На 19 чэрвеня запланаваная ўрачыстая закладка першага каменя ў Кітайска-беларускім індустрыяльным парку і пачатак будоўлі.

Ілюстрацыя tut.by

Ілюстрацыя tut.by

Гэты парк задумваўся як грандыёзны сумесны праект, тэрмін рэалізацыі якога — 30 гадоў і які ў перспэктыве штогод павінен прыносіць дзясяткі мільярдаў прыбытку.

Ідэя стварыць Беларуска-кітайскі індустрыяльны парк у Смалявіцкім раёне ўпершыню абмяркоўвалася яшчэ ў сакавіку 2010 году. У Мінск тады прыяжджаў намеснік старшыні КНР Сі Цзіньпін, было падпісана пагадненне, якое ратыфікавалі ў абедзвюх краінах яшчэ два гады таму.

Але з тае пары працэс стварэння Парку збавіў абароты.

Першы намеснік генеральнага дырэктара беларуска-кітайскай кампаніі па развіцці індустрыяльнага парку Кірыл Карацееў распавёў:

«Пакуль будаўніцтва яшчэ не вядзецца. Ідуць падрыхтоўчыя працы, па падрыхтоўцы пляцоўкі. Пад’язная дарога, сама пляцоўка. А пасля закладкі каменя ўжо пачнецца паэтапная праца: спачатку вертыкальнае планаванне, фундамент і далей».

У лютым 2014 года Аляксандр Лукашэнка правёў вялікую нараду з кіраўніцтвам краіны, дзе жорстка раскрытыкаваў гэтую «будоўлю стагоддзя» — маўляў, працэс ідзе марудна. У чым прычына? Меркаваньне Кірыла Карацеева:

«За што нас крытыкуюць? Без праектавання ж не пачнеш. А праектаванне, на жаль, у будаўніцтве працэс не відочны, не заўважны. Уласна кажучы, і цяпер не ўсё запраектавана. На штосьці ёсць гатовы праект, які прайшоў ужо экспертызу, а штосьці яшчэ праектуецца. Мы не можам пачаць увесь комплекс будаўнічых працаў адразу. Мы б хацелі, але не можам. Некаторыя аб’екты, якія можна, запускаем паралельна, каб не чакаць, а хутчэй пачаць».

Меркавалася, што на будоўлю прыйдзе кітайскі капітал. Але кітайскіх грошай дагэтуль няма. Эканаміст Сяргей Чалы кажа, што не было ніводнага прыкладу, каб кітайцы наагул штосьці сур’ёзнае сюды ўкладалі, акрамя звязаных крэдытаў, а калі і ўкладаюць капітал, дык толькі мінарытарнымі долямі. А тут беларусы спакусіліся на тое, што 60% — у кітайцаў, то бок мажарытарны пакет, тлумачыць Сяргей Чалы.

«Беларусы ўпершыню чакалі, што нарэшце кітайцы ўкладуць сродкі. Чакалі год таму, але дагэтуль нічога няма. І такое адчуванне, што з нашага боку задача і ставілася: прымусіць кітайцаў хоць нейкія грошы тут, што называецца, „закапаць“. Грошы крэдытныя — гэта тыя, якія абарочваюцца, а гэта грошы, якія застануцца. Атрымалася так, што ўжо беларусы істотна патрацілі свае сродкі на будоўлю знешняй інфраструктуры ў надзеі, што вось зараз кітайцы прыйдуць і нешта зробяць, а іх усё няма і няма».

Летась мясцовыя жыхары і дачнікі правялі магутную кампанію супраць будаўніцтва. Яны баяліся, што будуць знесеныя цэлыя вёскі і дачныя пасёлкі. Пасля грамадскіх слуханняў і ўмяшання кіраўніка краіны ранейшы праект забудовы скарэктавалі, кажа Кірыл Карацееў:

«Мы нікога не закранаем — ні дачнікаў, ні насельніцтва існуючых вёсак — нікога. Дзе выбрана першая пляцоўка — там наагул няма ніякіх інтарэсаў, ніякіх землекарыстальнікаў, акрамя лясгасу».

Мясцовых жыхароў таксама вельмі непакоіць тое, што ў Смалявіцкі раён прыедзе шмат кітайскіх працаўнікоў і могуць узнікнуць праблемы і непаразуменні, як гэта здарылася ў невялікім Светлагорску, куды на будоўлю заводу беленай цэлюлозы прыехала больш за тысячу кітайцаў.

Першы намеснік генеральнага дырэктара беларуска-кітайскай кампаніі па развіцці індустрыяльнага парку Кірыл Карацееў паспрабаваў суцешыць мясцовых жыхароў і дачнікаў:

«Я скажу шчыра: вядома, будуць працаўнікі з Кітаю. У нас некаторыя аб’екты будуць са звязанымі крэдытамі, то бок звязанае фінансаванне. А частка — незвязанае. Гэта ў асноўным інфраструктура, дарогі, да прыкладу. Яны будуць паводле беларускіх нормаў будавацца, там усё беларускае. Там нам кітайцы не патрэбныя, усё пабудуюць беларускія субпадрадчыкі. А на тыя аб’екты, якія па звязаных крэдытах узводзяцца — канечне, мы прывязём кітайцаў. Разумеючы ўсю вастрыню моманту, будзем з імі працаваць, каб паводзілі сябе прыстойна».

Крыніца: Радыё Свабода

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект:

Загрузка...