Вайна ва Украіне адсунула на другі план усе астатнія праблемы, якімі жывуць беларусы. Але ад гэтага яны не перасталі існаваць. Бо можна прасачыць прамую ўзаемасувязь паміж саўдзелам Беларусі разам з Расеяй ў ваеннай агрэсіі ва Украіне, і тэрорам, гвалтам, рэпрэсіямі супраць уласнага народа.

Паколькі заўсёды бывае так, што знешняя палітыка наўпрост выцякае з унутранай, з’яўляецца яе прамым следствам. Калі увесь змест унутранай палітыкі зводзіўся да няспыннай вайны з уласным народам, то не дзіва, што беларускі рэжым на пару з расейскім не пазбег спакусы паваяваць з суседзямі – украінцамі. Было б жаданне, а прычыну для гэтага заўсёды можна знайсці.

Але, падобна на тое, што Акела моцна прамахнуўся і пачынае паціху адпаўзаць ад вайны знешняй, дэзавуяваць у ёй свой удзел. Як гэта атрымаецца ў рэжыма, паглядзім. Падаецца, што пераабуцца на хаду гэтым разам будзе значна больш складана. Яшчэ і таму, што цяжка ўвесці ў зман міжнародную супольнасць у той час, калі не спыняецца, а робіцца яшчэ больш жорсткай вайна з уласным народам. Прынамсі, той яго часткай, якая прадстаўлена працоўнымі.

Красамоўным індыкатарам сітуацыі тут з’яўляецца крытычнае становішча незалежных прафсаюзаў. Ціск і рэпрэсіі супраць нашых арганізацый і іх сябраў набылі апошнім часам такую дынаміку, якой мы не адчувалі ніколі за ўсю гісторыю свайго існавання. Нашыя калегі раз за разам падвяргаюцца звальнням, адміністрацыйным арыштам, супраць іх узбуджаюцца крымінальныя справы. На мяжу існавання пастаўлены асобныя, яшчэ ўчора шматлікія, суполкі.

Характэрны прыклад – лёс незалежнага прафсаюза ААТ “Нафтан”. На лідэра прафсаюза Вольгу Брыцікаву вядзецца сапраўднае паляванне. Заканчваецца 45-дзённы тэрмін адміністрацыйнага арышту Вольгі, і далёка не факт, што на гэтым яе пераслед будзе спынены.

Сістэмнымі зрабіліся затрыманні і вобшукі у другіх актывістаў незалежнага прафсаюза. А на сябраў прафсаюза аказаваецца такі шалёны ціск, што ад больш чым паўтысячнай арганізацыі засталіся літаральна адзінкі. Мала таго, што пад пагрозай звальненняў і пакаранняў людзей прымушаюць зыходзіць з прафсаюза, дык пры гэтым патрабуюць падпісваць паперы, што яны яго пакінулі. Далей – болей. Пайшлі ўжо па другому колу і прымушаюць паўторна падпісваць паперы, што работнікі не знаходзяцца ў незалежным прафсаюзе. Калі гэта не маразм, то што?

Такі ж маразм адбываецца на ААТ “Гродна Азот”. Там сябраў незалежнага прафсаюза выклікаюць на прахадную, дзе супрацоўнікі КДБ адбіраюць у іх тэлефоны з мэтай выяўлення наяўнасці ў іх ўладальнікаў так званых “экстрэмісцкіх” рэсурсаў з адпаведнай пагрозай пакарання. Не застаюцца па-за увагай адміністрацый, праваахоўных органаў і спецслужбаў сябры Свабоднага прафсаюза металістаў, Свабоднага прафсаюза Беларускага, прафсаюза РЭП. Ціск з патрабаваннямі зыходу з арганізацый, звальненні, адміністрацыйныя пакаранні і ўзбуджэнні крымінальных спраў зрабіліся нормай і іх існавання.

Два месяцы таму я правёў палову дня ў КДБ. Разумееце самі, за такі час аб многім можна пагаварыць, многае перацерці з тымі, хто мяне туды выклікаў. Няма сэнсу пераказваць увесь змест размовы. Адзначу толькі, што я пастараўся скарыстацца нагодай, каб выказаць усё, што думаю аб тым, што адбываецца ў краіне. Папярэдзіў суразмоўцу, што, запусціўшы ў краіне канвеер тэрору, гвалту і рэпрэсій, яго арганізатары літаральна ўзграмаздзіліся на парахавую бочку.

Бо гэта не завадскі канвеер, які ў любы момант можна спыніць. Запушчаны канвеер тэрору спыніць немагчыма, нават нельга прыпыніць без рызыкі для таго, хто яго ўзяў на ўзбраенне. Таму ў гісторыі мы ведаем мноства выпадкаў, калі бясконцы тэррор і гвалт заканчваліся выбухам народнага паўстання. А спалучэнне ўнутранай вайны з народам з удзелам у вайне знешняй сур’езна падвышае пагрозы такога выбуху. Гэта ўжо гульня ў рускую рулетку.

Аляксандр Ярашук

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект:

Загрузка...