Усе навуковыя і рэлігійныя мадэлі Сусьвету не адлюстроўваюць Істасьці.

Бо чалавечая думка не ў стане ўявіць Яе ўвогуле.

З-за аб’ектыўнае аблуднасьці.

Але ёсьць унівэрсальны спосаб касьмічнага спазнаньня –

ЯК УВЕРСЕ, ТАК І ЎНІЗЕ.

Ён дазваляе ўпарта знаходзіць і сьмела злучаць сама неверагодныя сылагізмы.

Менавіта ім мы і скарыстаемся для выкладаньня… сваёй праўды.

НЯ ТОЛЬКІ НАД УСІМ, АЛЕ І ЎВА ЎСІМ ВАЛАДАРЫЦЬ БОГ!

Перакананьне дасягаецца ў лучэньні Веры зь Ведамі, Ведаў зь Верай!

Глыбокія мянтальныя сховішчы Космасу пакуль не адчыняюцца.

Але пра асаблівасьці Боскага Промыслу сьмела гавораць некаторыя публікацыі (курсіў і падкрэсьленьні нашыя).

“…<тварэньне>  сьвету звычайна разглядаецца ў Брамінскіх кнігах як Ліла, захапленьне альбо гульня найвысокага Стваральніка” (А. Блавацкая, Таёмая Дактрына).

“Вішну, зьяўляючыся … разадзіненым і неразадзіненым сэнсам, духам і часам, гуляе наспадобу гарэзьлівага хлопчыка, калі вы даведваецеся пра гэта, прыслухоўваючыся да ягоных штукарстваў” (Вішну Пурана, пераклад Г. Вільсана).

“Кабалістыя кажуць, што ўступаньне сьветаў у існаваньне адбылося цераз захапленьне, бо Эйн-Соф узрадавалася ў Сабе Самым і стала зіхацець і вылучаць ад Сябе да Сябе … якія ўсе называюцца захапленьнем” (вытрымка ў “Кабале” І. Мэйера). 

“Дракон сілкуецца чыстай  <вадой> [Мудрасьці] і забаўляецца ў празрыстай <вадзе> [Жыцьця]” (прыпісваецца Канфуцыю, Ч. Гульд, Мітычныя пачвары).

Варта адзначыць, што насамрэч без радасьці й запалу не бывае сапраўднае творчасьці, не прыходзіць натхненьне і не ажыцьцяўляюцца мары. І толькі цешыцца трэба, што нашае існаваньне й мы самыя – вынік вясёлай захапляльнай гульні, а не сумнай нудотнай прынукі. Пэўна, лепшае – заўсёды ад пазітывізму духу! Дзякуй Богу, за настраёвасьць Жыцьця!

Вось тут, мяркую, зьявяцца разыходжаньні, нязгоды і нават абурэньні…

Так, паспрабуйма разабрацца. Зноў-такі: АДВЕРХУ!

І – шляхам зразумелых чалавечых уяўленьняў ды вобразаў.

Гэрархічна Сьветаўпарадкаваньне пірамідальнае: ад Вышэйшага да Ніжэйшага, ад Адзінага да Мноства, – а энэргетычна адасяроднае: ад цэнтру ўва ўсе бакі і – аднолькава. Усясьвецьце творыцца, ладкуецца і запаўняецца Богам. Ягоны Абсалют – Прычына й Пачатак  у с я г о. Ад Бога ў незьлічоных напрамках і колькасьцях разьбягаюцца Духовая Ток-Сіла і непарушныя Абстракцыі – Думкі, Ідэі, Тэмы, Сэнсы, Прынцыпы, Нормы.., якія праходзяць незвычайныя і паэтапныя пераўтварэньні – у выніку фармуецца цела Космасу. Матэрыя – пакуль адзіная вядомая структура рэалізацыі Вышэйшых Задумаў.  

Пра трансфармаваньне Боскіх Абстракцыяў у нашым матэрыяльным стане падрабязна распавядае Сьвятое Пісьмо.

Увогуле, Біблія – і эзатэрычнае, і экзатэрычнае Аб’явеньне. Яе глыбокі і мудры сымбалізм разумеюць толькі дасьведчаныя, а літаральную жыцьцёвую прынцыповасьць – астатнія.

Вельмі значны сутнасны сэнс месьціцца ў пачатку Сьвятога Твору і датычыцца цемры і сьвятла.

 “… і цемра над безданьню, І Дух Божы лунаў над вадою…

… і аддзяліў Бог сьвятло ад цемры” (Быцьцё, 1-2, 4).

Трэба мець на ўвазе, што Біблія выказвае больш антрапагэнэзіс, чымся космагэнэзіс, і многія яе палажэньні тлумачаць выключна зямныя абставіны.

Для больш правільнага разуменьня пытаньня неабходна адцеміць:

“… у Акультызьме, як і ў Кабале, маецца тры віды Сьвятла: 1) Абстрактнае і  Абсалютнае Сьвятло, якое ёсьць Цемра; 2) Сьвятло Выяўленага-Нявыяўленага, каторае часта найменяць Логасам; і 3) Сьвятло апошняга, адлюстраванае ў … меншых Логасах … якія, у сваю чаргу, праліваюць яго ў Аб’ектыўны Сусьвет” (А. Блавацкая, Таёмая Дактрына).  

То бок, наш аб’ектыўны сьвет перад тым, як набыць сучасны выгляд  астранамічнага Космасу, зьявіўся пасьля троеснага адбіцьця Сапраўднага Боскага Сьвятла. Інакш кажучы, мы, насельнікі Зямлі, уяўляйма Істы Сусьвет ад пераказу-перабаю ня першых, нават не другіх, а тольма трэціх вуснаў.

А калі ўлічыць, што ўсе нашыя галяктыкі, зорна-плянэтарныя целы майстравалі асобныя Геніі Космасу з своеасаблівым бачаньнем Працэсаў, то ланцуг людзкіх думкаформаў пра Сусьвет і Быцьцё расьцягваецца і яшчэ больш скажаецца-перайначваецца, далей адыходзіць ад Праўды, ад Бога; у выніку пакрысе страчваюцца трывалыя ввды і нанізваецца зыбкая вера – містычны сурагат ведаў.

Тут важна разумець Боскую Ўнівэрсальнасьць Сьвятла.

Пад Сьвятлом мы разумеем ня столькі электрамагнэсавае вылучэньне, якое ёсьць нашай фізычнай мерай касьмічных зьяваў – гэта таксама ўлічваецца, колькі невідомую Трансцэндэнтальную (Абсалютную) Энэргію, якая ідзе ад Бога і заўжды пераўтвараецца ў залежнасьці  ад зыходна-спадальных умоваў існаваньня (па пірамідзе). Яна запаўняе ўсе формы Выяўленьня Бога, увесь Космас даастатку, “пранікае ўва ўсе зьявы, якія насычаюць жыцьцё” (Агні-Ёга, Сьвет вогненны).

Гэта – Прадвечнае Сьвятло, Касьмічная Электрычнасьць, “сусьветная дзьвігальная Жывая Моца, адначасна рухавік і рухомы” (А. Блавацкая, Тэасофскі слоўнік).

Гэтае Сьвятло адлюстроўваецца-заўражаецца ў матэрыі ў выглядзе законаў прыроды (А.Блавацкая, Таёмая Дактрына). То бок усё, што мы назіраем, кратаем, адчуваем і пра што думаем – Яго адметная крэатыўная рэалізацыя на досыць доўгай касьмічнай дыстанцыі, у тым ліку і ў нашым сьвеце. 

Ад усяго гэтага лягічна вынікае:  усё  Сьвятло, якое папярэднічае нашаму фізычнаму выяўленьню ў відочным астранамічным Космасе,цемра альбо тое, што мы проста ня бачма, не чувайма і, адпаведна, ня ведайма!

“Жыцьцё чалавека на фізычным пляне ў параўнаньні зь іншымі плянамі ўяўляе найбольш глыбокі сон, найбольш аддаленае ўспрыманьне рэальнасьці” (Пісьмы Махатмаў, Пісьмо 106, Кут Хумі – Сінету, люты 1883 году).

Кажучы абыкла, нашае агульнае становішча ў Сапраўдным Сьвеце – далёкая, беспрасьветная, недаразьвітая правінцыя!

Гэта – суворая праўда цяперашняга зямнога існаваньня!

Калі на вас падае прамень, то палоска ад яго на вашым целе – ня ўвесь вы, а частка.  Гэтак паўстае вашая істасьць у выяўленым Космасе, дзе сучасны астранамічны сьвет –  прамень.

Гурнае чалавецтва ніколі не лічыла сябе нізкарадным, нязначным, нікчэмным ў касьмічных справах і бажала тольма першынства. Увесь час яно шукала пацьверджаньня сваёй выключнасьці – і, не знаходзячы, абмылялася, трылудзіла, скажала. А прыдумаўшы і абсалютаваўшы матэрыяльную навуку – нізкую форму пазнацьця, увогуле стала на няправільны і доўгі шлях разьвіцьця, патанула ў цяжкім соцыюме. Ад гэтага гісторыя й быцьцё ператварыліся ў грувасткі ланцуг аблуднасьцяў, мітаў, казкаў.

Добра, што заўсёды знаходзіліся дасьціпныя, сьмелыя і рашучыя, якія імкнуліся да альтэрнатывы і выкрывалі-паказвалі істыя веды. Толькі дзякуючы іхным высілкам, людзі насамрэч адукоўваліся, атрымлівалі праўдзівыя ўяўленьні пра Сусьвет і разумелі ў ім сваё мейсца.

Сярод касьмічнае разнастайнасьці мы – своеасаблівыя, адметныя, непаўторныя.

У Зорнай Грамадзе ідзем выключна сваім шляхам, кіруючыся Законамі, агульнымі  для ўсіх насельнікаў Космасу.

Каб убачыць Прасьцяг Касьмічнага Быцьця, дастаткова паглядзець на яго як на Велізарную Творчую Лабараторыю, дзе завіхаюцца-шчыраюць Магутныя Геніі-Духі. Ад Прызваленьня Бога выявілася Махамайя Абсалютнага Ёсьць – Мінулае, Цяперашняе, Будучае, – і Яны, Першаствораныя, узяліся за Касьмічную Справу, заажыцьцяўлялі Велічны Боскі Плян.  

Гэтак былі створаныя сусьветы, галяктыкі, зоры, плянэты, у тым ліку і Зямля. У густанаселеным Сусьвеце Яна выявілася ня першай і не апошняй, адтаго спазнала розныя касьмічныя ўзьдзеяньні – і традыцыйныя, і новыя.

Што б не адбывалася, а на чале кожнага касьмічнага аб’екта заўсёды стаіць Валадар, які, у адпаведнасьці зь Пірамідальнай Гэрархіяй, адначасова паўстае і падначаленым, і кіроўцам: сваю “дзейнасьць” Ён узгадняе з Вышэйшымі Духамі і волевыяўляе на шматлікія ніжэйшыя структуры. Пры гэтым натхняльным аспэктам Пасьлядоўнага Промыслу выступае бездакорнае слугаваньне Касьмічным Законам і Прынцыпам, асноўны зь якіх – Свабода.

Як Сусьветны Дух, Валадар мае вялікія магчымасьці праісначаньняў у мянтальным, астральным і фізычным асяродзьдзях, большасьцю паўстае ў сфэры, якую зараз найменяць цёмнай матэрыяй альбо невядомым “экзатычным злучвом” цёмнай энэргіі і цёмнай матэрыі, якое займае больш за 95 адсоткаў Выяўленага Космасу. Наш астранамічны сьвет шчэміцца на астатніх 5. Уражвае?

Кожны Валадар – “уласьнік”, мае асобную касьмічную “маёмасьць”,   распараджаецца ёю на свой сугляд і талент, але… абавязаны прытрымлівацца жорсткіх умоваў. Як правіла, унутрана гэтае “гаспадарства” разнастайнае, шматаблічнае, са сваімі крытэрамі будаўніцтва ды парадкаваньня. Затое навонкі ўся сыстэма павінная выходзіць збалансаванай, гарманічнай, не вылучаць ніякіх хваляў разладу, нераўнавагі, няўзгодненасьці, не дысанаваць з агульнымі касьмічнымі правіламі. Суцэльная, матэматычна дасканалая Структура Космасу патрабуе толькі аднаго – адпаведнасьці! Крэатыўная самастойнасьць вітаецца, калі не нясе пагрозы для КосмаЗьместуФормы.

Як сьведчаць крыніцы, Зямля ў гэтым сэнсе зьяўляецца прыкладам цікавай, своеасаблівай і амбітнай творчасьці

Для яе правільнага разуменьня сьпярша надабе вызначыцца з паняткам:  Аблічча Зямлі.

Гэта – не адзін наш лінейны сьвет, а мноства інакіх у часе і ў прасторы  рознаўзроўневых сьветаў з адмысловымі насельнікамі, адметнай прыродай, рожным генэзісам і непаўторнымі ўмовамі жыцьця.  Многія сьветы непадобныя, несумяшчальныя, процілеглыя. Разам з гэтым, усе яны спалучаныя энэргетычна і ўзьдзейнічаюць адзін на аднаго субстанцыянальна, сыстэмна.

У сваіх касьмічных межах, “на выхадзе” Зямля павінная быць збалансаванай, гэтак жа – і кожны яе сьвет у рамках сваёй аўтаноміі. Але існуюць напрамкі, якія зьяўляюцца агульна-абавязковымі незалежна ад маштабаў-значаньня аб’екта ці індывіда і якія неабходна захоўваць бяз зьменаў, парушэньняў і ўнады. Пра тое дакладна ведаюць адпаведныя Кіроўцы і Адэпты, духоўная моц якіх вельмі ўплывае на характар разьвіцьця Зямлі і забясьпечвае належнае прылучэньне да гарманічнага шэрагу Сусьвету.

З нашага фізычнага пункту гледжаньня, тэарэтычна гэта магчыма, а практычна – не. Бо касьмічная матэрыяльная структура можа быць зладжанай, узаемаадпаведнай і ўраўнаважанай тольма ў стане сваёй поўнай нерухомасьці, чаго дасягнуць проста нерэальна, бо нават мэталічныя плянэты (а такія ёсьць!) не адрозьніваюцца ідэальнай зьбітасьцю-сьціпрасьцю і ў сваіх частках пакратлівыя. Напэўна Выяўлены Сусьвет для таго і заснаваны, каб не прабываць у нейкім адным стане, а засёды зьмяняцца-імкнуцца-дамагацца аж да Абсалюту.

“Кожны населены сьвет мае свайго Старэйшага Кіроўцу і малодшых. Але Старэйшы Кіроўца не заўсёды ўяўляецца зараджэнцам плянэты (як, напрыклад, Зямлі). Ён … толькі дае сваю напружаную (ключавую) вібрацыю і будуе кожную ідэальную форму і выгляд. Але далейшае разьвіцьцё (гэтай мянтальнай ці суб’ектыўнай) тонкай абалонкі (плянэты) ў ушчыльненую складаецца з дапамогай малодшых кіроўцаў, якія сочаць за іх правільным спалучэньнем і жарсным разьвіцьцём. У дальнейшым палкае разьвіцьцё ніжэйшага “я” (ніжэйшага “я” Гаспадара Зямлі, то бок самасьці малодшага кіроўцы Зямлі) альбо ўсьведамленьне сваёй аддзеленасьці (ад Гэрархіі) выявіла ня толькі зьмешваньне – палкая свабода зацьвердзіла няправільныя спалучэньні (асобінаў) і нарадзіла ўсе пачварныя формы і рэчы, якія потым зьмяталіся катастрофамі дый самыя зьнішчалі сябе няздатнымі спалучэньнямі. Кіроўцы адбіралі лепшых і нанова засялялі (нашу) плянэту – палкія з разьвіцьцём інстынкту ці чуцьця пачалі паступова разьбірацца ў адпаведных ім вібрацыях ці энэргіях і зьбірацца ў асобныя групы, і так утварыліся першыя касты. Такія касты ўсталяваліся ў першых людзей і жывёлаў. Старэйшы Кіроўца можа перайсьці на новую плянэту і надаць ёй новы імпульс – і зноў перайсьці на іншую і г.д. Даводзіцца прызнаць, што Старэйшы Кіроўца (над нашай плянэтай) зьяўляецца шматпакутным Гэрархам нашай Сонечнай сыстэмы” (Пісьмо А.І. Рерых ад 17.11.53).

Гэтае аўтарытэтнае меркаваньне прыадчыняе тайну, якая здаўна абалачывае чалавецтва і якую многія гістарычныя вучэньні старанна хаваюць, маскуюць альбо проста абыходзяць-замоўчваюць. Прычыны існаваньня любой таёмасьці, містычнага сымбалізму пра Сусьвет, Жыцьцё досыць глыбокія і бальшынёю неўразумелыя. Адкуль яны пайшлі і чым выкліканыя – дадатковая тайба. Пэўна, яна выкліканая духоўнай, мянтальнай і астральнай рознаўзроўненасьцю Выяўленага Космасу і ашчадным-шаноўным-ласкавым стаўленьнем Майстра да Свайго Тварэньня. Акрамя таго, адказ трэба шукаць у самой прыродзе матэрыяльнасьці, якая спараджае любую невядомасьць і ўтоенасьць: чым шчыльней асяродзьдзе, тым менш праніклівасьці і сьвятла, тым больш працы па ўдасканаленьню ўмоваў існаваньня.

Касьмічныя шляхі Спазнаньня і Прасьвятленьня складаныя і асабліва абахованыя. А пранікненьне ў сьвет Нявыяўленага, наогул, гэрархічна вышэй за манасу (розуму). Так, “ніколі ні адзін з Адэптаў не пранікаў за покрыва першапачатковай Касьмічнай матэрыі. Найвысокае, найбольш дасканалае бачаньне [Адэптаў] абмежаванае сьветам Формаў і Матэрыі” (Пісьмы Махатмаў, Пісьмо 15, Кут Хумі – Сінету, ліпень 1881 году).                                                            

Адтаго невымерна складанымі выглядаюць намаганьні Кіроўцаў Зямлі ў справе  ўвасабленьня, прыстасаваньня  і разьвіцьця Чалавека, уладкаваньня, распашырэньня і ўзвышэньня ягонай сьвядомасьці.

Варта адцеміць, што апошняя – асаблівая катэгорыя Выяўленага Сусьвету, мае неадменны знак боскасьці, непасрэднае лучэньне з Вышэйшымі Сіламі. Менавіта яна вызначае й апраўдвае амаль усе турбацыі ды “клопаты” Касьмічных Сілаў.  Па яе стану, мажлівасьці і ўзроўню можна меркаваць аб якасьці, зададзенасьці і прыналежнасьці касьмічнага аб’екта. Звычайна сьвядомасьць бывае актыўнай і пасыўнай, абуджанай і соннай, прысутнай і адсутнай. Яе людзкое разуменьне адрозьніваецца ад касьмічнага як ўяўнае ад сапраўднага.

Наш сьвет разьвіваецца ў напрамку пасыўнага, соннага і прысутнага сьведам’я, то бок мы ўспрымайма сваю фізычную яву – чыюсьці фантазію! – за рэальнасьць і цьвёрдай, устойлівай  памыслоты пра іншае касьмічнае быцьцё ня майма. А калі штосьці і выплывае, то чамусьці – смужнае, мройнае, няўлоўнае. Адчаго? Адтаго, што, з пазыцыяў Абсалюту, нас проста няма!

Няцяжка аслабаніць уваабражэньне і паспрабаваць уявіць такі … стан.

Бог – Прычына Прычынаў.

Прычынна мы – Думка Бога. Зацьвярдзелая у Матэрыі! Прыстасаваная для нашага пасільнага фізычнага ўспрыманьня: “спачатку было слова”.

Зьмены, пераўтварэньні, зьяўленьні, існаваньні, зьнікненьні ўсяго існага (і чалавека таксама!) у Часе і ў Прасторы – Яго Намер, Яго Воля. Пайшоўшы ад Яго, цалкам і напоўніцу зьведаўшы імглу ды сьвятло, да Яго і вернемся. Да Таго, хто сапраўдны Аз Есьмь. А мы – аз несьмь, майя, ілюзія.  

АКРАМЯ БОГА НЯМА НІКОГА!

Магчыма, пра нашую шчырую касьмічную заблудзь сказана: “Чалавецтва ёсьць вялікая Сірата, адзіная, якая пазбаўленая спадчыны на гэтай Зямлі…” (Пісьмы Махатмаў, Кут Хумі – Сінету, 20 лютага 1881 году).

Мы жывема ў касьмічнай ілюзіі – і гэтага зусім не ўсьведамляем: такі касьмічны этап разьвіцьця і змушанага неўразуменьня! Па сусьветных крытэрах гэта – недалужнасьць. Але ўва ўмовах касьмічнай Пірамідальнай нізкасьці (цяжкай зямносьці!), замкнутай прасторы, псыхалягічнай адасобленасьці такая перакананасьць – нават нармальная і апраўданая. І для амбіцыяў нядрэнная: мы паўстаем не як няцямлівыя і замаруджаныя істоты (такіх у Сусьвеце хапае), а як кемныя асобіны зь ведамі пра сябе.

Мітусяніна людзкіх лёсаў на Зямлі – вынік маштабнае касьмічнае працы па каардынацыі і ўзгадненьню энэргетычных плыняў як індывідуальнага, так і групавога кшталту з мэтай усеагульнага балансаваньня і ўдасканаленьня. Адтаго аб’ектыўна апраўданай зьяўляецца адначасовая і рознапрасторавая прысутнасьць на плянэце мірнага і катастрафічнага стану, радасьці і суму, шчасьлівага і гаротнага жыцьця. Многія працэсы выкліканыя кармічнай неабходнасьцю. Але аптымізм заўсёды ёсьць: несапраўднасьць нашага існаваньня сьведчыць пра бяссэнсавасьць любых мінучых клопатаў акрамя вечных – пра Бога.

Нам дадзеная сьвядомасьць – вялікі касьмічны Дар, лепшы праваднік па Сусьвету. Яна злучаная з разнастайнымі касьмічнымі выявамі Вышэйшага Розуму і іманэнтна падпарадкаваная Ім, а ў сваім ніжэйшым аспэкце – самасьведам’і – здольная да індывідуальнага ўдасканаленьня і пераісточаньня. Вераемна, такое разьвіцьцё пасадзейнічае нашай хуткай касьмічнай хадзе. Будзьма спадзявацца, Касьмічны Плян такое прадугледжваў, хоць меркаваньняў на гэты конт існуе шмат. Адно зь іх вартае ўвагі, бо, як ніякае іншае, прасьвятляе і абуджае.

У 1945 годзе ў пустыні ля Наг-Хамадзі (Эгіпт) былі знойдзеныя трынаццаць арыгінальных гнастычных тэкстаў (называюць яшчэ Гнастычныя Евангельлі), якія пацьвердзілі старажытнасьць інакшых тлумачэньняў Сьветабудовы.

 Гностыкі лічылі, што валодаюць сакральнымі  в е д а м і  пра Бога, чалавецтва і Сусьвет, спасьціжэньне якіх дае сапраўднае выратаваньне. Яны былі перакананыя: Дух – вечны, Матэрыя – ілюзійная; відзебны сьвет створаны ня Богам, а дэміўргам – ніжэйшым у герархіі багоў – з Матэрыі, то бок па сваёй прыродзе ён недасканалы. Дэміўрг – ганарысты, мсьцівы, незадаволены сваім тварэньнем, адтаго і вырашыў зьнішчыць яго, забараніў працэс спазнаньня Праўды. Але чалавек зь цягам часу памудрэў і здолеў аб’явіць Дэміўргу вайну. Каб дапамагчы людзям, Бог паслаў на Зямлю Ісуса Хрыста. Дэміўрг быў незадаволены гэтым і падбухторыў на забойства. Ісус Хрыстос памёр толькі як чалавечая іпостась Выратавальніка, а як Несьмяротны Бог застаўся жыць. Увогуле, гностыкі верылі, што выратаваньне дасягаецца цераз інтуітыўна спасьціганыя веды.

 Гэтая і шматлікія іншыя касмазнаўчыя вэрсіі сьведчаць толькі пра адно – пра  неабходнасьць аблуднасьці чалавецтва!? Каму гэта патрэбна? Безумоўна, таму, хто забясьпечвае касьмічнай энэргетыкай Зямлю! Без яе немагчымы на плянэце аніякія працэсы і агульнага, і індывідуальнага кшталту – такі Сусьветны Парадак!  

Каб лепш зразумець і гэтыя высновы, і прычыны такога быцьця, варта зьвярнуцца да сама дасканалай, на наш погляд, сучаснай тэорыі пра Сусьвет – тэасофскай.

Як ужо адзначалася, нашая Зямля – адметная зьява ў Космасе. Як і ўсё, заснаванае на прынцыпах майстроўскага спалучэньня разнастайнага з падобным.  

На ёй суджана ўдасканальвацца многім Боскім Стварэньням і галоўнае – Чалавеку! Наўмэнальна і фэнамэнальна  (усімі сваімі праісначанымі выявамі) ён належыць Богу: ад Яго адляцеў духоўнай іскрай – манадай і ў неверагодным кручэньні-вярчэньні Часу-Прасторы, праціскаючыся цераз пласты ўвасабленьняў і набываючы аблічча, праз мільярды гадоў патрапіў на Зямлю, пад нагляд і дагляд Плянэтарных Гэніяў. Кім ён толькі ня быў, якога выгляду не дасягаў!? Паветраным, вадкім, цьвёрдым. Мінеральным, расьлінным, жывёльным. Ад усяго, што ёсьць у Боскім Сьвеце, браў досьвед. Існаваў, змагаўся, выжываў. Ажно чатыры канцы сьвету адпакутаваў-пратрываў на Зямлі! І – апынуўся  перад пятым! На нейкім этапе касьмічнае эвалюцыі Вышэйшыя Сілы (мабыць, пашкадавалі з-за быдляцкага існаваньня і зьлітаваліся) вырашылі надарыць яго сьвядомасьцю… І – адчыніліся вочы, вушы, грудзі, вусны. Паліліся думкі, закіпелі жаданьні, узгарэлася прага. Забуяла ego – і нутро прасыгналіла: я – цэнтар Быцьця і ўсё магу! Без Кіравецтва! Я, Я, Я! Вакольле, сьвет пайшлі ходырам..  Валадары Зямлі, Апекуны, Настаўнікі занепакоіліся і змусіліся да новай эвалюцыйнай тактыкі…  

Нават хуткі пагляд на Вечнасьць Чалавецтва паказвае, што ягоны лёс складаны, несузначны, акрутны. І – падпарадкаваны: мэтанакіравана стварылі і вядуць  Касьмічныя Вышыні. Дэталёва паглыбляцца ў Вялікую Гісторыю ня будзьма, а толькі спынімся на сучасным пэрыядзе, які злучаны са сьвядомасьцю. Дапамогай, як і раней, паслугуе прынцып “як уверсе, так і ўнізе”.

“І стварыў Бог чалавека паводле вобразу Свайго, паводле вобразу Божага, стварыў яго; мужчыну і жанчыну стварыў іх.

І дабраславіў іх Бог, і сказаў ім Бог: пладзецеся і множцеся, і напаўняйце зямлю і валодайце ёю…” (Быцьцё, 1-27,28).

 Цяперашні касьмічны стан чалавек набыў прыкладна 18 мільёнаў гадоў таму. Прычынна ён узьнік, па-першае, ад неабходнасьці далейшае эвалюцыі і, па-другое, ад супярэчлівых Поглядаў Гэніяў на шляхі разьвіцьця, рэалізацыйна – ахутаны жорсткімі перапляценьнямі шматлікіх экспэрымэнтаў. Ёсьць падставы меркаваць, што сьвядомы шлях у адрозьненьне ад несьвядомага стаў найхуткім у Часе-Прасторы, скараціў пэрыяд грубага, дзікага і пакутнага касьмічнага сталеньня за кошт вялікіх фізычных выпрабаваньняў й інтэнсыву псыхічнае дзейнасьці, да якой ува ўмовах шчыльнай матэрыі людзі былі непадрыхтаваныя мысьленча.

Творчая сьмеласьць заўсёды перамагала. Невядома як у іншых зорных выпадках, а ў зямным яна строга затаёміла Сусьвет: спазнаньне стала магчымым толькі цераз удасканаленьне ego. Для вырашэньня праблемаў узаемадзеяньня сьведам’я са зьменлівым фізычным асяродзьдзем плянэты гэты спосаб стаў унівэрсальным і ўсеабсяжным. Паступова чалавечая цывілізацыя сутнасна ўвабрала яго, узбагаціла неверагоднымі і шматлікімі адценьнямі і ўжо зусім не ўяўляла існаваньня без сакрэтнасьці-хаваньня-замоўчваньня-скрытасьці-падману-…

З мэтай больш цьвёрдай і эфэктыўнай рэалізацыі Пляну чалавеку вызначылі касьмічны калідор для думаньня, адчуваньня, чыннасьці. Як ужо адзначалася, гэта – тыя ж пяць адсоткаў Сапраўднага Сусьвету. Мала? Дастаткова, каб у акрэсьлены час страсянуць ягоную ганарыстасьць, паказаць абмежаванасьць і адчыніць пэрспэктывы.

Сёньняшні этап разьвіцьця суворы і для сьвядомасьці ўзрушальна-пераўтваральны. Пакуль толькі эзатэрычны, навуковы ды цікаўны сьвет уяўляюць і кажуць гэта. Астатнія ж мэтафізычна абыякавыя і бязмоўныя, бо знаходзяцца ў палоне глыбокай ілюзіі. Што ж, ня ўсё адразу пры такім распамерным Часе.

Мы яшчэ недастаткова разумеем калідор свайго жыцьця, тую невялічкую пасу ў Боскім Матэрыяльным Тварэньні, якую вылучылі для разьвіцьця homo sapiens.

Аўтарытэтныя тэасофскія крыніцы сьцьвярджаюць, што насамрэч усё вакол нас – эфэмэрнае, зманлівае, зыбкае. Паходзіць ад Надумаў Стваральнікаў: яны мысьлююць – мы існуйма.

Нашыя ўчынкі, пачуцьці, думкі – вынікі іхнае Натхнёнае Творчасьці.

Калі нас атульвае-вядзе перакананасьць, што мы – самастойныя, незалежныя, валявыя і ўладныя,  то гэта – аблуднасьць. Абмылка адчуваньняў! Зманлівая ўласьцівасьць сьвядомасьці, якая знаходзіцца ў калідоры і падпарадкоўваецца Стваральнікам! Нішто з нам вядомага не зьяўляецца нашым, аўтаномным, адасобленым, бяз Іхнага ўчасьця.  І толькі за межамі нам вядомага, у сфэры астатніх 95 адсоткаў, мы паўстаем як Сапраўдныя Чалавекі, Касьмічныя Індывіды, Наўмянальныя Істоты ў суцэльнасьці ўсіх зьдзейсьненых намі касьмічных увасабленьняў. Зямная рэчаіснасьць – усяго  адзін досьвед Нашае Манады ў Матэрыі пад кіравецтвам Стваральнікаў плянэты! Такіх досьведаў – процьма! У фізычным, астральным, мянтальным асяродзьдзях. І пад апякунствам многіх ды розных Вадароў!

Сістэма навучаньня, ініцыяваная Звыш, прыстасаваная да нашае сьвядомасьці так, каб мы былі ўпэўненыя, што ўсё ажыцьцяўляем ад натхненьня і ўласнай ініцыятывы. Нават Высокія Помыслы прылучаныя такім чынам, каб засвойваліся цераз складанасьці асабістага жыцьця, строгі прагматызм і цяжкую індывідуальную працу. Спасьцігаць Неба, Іншасьць чалавек можа толькі ўва ўмовах непасрэднае земнасьці  і фізычнасьці існаваньня. Увогуле, рэаліі паказваюць, што Вышыні больш зацікаўленыя, каб людзі не “расьцякаліся помысламі”, а гарбаціліся да дзесятага поту – тады валей сьпее душа.

Думка бяспрэчная і да часу: мы разьвіваемся і павінныя ўсё “адпакутаваць”, а як  удасканалімся – Праўда і Справядлівасьць надыдуць!

 Так, але… дужа прагнуць глузды, карціць сьвядомасьці… Заканамерна: мы – homo sapiens! Пакуль. Да наступнае Майі, да чарговага ператварэньня. Кім  будзьма?  …  Дакладна адно: ЛЕПЕЙ!

Мікола Калядны, для Беларускай праўды

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект:

Загрузка...