнейшых перавыданняў.

Заканадаўчае новаўвядзенне смела можна адносіць да разраду дзяржаўнай цэнзуры. Артыкулу за дробнае хуліганства ў крымінальным кодэксе расійскім уладам ужо недастаткова.

У Беларусі ўсё, што магло пагражаць дзяржаўнаму ладу і густу, знікла са сцэнаў, экранаў і канцэртных пляцовак яшчэ на пачатку XXI стагоддзя. За моцнае слова ў Беларусі караюць даўно і шырока. Па артыкуле 17.1 КоАП на сутках адседзелі бадай тысячы.

Дасведчаныя выдаўцы распавядаюць, што кожную беларускую кнігу, якую прыносяць у дзяржаўную кнігарню, дырэктары праглядаюць на наяўнасць двух словаў: «дупа» і «Лукашэнка». Пра іншыя словы ўжо няма і гаворкі.

Ахвярай беларускай цнатлівасці на дзяржаўным узроўні стаў Сірошка Пістончык (творчы псеўданім Сяргея Прылуцкага). Раз-пораз у вершах Пістончыка сустракаюцца гарачыя слоўцы. Там, дзе яны адпавядаюць сітуацыі, — тлумачыць Сяргей. Але выдаваць кнігу «Йопыты» у Беларусі давялося самвыдатам:

«Выдаўцы разумелі, што як толькі выдадуць такую кнігу, то Чаргінец і кампанія падымуць гвалт, і яны пазбавяцца ліцэнзіі, — распавядае аўтар. — А ўжо апошнюю кнігу „Дэгенератыўны слоўнік“ я выдаваў ва Украіне. У Беларусі нават не было такой магчымасці».

Сяргей Прылуцкі ўпэўнены, што калі ў Беларусі захацелі паўтарыць поспех расійскіх заканадаўцаў — ніхто б не пікнуў.

«Вельмі моцны аргумент, што ў беларускай мове ці ўкраінскай няма слова з трох літар, — кажа Сяргей. — Ну як жа яго няма, калі столькі людзей ім карыстаецца?! Мацюк — гэта ж не проста нейкае смецце, ад якога трэба пазбаўляцца. Гэта сродак выяўлення моцных эмоцый. Ён выкарыстоўваецца не кожны дзень, не часта, але гэта мова. Як можна забараняць частку мовы?», — пытаецца пісьменнік.

«Забараняй — не забараняй, а калі ў жыцці будзе фігова, чалавек так і скажа, — зазначае культуролаг Максім Жбанкоў. — Змагацца са словам няма ніякага сэнсу. Лепш змагацца з тымі сітуацыямі і жыццёвымі стасункамі, якія гэтыя словы нараджаюць».

«Прыняцце ж закона не азначае, што мацюкі знікнуць з жыцця. Проста кніжкі, якія змяшчаюць пэўную лексіку, адыйдуць у глыбейшае падполле, самвыдат. Калі цяпер яны яшчэ сустракаюцца на кніжных паліцах, то зараз будуць выцесненыя на яшчэ большы маргінэс», — папярэджвае Сяргей Прылуцкі.

Аднак для беларускай культуры забарона на лаянку магла б мець і пазытыўны ўплыў — перакананы выдавец твораў Рыгора Барадуліна і вядоўца курсаў беларускай мовы «Мова Нанова» Глеб Лабадзенка:

«Дзядзька Рыгор часта звяртаўся у сваіх творах да моцных словаў. Але відавочна гэта ніколі не была расійская лаянка. Гэта былі народныя беларускія словы, якія ён чуў на Вушаччыне. Натуральна, калі б у нас забаранілі расійскую лаянку, я б толькі парадаваўся, — кажа Глеб. — Але я не ведаю, як тады будуць размаўляць паміж сабой, напрыклад, міліцыянты. Напэўна на пальцах, ці сурдаперакладчыкаў наймалі б».

Лабадзенка распавядае, што беларуская лаянка ў наведнікаў моўных курсаў надзвычай запатрабаваная:

«У нас на курсах „Мова Нанова“ быў спецыяльны занятак, прысвечаны тэме „Лаянка“. Ён праходзіў пад лозунгам „Не расійскаму мату!“ Не будзем строіць з сябе цнатліўцаў: часам нехта з нас ужывае моцнае слова. Калі такія моманты здараюцца, лепш ўжываць беларускае. Што самае дзіўнае: калі мы правялі апытанку па выніках першага семестру, то заняткі „Лаянка“ занялі першае месца па водгуках сярод студэнтаў. Вось і адказ на пытанне: трэба гэта ці не трэба. Людзі самі гавораць: так, нам гэта цікава. Значыць, трэба навучыць іх лаяцца прыгожа і вытанчана», — кажа выкладчык.

Аматары папрактыкавацца ў мове стварылі ў Вконтате суполку «Сапраўдная беларуская лаянка», каб лаяцца па-беларуск. А калісьці моўны энтузіяст, а ў жыцці паспяховы архітэктар Вадзім Пракопчык даслаў на конкурс Свабоды постэр з беларускай лаянкай.

«Беларуская лаянка і мацюкі — рэчы розныя. Мацюк — выключна расійскі прадукт. Так што такім чынам (забараніўшы расійскую лаянку) мы б абаранілі свой „рынак“, сваю культурную прастору. Я уважаю мацюкі за смецце. Без мацюкоў мы пражылі б цудоўна. Закон жа не можа рэгламентаваць паводзіны на кухні, у машыне ці ў прыбіральні. А ў грамадскіх месцах — можа. Хто хоча ў сваёй прыватнай прасторы сабе пад нос мацюкацца — хай мацюкаецца. Я не бачу тут праблем», — кажа Вадзім, падтрымліваючы ідэю забароны расійскай лаянкі.

Беларуская ж лаянка, па меркаванні Вадзіма, зусім іншая справа.

«Такая, як, скажам, у Якуба Коласа ў „Новай зямлі“ — гэта ж перачытваць і перачытваць. Гэта не бруднае ці паскуднае нешта. Гэта амаль пяшчота! Я памятаю, як яшчэ ў школе гэта зразумеў», — тлумачыць ён.

«Калі б гэтыя словы забаранілі, беларускамоўных людзей гэтая забарона кранула б найменш, — Глеб Лабадзенка ставіць кропку ў нашай спробе ўявіць, як бы такі закон дзейнічаў у Беларусі. — Яна б найперш кранула людзей, якія карыстаюцца расійскай лаянкай. Я не супраць таго, каб расійскую лаянку ў Беларусі забаранілі. Магчыма, гэта нарадзіла б цікавасць да незаслужана забытага пласта нашай мовы».

Крыніца: Радыё Свабода

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект:

Загрузка...