Лётчык Аляксандр Букрэеў узгадаў момант, калі ўбачыў угоншчыка самалёта, і расказаў пра сваю падрыхтоўку да такіх экстрэмальных сітуацый.

Фота en.wikipedia.org і sb.by

Фота en.wikipedia.org і sb.by

Еўрарадыё выйшла на беларускага пілота, які 10-га чэрвеня стаў героем гісторыі з угонам самалёта “Кутаісі-Мінск”.

Як аказалася, камандзір экіпажа Аляксандр Букрэеў працуе ў авіяцыі каля 34 гадоў. Ён скончыў Качынскае вышэйшае вайсковае авіяцыйнае вучылішча лётчыкаў і пераехаў у Беларусь.

Яго самалёту заставалася да пасадкі ў Нацыянальным аэрапорце “Мінск” каля паловы гадзіны. Як раптам пасажыр Гела Сахелашвілі перадаў запіску з патрабаваннем ляцець у Рым. У адваротным выпадку грузін пагражаў узарваць выбуховую прыладу, якую нібыта пранёс на борт.

“Запіска была напісаная лацінскімі літарамі, па-англійску, — узгадвае Аляксандр Букрэеў. ― Што менавіта было напісана ― у дэталях расказваць не буду, інфармацыя ёсць у следчых органах”.

Пілоты адказалі, што ўсё адно вымушаныя прызямліцца ў Мінску, нібыта для дазапраўкі самалёта. У беларускім аэрапорце ў справу ўключыліся супрацоўнікі антытэрарыстычнага падраздзялення.

Еўрарадыё: Ці бачылі вы ў твар Гелу Сахелашвілі?

Аляксанд Бакрэеў: Так.

Еўрарадыё: То бок выходзілі да яго ў салон на перамовы?

Аляксандр Букрэеў: Не, не выходзіў. Я яго бачыў на двары, калі яго вывелі з самалёта. Пасажыры не былі ў курсе таго, што адбываецца.

Еўрарадыё: Чым вы кіраваліся, калі прымалі рашэнні?

Аляксандр Букрэеў: Нас гэтаму вучаць, разгалошванню гэта не падлягае. Існуюць спецыяльныя заняткі, дзе з намі на гэты конт працуюць.

Еўрарадыё: У вас даволі працяглая кар’ера. Ці здаралася калі-небудзь нешта падобнае?

Аляксандр Букрэеў: Рознае здаралася, але такое ўпершыню. Па тэлевізары шмат перадач было. Хоць у Беларусі падобная сітуацыя здарылася 24 гады таму (9 чэрвеня 1990 года 17-гадовы Дзмітрый Сямёнаў пранёс муляж гранаты на самалёт “Мінск-Мурманск”, які прызямліўся ў Швецыі, дзе угоншчыка нейтралізавалі, ― заўв. Еўрарадыё). Я ў тую пару таксама працаваў і ведаў пілотаў, якія трапілі ў тую сітуацыю…

Еўрарадыё працягне паведамляць актуальную інфармацыю наконт угону самалёта “Кутаісі-Мінск”.

Крыніца: Еўрарадыё

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект:

Загрузка...