З 12 чэрвеня да 13 ліпеня на палях Бразіліі пройдзе 20-ы чэмпіянат свету па футболе.
brazilfan140611

Навукай даказаны факт: падчас мундыялю эфектыўнасць працы ва ўсім свеце падае. Людзі чакаюць матчаў, абмяркоўваюць іх, робяць стаўкі, спрачаюцца. У такія дні не да працы. Чэмпіянат свету па футболе працягвае заставацца самай грандыёзнай падзеяй для чалавецтва.

Сёлета чэмпіянат пройдзе ў Бразіліі. Збітая фраза, але для гэтай краіны футбол — гэта рэлігія. Ёсць такі анекдот, што бразільскія бацькі палохаюць дзяцей: «Калі будзеш кепска гуляць у футбол, пойдзеш ва ўніверсітэт». Праўда, футбольная Бразілія ўжо не тая. Галоўны рэдактар «Прессбола» Сяргей Кайко напісаў, што «Нэймар у ролі галоўнай зоркі зборнай Бразіліі — гэта кпіна з вялікіх гульцоў мінулага».

Маўляў, няма новых Пеле і Рамарыа, даводзіцца абыходзіцца не самым зорным Нэймарам. Тым не менш, букмекеры ўсё адно ставяць гаспадароў галоўным фаварытам.

Цікава, але ў Бразіліі гучаць тысячы галасоў людзей, якія катэгарычна выступаюць супраць першынства. Маўляў, вы спачатку парадак у фавэлах (трушчобах) навядзіце ды са злачыннасцю разбярыцеся (паліцыя не абяцае турыстам бяспекі), а потым ужо мундыяль ладзьце. Дый эканоміка бразільская не самая ўстойлівая. Не так даўно мясцовы рэал дэвальваўся да даляра на 20%. Таму і пратэсты перад чэмпіянатам праходзяць вельмі шматлікія.

fuleka140611
Фулека — афіцыйны талісман ЧС. Гэта браняносец у традыцыйных колерах Бразіліі — зялёным, жоўтым і сінім. Імя Фулека (Fuleco) утварылася ад Fu (futebol, футбол) і leco (ecologia, экалогія).

Спартовыя спаборніцтвы — задавальненне не таннае. Еўрапейскія краіны апошнім часам усё часцей адмаўляюцца ад мундыяляў і алімпіяд, а прымаюць іх у сябе багатыя на энерганосьбіты краіны. Расія і Катар ужо рыхтуюцца да правядзення чэмпіянатаў 2018 і 2022 адпаведна. А Казахстан можа прыняць зімовую Алімпіяду — 2022.

Але вернемся да футбола. Хто яшчэ фаварыты, апроч бразільцаў?

Канечне, іспанцы! Вялікая каманда: яны выйгравалі два апошнія Еўра і адзін мундыяль. Немцы, якім ужо шмат гадоў бракуе крышачку-крышачку. Аргенцінцы з геніяльным Леа Месі. Сюрпрызныя бельгійцы і абяскроўленыя стратай Рыберы французы. А яшчэ італьянцы, англічане і ўругвайцы. Футбола будзе шмат: кожны мусіць знайсці каманду на свой густ.

maracana140611
«Маракана» — стадыён у Рыа-дэ-Жанейра, дзе 13 ліпеня пройдзе фінальная гульня. Умяшчальнасць — 78 600 гледачоў. Доўгі час быў самым вялікім стадыёнам свету. На гэтым стадыёне ўжо праходзіў фінал чэмпіянату свету 1950 года, калі Уругвай выйграў у фінале Бразілію.

Крыніца: Наша ніва

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект:

Загрузка...