9 ліпеня ўступіў у сілу ўказ прэзідэнта пра дзейнасць кітайска-беларускага індустрыяльнага парка «Індустрыяльны парк „Вялікі камень“». Згодна з ім кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка дазволіў аддаваць зямельныя ўчасткі ў межах парка ў прыватную ўласнасць інвестарам.
Паводле ўказа зямельныя ўчасткі даюцца ў сталае ці часовае карыстанне, арэнду тэрмінам да 99 гадоў ці ў прыватную ўласнасць без правядзення адпаведных аўкцыёнаў. Зямлю ў прыватную ўласнасць можна атрымаць па цане, роўнай 50 адсоткам ад яе кадастравага кошту, паведамляе Нацыянальны прававы партал.
Першы намеснік гендырэктара кампаніі па развіцці індустрыяльнага паркаКірыла Карацееў у размове з карэспандэнтам Свабоды адзначыў, што атрымаць зямлю ў прыватную ўласнасць можа толькі юрыдычная асоба Рэспублікі Беларусь.
«У нас на сённяшні дзень законам аб зямлі ўжо прадугледжана магчымасць прадстаўлення зямлі ў прыватную ўласнасць. І ў гэтым плане ўказ па індустрыяльным парку, які ўступае ў сілу, не нясе ніякіх навацыяў. На сёння магчыма прадстаўленне ў прыватную ўласнасць прадпрыемствам, якія створаныя на тэрыторыі РБ, у тым ліку з замежным капіталам. Незалежна ад паходжання — ці гэта кітайскі капітал, ці нейкі іншы. То бок гэтая норма і так сёння дзейнічала па Беларусі. Практыкі яе прымянення практычна не было, гэта так. Гэты вопыт не распаўсюджаны. Але навацыяў няма».
Паводле Карацеева, захоўваецца забарона на продаж зямлі ў прыватную ўласнасць замежным кампаніям, якія не з’яўляюцца рэзідэнтамі Рэспублікі Беларусь.
«У нас парк кітайска-беларускі, але не таму, што ён для кітайцаў. Ён для ўсіх інвестараў».
Пры гэтым спадар Карацееў адзначае, што сама працэдура куплі зямлі спрошчаная.
«Калі ў звычайным прававым полі, каб атрымаць зямлю ў тую ж прыватную ўласнасць ці ў арэнду, неабходна было звяртацца ў аблвыканкам — там ёсць пэўныя працэдуры, то ў гэтым выпадку гэтую працэдуру спрасцілі і падвялі пад мадэль парка. А мадэль парка палягае ў тым, што дзяржава перадае права выкарыстання земляў кіроўнай сумеснай кітайска-беларускай кампаніі. Гэта кампанія абавязваецца стварыць неабходную інфраструктуру, транспартную, інжынерную. Пасля гэтага яна на гэтыя зямельныя ўчасткі прыцягвае рэзідэнтаў. І кампанія альбо здае ў арэнду гэтым рэзыдэнтам зямлю, альбо прадае ў прыватную ўласнасць. То бок механізм той самы, толькі змяніліся крыху працэдуры».
Паведамленні ў медыях, што кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка дазволіў перадаваць беларускія землі кітайцам у прыватную ўласнасць, спадар Карацееў лічыць «вырванымі з кантэксту».
Кіраўніку аналітычнага цэнтру «Стратэгія» Леаніду Заіку даводзілася працаваць у Кітаі, дзе зямля, як ён адзначае, не прадаецца, а прадаецца гаспадарчае права выкарыстання зямлі на некалькі гадоў — сама ж зямля там застаецца ў народнай уласнасці. Што да эканамічнай дзейнасці за межамі Кітаю, спадар Заіка адзначае:
«Паводле расійскай практыкі, там, дзе кітайцы ўвайшлі, стварылі свае рынкі, прадпрыемствы, расійская паліцыя і расійскія ўлады ўжо не могуць ступіць нагой. Таму я не буду тут маляваць нейкія вясёлкавыя перспектывы і адсылаць да нейкіх законаў. Які закон для кітайцаў? У кітайцаў законаў няма, там, у адрозненне ад еўрапейскай, практыка іншая: камандуе партыя, спецслужбы і армія. Хоць на паперы нешта ёсць. Кітайцы гэта зробяць так: будуць жаніцца, і потым гэта будуць рэзідэнты.
Кітайцы хочуць увайсці і шчыльна, на дзесяцігоддзі тут асесці. Беларуская наменклатура, сярод якой ёсць і генералы КДБ, альбо гэтага не разумее, альбо пайшла на такую змову. Існуюць нацыянальныя інтарэсы Беларусі кароткатэрміновыя, сярэднетэрміновыя, доўгатэрміновыя. Мы ж у Кітаі ніякіх зонаў не ствараем. Мы ў Кітаі ніякай зямлі не атрымліваем. Няхай пойдуць на востраў Хайнань, выдзеляць 80 квадратных кіламетраў для будаўніцтва на востраве турыстычнай базы для беларусаў. І няхай атрымаюць такія ж правы рэалізацыі і выкарыстання зямлі. Няхай паспрабуюць. Там кожны кавалачак зямлі на ўліку. Там зямлі не хапае. У Кітая не хапае жыццёвай прасторы. І, паважаныя беларускія кіраўнікі, палітолагі і так далей, крыху ўключыце свае мазгі і падумайце, што гэта азначае для Беларусі. Кітайцы яшчэ нідзе і ніадкуль самі не сыходзілі. Наадварот, узнікалі і ўзнікаюць канфлікты паміж уласным бізнесам і кітайскім на глебе нацыянальных супярэчнасцяў. Кітай — гэта добра, гандляваць і сябраваць трэба. Але не да такой ступені, каб размясціць у сябе ля Мінска некалькі дзясяткаў тысяч прадстаўнікоў гэтай сяброўскай краіны».
Карэспандэнт: «Дык што гэта азначае для Беларусі?»
Заіка: «Гэта азначае каласальную стратэгічную памылку, якую выпраўляць будуць ужо не цяперашнія палітыкі, а будуць выпраўляць дзеці. І наўрад ці ў іх гэта атрымаецца. Кітайскія дзеці цяперашніх інвестараў будуць спрытнейшыя, чым дзеці нашай наменклатуры».
Эканаміст Міхал Залескі адзначае, што пытанне з зямлёй — самае страшнае, і пакуль яно не атрымае адказу, гэта будуць афёры і злачынствы супраць беларускага народу.
«Зямля ў Беларусі павінна належаць беларусам і больш нікому. Бо яна дасталася нам тут ад Бога. І ніякі гандаль за спінай у людзей немагчымы. Спачатку трэба зрабіць зямлю прыватнай уласнасцю, каб кожны ведаў, што яму належыць. А пасля гэнага ўласнікі зямлі няхай ствараюць рынак, гандлююць гэтай зямлёй паміж сабой. Усе іншаземцы, усе прыхадні маюць права атрымліваць тут зямлю толькі на ўмовах карыстання».
Тое, што зямлю ў прыватную ўласнасць можна атрымаць па цане, роўнай 50 адсоткам ад яе кадастравага кошту, спадар Залескі пракаментаваў так:
«Гэны кадастравы кошт — гэта фікцыя розуму. Кошт зямлі складаецца дзеля таго, што яна прадаецца і купляецца. А гэны кадастравы кошт — выдумка. Якія эканамічныя рэаліі ён адлюстроўвае? Гэта прастора для карупцыі».
Спадар Залескі называе сябе самым вялікім сябрам кітайскага народа ў Беларусі і прапагандыстам яго дасягненняў, бо цягам сарака гадоў вывучае кітайскую культуру.
«Але справа ў тым, што маніпуляцыі з зямлёй да высвятлення пытання аб прыватнай уласнасці на зямлю з’яўляюцца афёрамі. Тут кітайцы ні пры чым. Кітайцы робяць роўна столькі, колькі ім дазваляюць мясцовыя людзі. Мясцовыя людзі, якія маюць справу з кітайцамі, нам пайменна вядомыя. Мы ведаем, чые подпісы стаяць пад дакументамі з кітайцамі. Вось на гэтых людзей трэба ціснуць, а не на кітайцаў».
30 чэрвеня Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ № 326 «Аб дзейнасці кітайска-беларускага індустрыяльнага парку „Індустрыяльны парк „Вялікі камень“». Закладка першага каменя ў «Вялікі камень» адбылася 19 чэрвеня ў Смалявіцкім раёне Мінскай вобласці. У цырымоніі ўзялі ўдзел чыноўнікі Беларусі і КНР.
Парк будзе будавацца 30 гадоў на тэрыторыі Смалявіцкага раёна на плошчы 8048 га.
Крыніца: Радыё Свабода
Поддержать проект: |