Усе жыхары нашага сьвету… вінаватыя.

Але па-сапраўднаму яны ня ведаюць гэтай асаблівасьці. Бо сьвядомасьцяй абмежаваныя і глуздуюць у строга вызначаным касьмічным сэгмэнце. Апошні шляхам разнастайных зманлівых эфэктаў пераконвае іх  у сваёй выключнасьці, значнасьці,  пакліканасьці, неабходнасьці… І вінаватасьць падае як унутраны асабісты цяжар, які замінае нармальна жыць. Розум Індывіда пастаянна пульсуе: збавіцца ад унутранага бярэмя – асноўная задача! Трэба рухацца-намагацца-змагацца!

Магчыма, Зорная Пространь у сваіх бясконцых вітуніцах так і закручаная:   вінаваты толькі чалавек. Але відавочнасьць гэтага трываньня дужа занадтая. Ці не падштурхоўваюць нас гэтым да больш глыбокіх шуканьняў?..

Нездарма тая ж Зорная Пространь прапануе і іншыя павароты, адчыняе мажлівасьці Вялікага Касьмічнага  Ў С Я Г О!?

Так, менавіта гэтае “ У С Ё” дазваляе паглядзець на  в і н у  па-іншаму.

Адзначым: выкладзеная сподумка – усяго толькі кропля Сусьветнага Акіяну Меркаваньняў; для большай пераканаўчасьці карціна будзе малявацца бальшынёй “фарбамі” нашага сьвету.

Віна – унутраная ўласьцівасьць, сутнасьць чалавека. Як і ён, першасная.

Што ж такога магло адбыцца, каб адразу, на пачатку нараджэньня, “хапануць грэху”?

А нічога: фізычна, хоць трэсьні, ну аніяк “не заработаеш”!  

Значыцца, чалавек выяўляецца… ужо зь ярмом!

Такое магчыма?

Безумоўна! – аж крычыць Сусьвет! Толькі мы Яго не жадаем слухаць.

На гэты раз напружым слых і ўсе почавы!

Кананічныя і навуковыя догмы адкідайма: няма рэлігіі і тэорыі вышэй за Праўду!

Сучасны чалавек – усяго толькі адзін віток Вялізнай Касьмічнай Сьпіралі, імя якой Боскі Чалавек! Ён створаны Богам для  в е ч н а г а  жыцьця! Мае духоўныя, мянтальныя, эмацыйныя і фізычныя якасьці, якія рэалізуе шляхам паступовага праісначаньня ў мностве сьветаў – у выніку набывае неабходны досьвед і ўдасканальваецца.

 Наш сьвет – матэматычна лінейны, прасторава-зьнітны і аднавэктарна-часавы. У выніку адпаведна  выбудоўваюцца грамадзкія, палітычныя, маральныя ўяўленьні, навуковыя напрамкі, культура ўспрыманьня атачэньня і Космасу, штодзённае жыцьцё і ўвогуле ўся гісторыя існаваньня. Чалавецтва прызвычаілася лічыць за чудэсы і байкі ўсё, што не адпавядае крытэрам свайго вымярэньня. Як ня дзіўна, але гэта – неабходны элемэнт касьмічнага навучаньня

Толькі распашыраць сьвядомасьць заўсёды трэба (таксамая ўмова Жыцьця), адтаго сягайма за межы!

Акрамя Бога няма нікога!

Усё, што ад Яго – Боскі Твор. Ілюзія!

Гэта варта прыняць і як веру, і як веды!

Менавіта такая пазыцыя дае Правільнае Тлумачэньне Усяго Існага, а ў нашым выпадку – праблемы  в і н ы.

Ад Бога пайшоў Стан, Дзе Ўсё Ёсьць Першапачатковае! І – увага! – ужо вінаватае! Бо Не Зьяўляецца Богам, а Ягоным Выяўленьнем, Творам, Асяродзьдзем… – Быцьцём.

Льга ўсьвядоміць умоўнасьць гэтае віны: Паходжаньнем Гэта – Боскае  і, значыцца, Нявінаватае, а ўмовамі – вінаватае, бо ўжо кранутае існаваньнем.

Далейшы шлях усяго выяўленага – гэта пірамідальны спуск уніз да вызначанай рысы, ад якой уздым зноўку да Стану. Адпаведна вінаватасьць пакрысе нарастае, апасьля гэтак жа зьнікае.

На гэтай дорозе Боскі Чалавек зараз прабывае стадыю зямнога чалавецтва, то бок homo sapiens, – адну з сама нізкіх у сусьвеце. Значыць, на ягоным рахунку ужо немалы цягар.

Як ён выглядае? Уявіць проста, калі прыняць наступнае тлумачэньне.

Ад Бога мы адлятаем Манадамі – Духоўнымі Іскрамі. Й імчымся па Быцьцю, трапляючы ў разнаякія асяродзьдзі, умовы, становішчы, спажываючы досьвед і навуку шматлікіх зьяўленьняў-зьнечаньняў, абрастаючы мянтальнымі, эмацыйнымі і матэрыяльнымі целамі, гонячыся і змагаючыся за лепшыя свае выявы… Абліччамі паўстаем неверагоднымі – агнёвымі, паветранымі, вадкімі, зямнымі. Бываем мінэраламі, расьлінамі, жывёламі… Спасьцігаем Сусьвет, выспытваем Сілы і разумеем, што такое барацьба. Зьведваем страты. Так, Космас таёмы, лютасны, пагражальны і бязьлітасны… Прападаць – звычайная справа!

Якое ўнутранае начыньне можна мець пасьля такога падарожжа! Якой кармай ацягчаная душа? Якой віной?

Аднолькавай? Падобнай? Незвычайнай?   

Індывідуальнай! Адметнай! Адмысловай!

Памятайма: Манадай мы прыналежым толькі Богу, а ўсялякімі астральнымі ды матэрыяльнымі “апавалокамі”, “адзецьцем” – іншым “гаспадарам” (пра гэтых далей).

А Д Л Я Т А Л І  мы ўсе аднакімі! Зьведаўшы церні, зрабіліся рознымі і вонкава, і ўнутрана. Адцемім,што наяўнасьць супярэчнасьцяў, нават барацьбы, паміж Манадай і Яе абалонамі – прыкмета касьмічнага руху.

Такім чынам, у кожнага свая вінаватасьць.

З чаго яна бярэцца, складаецца?

Акрамя асабовых здогадаў на гэты конт варта ўлічваць і аб’ектыўны фактар: паходжаньне!   

Асноўная віна назапашаная  з м у ш а н а !

Нават – прымусова! Так! Бо хто мы такія пры нараджэньні? Па-сучаснаму – немаўляты! Якіх трэба выхоўваць і навучаць! А хто гэта робіць? Хто бацькі і настаўнікі?

Вельмі важнае пытаньне, без разгляду якога немагчыма зразумець сутнасьць нашага знаходжаньня ў Космасе.

 Мы не майма аніякага (!!!) ўяўленьня пра сапраўднасьць ня толькі Пачатку, але і ўвогуле Жыцьця! Самыя вучоныя сьцьвярджаюць, што чалавек успрымае тольма пяць (!) адсоткаў Сусьвету. Дзякуй, што дадумаліся хоць да гэтага! У такіх варунках праясніць сытуацыю лепш дапамагае аналёгія па эзатэрычнаму прынцыпу “як уверсе, так і ўнізе”.

Паводле назіраньняў, любое нараджэньне ў Космасе – тайна. Чым дасканалей і вышэй суб’ект, тым больш таемнасьці і менш ведаў пра яго. Анічога нельга сказаць, навошта, як, калі і колькі было створана Манадаў. У любым выпадку гэта – Вялікі Творчы Акт Бога! Неспазнаны Пошуг Адухоўленьня! У выніку Выяўлены Космас атрымаў Жыцьцё.

Калі Прычынна гэта магло быць Адразу, то рэалізацыйна стала адбывацца спакваля, у адпаведнасьці з Законамі Сьветабудовы – менавіта  а д с ю л ь  распачалася нераўнамернасьць і вінаватасьць разьвіцьця. Пайшлі першыя, другія, трэція, чацьвёртыя, пятыя… Невядома, што ўплывала і якія Сілы дзейнічалі. Уваабражаць можна як заўгодна, няхай кожны паспрабуе: хто ведае больш, той будзе бліжэй да істасьці… У любым выпадку, Працэс вельмі цікавы, бо – вызначальны.

Варта ўлічваць, што Абсалют – гэта Непераходзячае Ёсьць! На Мінулае, Цяперашняе і Будучае  (Істую Троіцу) яго падзяляе Кронас! Час! Толькі так, з пазыцыяў Часу, ясней  паўстае пытаньне нашага паходжаньня!

Дык вось, Кронас – першы бацька-настаўнік выяўленых Манадаў. Як ён “стараўся”,  “сартаваў” і “выхоўваў” нас – тайна! Але іменна ад той пракаветнасьці пайшла нашая рознасьць. У выніку дзеці-вучні  сталі дзяліцца, і сярод іх зьявіліся “любыя” і “прыкрыя”, “лепшыя” і “горшыя”, “здольныя” і “няздатныя”, “прыгожыя” і “агідныя”, “разумныя” і “дурныя”, “бездакорныя” і “недасканалыя” … Ня толькі палярныя, а і  – “ні тое, ні сёе”, “і тое, і сёе”… Мноства! Не пералічыць! – а вось тут мы памыляемся! У Кронаса такая прычынна-выніковая памяць, дзе захоўваецца ўсё і на падставе якой выносіцца касьмічны вырак: “вінаваты!” Яе найменяць – Карма.

 Гэтая схэма характэрная для ўсіх формаў Часу. Дарэчы, Час – адзін са шматлікіх трансцэндэнтных Спосабаў касьмічнай “гульні” з Манадамі. На жаль, чалавецтва пра іх нічога ня ведае.  

Манады (вульгарна: Касьмічныя Людзі) спазнаюць Час патройна – цераз мінулае, сучаснае і будучае, прычым у розных камбінацыях і напрамках. Мы (зямныя стварэньні) зазнаем толькі паступовы і аднабаковы прамалінейны рух: мінуўшчына-цяпершчына-будучына. Адчагосьці (магчыма, з-за рэлігійнай і навуковай плыгкасьці) верым толькі ў адно фізычнае існаваньне і “не паддаёмся ні на якія іншыя ўгаворы”. Сьвядомасьць працуе толькі на кароткі “свой век”… і адтаго памнажае вінаватасьць. То бок, рэальна жыцьцё ня лечыць, а калечыць!

Абсурд!

Правільна? Альбо не? Так павінна быць? Хто стаіць за гэтым? Каму тое выгодна?..

Ці апраўданыя пытаньні? І як на іх адказаць, каб ня выклікаць… гнеў і Гнеў?

Паспрабуйма. І заранёў просім дараваньня ЎВА ЎСІХ!

Законы Кронасу мы адчуваем, але.. ня ведаем. Толькі паназіраўшы і прааналізаваўшы можна заўважыць агульныя Касьмічныя Правілы. Але мы па іх … не жывема! Замест іх мы (альбо нам!?) напрыдумвалі мноства ўсялякіх зямных маральных і праўных нормаў, але ўсё адно, нібы выпрабоўваючы на дасканаласьць, не пагаджаемся ды парушаем іх! І заўжды шукаем апраўданьняў. Мо наш істы дух, Іскра Манады, шукае Адвечнае Праўды і цераз перашкоды матэрыяльнасьці мкнецца да Сапраўднае Волі? 

Зараз мы існуем ва ўмовах, далёкіх ад першапачатковага выяўленьня. Падзеленыя і разлучаныя настолькі, наколькі хапіла талані ў … творцаў.

Адкуль зьявіліся яны, творцы, гаспадары, бацькі, настаўнікі, натхняльнікі, памочнікі, шкоднікі і г.д.? Таксама тайба. Але аналёгія падказвае.

Усе яны – гэта тыя Манады, якія былі спачатку альбо ў іншых эонах і прайшлі шлях удасканаленьня раней за нас.

Тут варта згадаць піраміду – унівэрсальную матэматычную канструкцыю Космасу: наверсе Бог, усё ніжэйшае – Ягонае Выяўленьне, якое ў нашым сьвеце мы бачым як зоры, плянэты, галяктыкі… Кожны астранамічны аб’ект мае свайго валадара і сваё “войска”.  Нашая Зямля – таксама. Кіруюць Прасунутыя Духі. “На пасадах” яны могуць зьмяняцца ў залежнасьці… – лепш памяркуйце самыя, экстрапалюючы асаблівасьці нашае зямное абыдзеннасьці і людзкіх узаемадачыненьняў на Высокія Сфэры. Такі падыход разьвівае асацыятыўнасьць і дапамагае ясьней уявіць суцэльнасьць касьмічных зьяваў.

Усе мы падлягаем Прынцыпу Індывідуалізацыі – ад малога да вялікага, ад прымітыўнага да дасканалага. Кіравецтва, якой бы зорнай “школы” не было, заўсёды – адметнае, непадобнае, рознае. Гэткія й іхныя творы: які гаспадар – такі і дар. Што характэрнае для Сырыусу ці Марса – не абавязкова ўласьцівае Зямлі. Нашая касьмічная радзіма – унікальная плянэтарная канструкцыя і мае незвычайнае прызначаньне. Глыбока прачуць гэта – значыць, зразумець, чаму мы такія, і ня іншыя, чаму наш лёс арганічна злучаны зь зямным кругабегам. 

Вельмі многае тлумачыцца характарам Валадара Зямлі. Тым, якія Думы Яго пабуджаюць, якія Ідэі Ён ужывае, каб навучаць нас і весьці да БОГА. Тое, што гэта своеасаблівы шлях, – безумоўна! І складаецца ён зь безьлічы плянэтарных сьветаў са сваімі парадкамі. Адзін зь іх запаўняе сваёй сьвядомасьцю чалавек. Ня будзьма ўдавацца ў спэцыфічныя падрабязнасьці гэтае карціны, лепш адсочым агульны прычынна-выніковы ланцуг быцьця людзёў.

Абстрактна мы – усюдыістыя, астранамічна – правінцыя Млечнага Шляху і глухмень Сусьвету. Мільёны сьветлавых гадоў – ува ўсіх напрамках ад нас. Значыцца, Творца Зямлі сваёй Воляй “дамогся” менавіта гэтага кавалку Прасторы. Магчыма, да такога выніку прывялі “канкурэнцыя”, “барацьба”, “здольнасьці”, “крэатыўнасьць”… Так, зорныя мэгаполісы дастаюцца… ня ўсім. Як бы там не было, а займець “сялібу”, “уласную маёмасьць” і … тварыць на свой одум – важны чыньнік мэтафізычнага існаваньня.

Улічваючы  ўмовы, стасункі, макракан’юнктуру Косму, стан “кадравай гульні” з Манадамі і рознаўзроўневыя іх якасьці, любы гаспадар, а тым больш нэафіт, перажывае цяжкасьці.

Канечне, казаць пра “адсталасьць глыбінкі” у дачыненьні да Космасу было б путавумна: Боскае Тварэньне паўсюль дасканалае, але ўсё адно існуе спэцыфіка  касьмічнага “рэгіянальнага” рабеньня, якая скарыстоўваецца Высокімі Духамі і грунтуецца на Асаблівасьцях Гэрархіі ды Агульных Парадках Выяўленьня.  

Нашая Зямля – усяго зьвяно ў вялізным ланцугу жывых нябёсных целаў. Макраскапічны этап Глабальнага Зорнага   Працэсу. Такі, дзе зьбіраюцца Манады аднае касьмічнае якасьці і аднаго напрамку разьвіцьця, якія дагэтуль прабывалі і “сьпелі” ў падрыхтоўчых умовах Сусьвету, а ў зямныя трапілі, каб працягнуць сваё далейшае ўзрастаньне і (вельмі важна!) пацьвердзіць “адбор” на падставе Агульных Законаў. Так “правяраецца”, “засяляецца”  і “мігруецца” Космас. Па адпаведнасьці і “па заслугах”. Ня выключаныя варыянты, калі “гуляе” Касьмічная Воля і адбываецца… выбар з боку як гаспадароў, так і кандыдатаў. Вось тут дасьціпныя могуць спрэс пашкеліць наконт сумніўнай прымаўкі “Радзіму і бацькоў не выбіраюць”.  

Увогуле плянэтарнае насельніцтва – крытэр любое творчасьці і чыннасьці. Па ім вызначаецца Статус Высокіх Духаў – Валадароў касьмічных аб’ектаў. Такі выказ ўзьнікае, калі аналізуеш рэальнасьць.  

Карціна выяўляецца малёўная, вартая стваральніка. Тут нялішне нагадаць, што Індывідуалізацыя – Магутная Касьмічная Ідэя, якая без абмежаваньняў ахоплівае і  дадатныя, і адмоўныя аб’екты. Менавіта адтаго так прыгожа і вабна выглядае Сусьвет!

Пакіньма па-за абмеркаваньнем, Хто, Чаму, Калі і Як шчыраў над нашай Зямлёй;  адразу датыкнемся да вынікаў альбо яшчэ бліжэй – да цяперашняга стану. Зноўку намамін: катэгорыямі і падыходамі сучаснага homo sapiens!

У нейкі мэтафізычны момант адзін Касьмічны Стварэц займеў думку, а за ёй – і Зямлю. Мэтафізычны – казаць важна, бо нашая плянэта складаецца з мноства трансцэндэнтных выяваў, адну зь якіх мы назіраем і ў якой існуем. Працэсы надараюцца адразу і ўлучна паўсюль, некаторы іхны бок адлюстроўваецца ў нас, людзёў. Ніякага адасабленьня няма! Усё ўзаемазалежна і наўзаемна! Думаць, што толькі ў нашым сьвеце ўсё пачынаецца-заканчваецца і вырашаецца, – глыбокая заблудзь, на якую так горка пакутуе чалавецтва.  Больш таго: досыць наіўна верыць у тое, што мы глуздуйма самастойна, без вонкавага ўплыву! Фізычна, эмацыйна, мянтальна  намі кіруе Космас!

Ніхто ня будзе пярэчыць, што галяктыкі, зоры, плянэты – розныя. Так, усё адметнае! Такое, якое задуманае! Дзесьці зь неба падаюць дыяманты і пацеркі золата, у нас – звычыйны пыл, непагадзь і… нуда. Канечне, уражаньні можна і паразнастаіць, як каму бачыцца, – калі ласка!

Але: усё менавіта такое, на што мы здатныя і дзеля чаго нас пазьбіраў Зямны Гаспадар! Задача, між іншым, нялёгкая: зь безьлічы касьмічных душаў выбраць падыходных і для ўмоваў, і для… сябе. Больш таго: апасьля прыглядзецца і – усіх разьмеркаваць, “парассаджваць” па лёсах, так, як кожны заслужыў. Заўважма: набіраецца вызначаная колькасьць Манадаў, якая (бязь зьменаў!) вядзецца аж да канца існаваньня Зямлі. Потым мы ўсе адлятайма да новых выпрабаваньняў, “як каму лягло”.

Вельмі доўга – мільярды нашых гадоў! – цягнецца гэтае жыцьцё. Як часта   даводзіцца ўвасабляцца-нараджацца! Якія вобразы набываць! Што перажываць! Напрыклад, за адзін толькі цяперашні 5-ты Пэрыяд 4-га Кругу кожны ўцелаісьціцца ў сярэднім аж 777 разоў! Усё для таго, каб пабываць паўсюль, зьведаць розныя асяродзьдзі, набрацца неабходнага досьведу і – удасканаліцца!

А  цяпер памяркуйце, як мы гэта робім, як паводзім сябе, як скарыстоўваем дадзенае жыцьцё… Вартна? Годна? Можна з намі мець справу? На жаль, ня з кожным. Атрымліваецца: соўкаюцца-важдаюцца з намі, паварочваюць і так, і гэтак, накіроўваюць і туды, і сюды, рэалізуюць і такія, і сякія камбінацыі, а мы…

Так, Боская Манада – вольная пташка ў Космасе: як захоча, так і будзе!  Але! Без неабходнага Пляну Разьвіцьця, без канкрэтных умоваў увасабленьня Яна ня зможа наўчыцца і рэалізавацца – а гэтыя ёсьць тольма ў такіх сыстэмах, як нашая.

Значыцца, супрацоўніцтва! Зацікаўленае, узаемавыгаднае, сталае!

З аднаго боку – Валадар, умовадаўца,  з другога – Душы, працаўнікі. Усіхныя паводзіны – гарантыя посьпеху! Вядомыя ўзаемадачыненьні? Безумоўна: “як уверсе, так і ўнізе”. Нічога дзіўнага! Толькі ўключай галаву!

Атрымліваецца гэтак? Не! Хто вінаваты?.. Усе!

Варта дадаткова разважыць!

У названых стасунках праглядаецца неад’емная і жорсткая асаблівасьць: нас скарыстоўваюць! Як стварэньняў! Так, дазваляюць шмат свабоды, магчымасьцяў, ego.., але ўсё адно мы – іста залежныя! Гэтая пазнака прысутнічае ўва ўсім. Такія Правілы Гульні! Розум пагаджаецца, але тутжа і дзівуе: дык чаго ж тады нас вінавацяць?

Гэта літаральна працінае ўсё нашае быцьцё!

Мы дамовіліся: скакаць ад сучаснасьці і зусім не зважаць на шматлікія дапатопныя старавеціны, хоць яны і маюць значэньне.

Homo sapiens зрабіўся такім ня сам. Яго зрабілі! Глупствы пра малпаў і дарвінаўскую эвалюцыю не паўтарайма: разам з тэасофіяй мы сьмяемся зь іх.

Навакольле “залямантавала” адразу, як толькі фізычны чалавек набыў сьвядомасьць (Зьмей, Яблык і Еўка) – магчыма, гэткім чынам адлюстраваліся глабальныя супярэчнасьці ў Аўтарскай Камандзе Зямлі. Пэўна камусьці не спадабалася, што сьвядомы чалавек “стаў такім, як багі”. Можна адкінуць гэтую вэрсію, як капрызна-хаморлівую: хіба Ўсемагутныя Стваральнікі дазволяць нешта бескантрольнае?.. – і прыняць варыянт, што выпадковасьцяў не бывае, усё запраграмавана і абсалютна  ё с ь ц ь! Асабіста я сьхільны да апошняга.

Тым ня менш, менавіта ад таго часу мы існуйма ў пастаянным… страху. Боль. Тайна. Межы. Спроцьлежнасьць. Пагрозы. Няведаньне… Ад нараджэньня і да сьмерці нас не пакідаюць напружаньне і павіннасьць: мы абавязаныя штосьці-чагосьці-камусьці-чымсьці-адкульсьці-яксьці-дзесьці.. Дакладнасьці няма! Да Праўды не дастукаесься! У выніку жывем-змагаемся як Дон Кіхот у М. дэ Сэрвантэса.

Як ня дзіўна, але апошняе – барукацца з уянымадзіная нашая іста, чаго мы самыя аніяк прызнаваць не жадаем.

Наш сьвет, як і ўсе астатнія, – і л ю з і я! Уваабражэньне Валадара! Мадэль, якую  нам начапілі, каб разьвіваць! З аднаго боку мы – самастойныя Боскія Манады, з другога – залежныя ад ўмоваў касьмічныя жыхары. Многія ў Сусьвеце пазбаўленыя ўсьведамленьня гэтага; мы ж атрымалі дар сьвядомасьці – і набылі шмат дадатковых праблемаў, якія, як нас пераконваюць Звыш, толькі на карысьць. Улічваць такія абставіны – вельмі важны чыньнік разуменьня нашага існаваньня.

Каманда Валадара Зямлі стварыла брамфатуру (сыстэму рознаматэрыяльных слаёў), у якой нашай сьвядомасьці адведзены адзін накшталт галінкі на дрэве. Усё зроблена так, каб мы ўспрымалі сьвет і вучыліся. Дзякуй Ім!

Вобраз дрэва дапамагае ўявіць узаемства і наўзаемчыннасьць усіх складнікаў нашае брамфатуры. Зьявы і падзеі сьвету людзёў – агульныя працэсы адзінага зямнога арганізму.

Чалавецкае сьведам’е перарабляе ўсё, што навокал, на сваю карысьць – так створана. Нам паказваюць, дазваляюць успрымаць тольма тое, што мае значэньне і вагу ў канкрэтнай абастоўцы, што дапамагае сталеньню. Многае застаецца па-за ўспрыманьнем: ці то нас гэтак засьцерагаюць-захоўваюць, ці то вырашаюць нейкія іншыя пытаньні? Тут трэба засвоіць: нашыя зямныя правілы і законы далёка не адпавядаюць Нябёсным. Мінучы сьвет мае і перамінаючыя парадкі. Космас жа рэгулюецца Ідэяй Неабходнасьці! Спасьцігнуць Яе пакуль немагчыма. Тайба!  

Каб было зручней і прывольней на цяперашнім этапе касьмічнага разьвіцьця нам далі разнастайныя вучэньні, тэорыі, рэлігіі спастаўна з узроўнем кожнага. Маўляў, выбірайце! Але не сягайце далей! Нельга! Такі падыход Настаўнікаў. Хоць Яны з улікам шматмернасьці Часу-Прасторы добра ведаюць пра нашае мінулае-сучаснае-будучае і распараджаюцца. Субстанцыйна вінаватымі кіраваць лацьвей і выгодна.

Мы ж, няўцямныя, у сваім сонечным вальеры гойсаем, носімся, намагаемся, адчуваем, мяркуем… Спадзяемся на трываласьць сваіх пазыцыяў, на вольнасьць. Пытаньні хісткасьці, марнасьці і зьнікомасьці нас амаль не займаюць. Мабыць, так наладаваная сьвядомасьць – зноў-такі з мэтай атлумленьня і адцягненьня ад Праўды. Якая нам выдаецца за… шкоду.

У выніку наш сьвет перакручаны, звужаны, жорсткі, паядальніцкі і мы ў ім – скажоныя, прыгнечаныя! Крытэры больныя, падманныя, сапсутыя. Нутро даўно скалынаецца ад войнаў, гвалту, пакутаў і падае трывожныя сыгналы ў Космас. Мэтасфэра ўбірае ўсе гэтыя настроі і шарпаецца-дзярэцца. Глумакі кіруюць разумнымі – зьдзеклівая анамалія,  яўнае збочаньне ў явішчы Агульнага Парадку, аспэкт відочна антыкасьмічны. Атрымліваецца, Нябёсная Навука накіраваная на стварэньне і памнажэньне праблемаў, цяжкасьцяў існаваньня. Інфармацыйна-энэргетычнае забесьпячэньне жыцьця бытта і дастатковае, і спрыяльнае, але арганізаванае ды разьмеркаванае так, што чалавек, захоўваючы няўстойлівасьць, няўпэўненасьць, ваганьні, пры наяўнасьці выбару іманэнтна сьхіляецца да нэгатыву і згубы. Гульня ў псыха-кармічны балянс супрацьлегласьцяў дазваляе будаваць на плянэце адначасна арэалы ўбожлівасьці і аазысы дабрабыту. Мроі жаху і радасьці, экзыстэнцыйна зьмяняючыся, стагодзьдзямі суіснуюць побач. Істае адводзіцца ад стварэньняў усімі магчымымі шляхамі матэрыяльнага падману. Пэцкаюць, каб вінаваціць. Зло прыходзіць лёгка, дабро – трудна. Лучэньне-гуртаваньне цераз падзел-палярнасьць зьяваў, падзеяў, працэсаў напружваецца дужа занадта і даходзіць, часам, да катастрофаў. Зьнішчэньне – норма! Людзі стамляюцца і фізычна, і эмацыйна, і духова – у такіх умовах іхнае ego губляе свае стваральніцкія функцыі, выкрыўляе Ўсясьветны Прынцып Волі. Ува ўсім зямным асяродзьдзі прысутнічае і ўзбуджаецца шмат прычынаў вінаватасьці самых істотаў. Гэты варыянт глыбока ўкаранёны і падтрымліваецца як дадзенасьць.

Калі б людзі мелі праўдзівыя  в е д ы, усё было б інакш.

Будзьма спадзявацца, што такі цыкаль разьвіцьця – змушаны, адступальны, часовы і за таёмай запавесай сьвету рыхтуецца Збавеньне і нас чакае Шчаснасьць ды Памыснасьць. Нават у сучаснай фізычнай форме. Верыць у лепшае – глыбокая тэза нашага нутра.

Але ад віны Чалавецтва не пазбавіцца доўга! Такое Прызваленьне! Зьдзейсьніцца Яно – зьнікне Быцьцё… Калі-небудзь і  г э т а  здарыцца. Узрадуемся!

Мікола Калядны, для Беларускай праўды

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект:

Загрузка...