Ірына ХАДАРЭНКА

Гісторыя развіцця айчыннага партызанскага руху пачынаецца задоўга да часоў Другой сусветнай вайны, калі ён набыў рэгулярны і ўсеабдымны маштаб, міжволі становячыся адным з агульнапрызнаных маркераў беларускай нацыі.

Яшчэ ў сярэдзіне XVII стагоддзя, падчас акупацыі беларускіх земляў войскам Масковіі, названай Крывавым патопам, нашыя продкі зведалі нямала гора ад агрэсіўных суседзяў. Навалач з Усходу адбірала ў мясцовых жыхароў грошы і зброю, коней і хлеб, насенне і кухоннае начынне, гвалціла і забівала тутэйшы люд. У адказ на гэта летам 1654 года на Смаленшчыне, Мсціслаўшчыне, Полаччыне, Магілёўшчыне, Віцебшчыне сталі ўзнікаць сялянскія групы самаабароны, а па сутнасці – першыя партызанскія атрады. Як сведчаць гісторыкі, атрады налічвалі ад некалькіх соцень да трох тысяч чалавек, былі ўзброены халоднай і агнястрэльнай зброяй, мелі сцягі. Партызаны (паводле тагачаснай маскоўскай тэрміналогіі – “шышы”) не толькі атакавалі захопнікаў, але і неслі пагрозу тым калабарантам, якія прысягалі маскоўскаму цару.

Адзін з першых такіх атрадаў быў створаны пад кіраўніцтвам Яўхіма Патапава ў Мсціслаўскім павеце, які, паводле існуючых звестак, пачаў выступаць супраць ворагаў яшчэ ў перыяд так званай Смаленскай вайны 1632-1634 гг. Ужо на другі дзень пасля падыходу маскоўскіх войскаў да Мсціслава, а менавіта 18 ліпеня 1654 года, Патапаў «сабраўся з многімі людзьмі», напаў на маскоўскіх ратнікаў і ўчыніў ім страты. Вядома, што атрад Патапава меў сваю харугву, дасланую Радзівілам, у ім ваявала больш за 3 тысячы сялян і 15 шляхцічаў. Вясной 1655 года актыўнасць “шышоў” набыла такі размах, што дзеля нейтралізацыі яе з Масковіі быў дасланы атрад карнікаў пад кіраўніцтвам ваяводы Шчарбатава. У чэрвені 1655-га Яўхім Патапаў, разам з паплечнікамі (Кажахоўскім, Кісялёнкам, Іўлеевым, Мілюціным і інш.) патрапіў у палон да маскоўскага ваяводы Сонцава.  

Адметную партызанскую актыўнасць прадэманстравалі жыхары Магілёўшчыны на шостым годзе акупацыі, калі мясцовае войска разбіла маскавітаў на рацэ Басі. Пазней, пасля таго як стральцы абрабавалі на рынку магілеўскіх пякарак, цярпенне ў магілеўцаў скончылася. Паводле загаду магістрата, жыхары, у дамах якіх жылі маскавіты, выкруцілі з іхніх стрэльбаў крэмні. Мужчыны даставалі са сховаў падрыхтаваную загадзя зброю. У шматтысячным горадзе не знайшлося ніводнага здрадніка, і захопнікі да апошняй хвіліны нічога не ведалі. 1 лютага 1661 года бурмістр Язэп Левановіч, што кіраваў падрыхтоўкай паўстання, з крыкам “Пара!”  выхапіў шаблю і кінуўся на стральцоў. Паўстанцам дапамагалі вызваленыя з астрога палонныя жаўнеры. За некалькі гадзін царскі гарнізон быў знішчаны самаарганізаваным партызанскім атрадам. Ад шабляў і куляў магілеўскіх мсціўцаў загінула каля сямі тысяч захопнікаў. У гонар паўстання Магілеву быў нададзены новы герб: тры вежы на блакітнай асноведзі і збройны рыцар у браме пад  выяваю “Пагоні”.

Новыя этапы развіцця партызаншчыны адбыліся падчас паўстанняў пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касцюшкі і Кастуся Каліноўскага. У чарговы раз нашчадкі славутых ліцвінаў баранілі сваю зямлю ад усходніх агрэсараў.

Варта адзначыць, што здаўна не толькі мужчыны адважна  змагаліся з ворагам, але і жанчыны. Гісторыя захавала для нас імя графіні Эміліі Плятэр, якая вясной 1831 года стварыла і ўзначаліла партызанскі атрад, а таксама была ўганаравана званнем капітана. Між іншым, у яе атрадзе было нямала дзяўчат.

У пачатку мінулага стагоддзя пісьменніца Алаіза Пашкевіч (Цётка) далучылася да арганізацыі рэвалюцыйных гурткоў, напісанню палымяных пракламацый супраць прыгнёту і ўдзелу ў антыдзяржаўных маніфестацыях. Таксама адной з найбольш яскравых падпольшчыц і палітыкаў таго часу была Палута Бадунова, растраляная падчас хвалі рэпрэсій ў 1938 годзе.

У перыяд Другой сусветнай вайны ў партызанскім руху, толькі згодна з афіцыйнымі падлікамі, прымала ўдзел агулам каля 375 тысяч жыхароў Беларусі, шостую частку з якіх складалі жанчыны.

Прага адстойваць свой гонар і смела выступаць супраць гвалту адрадзілася ў новай форме падчас чарговых пратэстаў, што распачаліся летам 2020-га. Нечакана аказалася, што сярод пратэстоўцаў, якія не жадаюць мірыцца з дыктатурай, пераважае жаночае аблічча. Зразумела, што ніхто мэтанакіравана не вучыў іх, як бараніць сябе і супрацьстаяць бандытызму. Ніхто нават як след не тлумачыў людзям, з чым ім давядзецца сутыкнуцца…

Нягледзячы на тое, што сучасны пратэстны рух у Беларусі пачаў акрэслівацца яшчэ з 90-х гадоў мінулага стагоддзя, большасць тых, хто апошнім часам паўстаў супраць бандытаў і тэрарыстаў, аказалася не падрыхтаванай да доўгатэрміновай барацьбы. Да таго ж, у насельніцтва адсутнічала магчымасць весці ўзброеннае супрацьстаянне і перацягнуць на свой бок прадстаўнікоў сілавых структур, якія па-ранейшаму працягваюць садзейнічаць панаванню хунты ці нават з’яўляюцца ейнай часткай.

Сучасны свет вымагае сучасных формаў рашэнняў праблем. Тыя метады і тактыкі, якімі кіраваліся партызаны і падпольшчыкі тры-чатыры стагоддзі таму, відавочна не будуць цалкам адпавядаць рэчаіснасці ХХІ стагоддзя, у якім перавага аддаецца гібрыдным войнам. Разам з тым, чалавечая сутнасць застаецца амаль нязменнай, нягледзячы на змены эпох, таму карысна ўлічваць досвед папярэднікаў. 

Тыповыя памылкі змагання з акупацыйнай уладай і рэжымным гвалтам у гарадскіх умовах дэталёва разглядаў яшчэ славуты рэвалюцыянер Карлас Марыгела ў кнізе “Бразільская гэрылья”. Вось як ён акрэслівае сем грахоў гарадскога партызана:

  1. Першым грахом гарадскога партызана з’яўляецца нявопытнасць. Аслеплены гэтым грахом, гарадскі партызан думае, што вораг дурны. Ён недаацэньвае эфектыўнасць выведкі супрацьлеглага боку, мяркуе, што ўсё не так ужо і складана. З-за сваёй недасведчанасці гарадскі партызан можа таксама і пераацаніць сілы ворага, думаючы, што ён мацней за тое, што ёсць на самай справе. Дазваляючы абдурыць сябе гэтым меркаваннем, гарадскі партызан становіцца запалоханым, знаходзіцца ў небяспечнай нерашучасці, паралізаваным і пазбаўленым смеласці.
  2. Другі грэх гарадскога партызана – гэта хвальба адносна акцый, якія ён правёў, распавядаючы пра іх усім, каму заўгодна, і ігнаруючы пытанні інфармацыйнай бяспекі.
  3. Трэці грэх гарадскога партызана – ганарыстасць. Гарадскі партызан спрабуе здзяйсняць пэўную равалюцыйную актыўнасць ў горадзе, але разам з тым не турбуецца адносна ўзнікнення і замацавання партызан у сельскіх раёнах і на перыферыі. Апанаваны поспехам, ён ладзіць акцыю, якую разглядае як вырашальную, і выдаткоўвае на гэта ўсе сілы і рэсурсы арганізацыі. Аднак, нельга заўчасна святкаваць перамогу, бо мы заўсёды можам здзейсніць фатальную памылку, якая дазволіць ворагу скарыць нас некалькімі вырашальнымі ўдарамі.
  4. Чацвёрты грэх гарадскога партызана заключаецца ў перабольшванні ўласных сілаў і ажыццяўленні праектаў, на якія яму гэтых сілаў не хапае і для якіх ён яшчэ не мае адпаведна выпрацаванай інфраструктуры.
  5. Пяты грэх гарадскога партызана – заўчасная акцыя. Нярэдка гарадскі партызан губляе цярпенне, у яго адбываецца нярвовы зрыў, ён не вытрымлівае столькі часу, колькі неабходна, і неадкладна кідаецца здзяйсняць дзеянні, якія ў выніку прыносяць толькі няўдачу.
  6. Шосты грэх гарадскога партызана выяўляецца ў нападзе на ворага ў момант найбольшага раздражнення.
  7. Сёмы грэх гарадскога партызана заключаецца ў хаатычных імправізацыях, а не планавым правядзенні акцый.

Зірніце на характар масавага беларускага пратэсту ў 2020-2021 гг. і вы пераканаецеся, што яму ўласцівыя амаль усе вышэйзгаданыя хібы. Наіўны разлік на хуткую перамогу з мінімальнымі выдаткамі і без дакладнага плану дзеянняў у выніку прывёў да катастрафічнага ўзмацнення рэпрэсій, тысячаў арыштаў і сотняў калецтваў удзельнікаў мітынгаў, хвалі страшэнных катаванняў затрыманых, і, што найгорш, да смерці шэрага нявінных грамадзян.

У ліберальных СМІ ўсяляк раскручваецца меркаванне, што толькі негвалтоўны супраціў з’яўляецца найбольш эфектыўным у барацьбе з дыктатурай, і што нібыта актыўнага ўдзелу ў пратэстах 3,5% ад агульнай колькасці насельніцтва ўжо дастаткова, каб перамагчы рэжым. Насамрэч гэтыя модныя ідэалагемы абвяргаюцца гістарычнымі фактамі.

Вядома, што негвалтоўны супраціў не дапамог вырашыць праблемы ні з нацысцкім рэжымам у Германіі, ні ў барацьбе супраць А. Піначэта, С. Хусэйна, М. Кадафі, Н. Мадура і шмат каго яшчэ. Больш за тое – негвалтоўны супраціў вельмі часта суправаджаецца значнай колькасцю ахвяр сярод пратэстоўцаў. Таму разглядаць такую форму барацьбы варта ў спалучэнні з іншымі, значна менш прывабнымі з пункту гледжання пацыфізму, сродкамі.

Мы не верым ў тое, што пры поўным калапсе прававой сістэмы перамагчы дыктатарскі рэжым можна выключна законнымі метадамі, і не падзяляем мазахісцкія ідэі наконт таго, што “няхай лепш пральецца наша кроў, а не кроў ворага” і “няхай загінуць сотні такіх, як я, але запануе ісціна” (Махатма Гандзі), або “калі цябе ўдарылі па правай шчацэ – паднясі і левую” (Евангелле ад Матфея). Але адначасова нам абсалютна не хочацца, каб кагосьці арыштоўвалі і падвяргалі здзеку за нібыта экстрымісцкія ўчынкі, таму тут мы не будзем даваць парады кшталту таго, якім чынам паралізаваць рух грамадскага транспарту, паліць міліцэйскія машыны і помсціць карнікам (гэта, пры жаданні, вы зможаце знайсці ў іншых інфармацыйных крыніцах). Бо наша мэта на бягучым этапе – падтрымаць людзей у іх законным праве бараніць сябе, свой гонар і свае правы.

Як справядліва казаў Гётэ, толькі той варты жыцця і свабоды, хто кожны дзень ідзе за іх на бой.  Гэта азначае, што немагчыма, змагаючыся з дыктатурай, у пэўны момант сесці на пянёк, каб з’есці піражок. За гэты момант вораг можна зрабіць такую ракіроўку, якая скасуе ўсе папярэднія дасягненні.

Дзеля чаго далучацца да барацьбы, калі тутэйшая большасць навокал прызвычаілася пасіўна зносіць знявагу і дзесяцігоддзямі прыстасоўвалася да абставінаў? Па-першае, ва ўсе эпохі сацыяльныя зрухі ў грамадстве адбываліся дзякуючы актыўнай пасіянарнай меньшасці (10-12%), якая не баялася браць на сябе адказнасць. Абывацелі будуць чакаць, пакуль нехта падасць ім прыклад, як дзейнічаць. Такім прыкладам можаце стаць вы самі. Па-другое, ніхто не абавязаны слепа давяраць прапаведнікам рознага кшталту і ісці за няўцямнымі правадырамі, якія самі дакладна не ведаюць, куды скіраваны іхні шлях, бо варта абараняць найперш сваю годнасць і права “людзьмі звацца”, а гэта каштуе дорага. І па-трэцяе, незалежна ад таго, да якой канфесіі вы належыце (або не належыце наогул), паўтарайце сам-насам словы з “Патрыятычнага малітвенніка” Вацлава Ластоўскага: “І памяць аб cтрачанай намі свабодзе свеціць нам у паняволенні нашым, і няволя не пагасіла ў нас жадання свабоды”. 

На пэўным этапе можна міжволі прыйсці да думкі, што ўся барацьба мізэрная і асабіста вы ўжо не здолееце супрацьпаставіць пачварнай Сістэме нічога значнага, тады ў якасці матыватара на дапамогу прыходзіць старая афрыканская прыказка: “Калі вам падаецца, што ад вашых намаганняў нічога не залежыць, паспрабуйце заснуць у зачыненым пакоі, дзе лётае камар”.

Самаабарона, салідарнасць, супраціў – вось тыя “тры чарапахі”, на якіх у першую чаргу мусіць трымацца грамадзянская супольнасць Беларусі ў цяперашніх умовах.

Пра аўтара. Ірына Хадарэнка – пісьменніца, навукоўца, выпускніца Усходне-Еўрапейскай Школы палітычных даследаванняў пры Радзе Еўропы, прэзідэнт Беларускай асветніцкай Лігі Амерыкі.

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект:

Загрузка...