Пакуль прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі хакея Рэнэ Фазэль зачыняў сваёй прамовай на Мінск-Арэне чэмпіянат свету па хакеі ў Мінску, у Зоне гасціннасці ля Палаца спорту толькі распачыналася сапраўднае святкаванне апошняга дня. Пасля каля 23 гадзін нядзелі народ плынямі цёк да Мінскага замчышча. Праспект запаланілі машыны са сцягамі Расіі — заўзятары святкавалі перамогу сваёй зборнай.

4351225297a77a0beb26e737ddc8a379_w900_h600_q95

Зона гасціннасці прымала ўсіх. Са сцэны скандавалі «Бе-ла-русь», потым «Ра-сі-я!», потым нехта казаў, што трэба «Любіць сваю Радзіму, быць патрыётам і цаніць…». Піва лілося рэкамі. Чэргі па яго ў Зоне гасціннасці, здаецца, былі заўсёды. Народ абляпіў усё ўзбярэжжа Свіслачы і чакаў фінальнага салюта. Фанаты зборнай Расіі браталіся з мінакамі, высоўваліся з вокнаў машын і проста адрываліся.

Здавалася, што ў гэтую апошнюю ноч усе госці ЧС у Мінску, якія яшчэ засталіся, былі тут. Атмасфера нагадвала карнавал з морам алкаголю, гарачымі дзеўкамі ў кароткіх спадніцах і танцамі паўсюль. На кароткі момант падалося, што ў Мінск сапраўды завітаў супярэчлівы подых вольнасці…

Але гэты подых развеяўся, як дым пасля салюта адразу пасля сканчэння канцэртнай праграмы. Сотні людзей, здаецца, святкавалі б і да раніцы, але спецназ пачаў зачышчаць Зону гасціннасці ля Палаца спорту і адцясняў людзей у бок Нямігі. Былі выпадкі, калі людзей жорстка білі за тое, што яны не хацелі сыходзіць са святочнага замчышча.

А 3.32 шэраг спецназаўцаў адціснуў людзей да метро. З мегафона патрульнай машыны чуліся заклікі «не парушаць грамадскі парадак, не затрымлівацца на ходніках і ачысціць Зону гасціннасці для прыборкі». Мінскія досвіткавыя праспекты праглынулі апошніх неспакойных заўзятараў. Чэмпіянат скончыўся. Сёння панядзелак і першы працоўны дзень без яго.

Крыінца: Наша Ніва

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект:

Загрузка...