Што азначае прапанова Пуціна да Савета Федэрацыі адклікаць дазвол на ўжыванне ўзброеных сілаў Расіі ва Украіне? На першы погляд, нічога.
drakahrust2

Расія і зараз не прызнае свайго ўдзелу ў забурэннях на ўсходзе Украіны, расійскія грамадзяне, якія ў іх удзельнічаюць, гэта, паводле Масквы, дабраахвотнікі, а складаная зброя і бронетэхніка, якая дзіўным чынам маецца ў ваяўнікоў – ну гэта кшталту ва ўкраінскага войска адбітае. Паводле заяваў Пуціна гэты дазвол не выкарыстоўваўся нават у Крыме, «ветлівыя людзі», паводле яго, баявых дзеянняў там не вялі. А калі так, то што азначае гэты жэст?

Сёе-тое, здаецца, усё ж азначае. Да апошняга часу над Украінай увесь час навісала пагроза прамога расійскага вайсковага ўварвання: з’яўленне не дзясятка танкаў, а танкавых дывізіяў, знішчэнне з паветра ўкраінскай авіяцыі і бронетэхнікі, не сотні дыверсантаў, а дзясяткі тысячаў рэгулярнага войска. У пэўным сэнсе гэтая пагроза была мацнейшай за выкананне, яна абмяжоўвала Кіеў у выбары сродкаў і маштабу баявых дзеянняў супраць сепаратыстаў.

Цяпер гэтая пагроза калі не знікла, то зменшылася. Расія – зусім не ўзор праўнай дзяржавы, але юрыдычныя фармальнасці там часам і выконваюцца. Дазвол Савета Федэрацыі быў карт-бланш на пачатак паўнамаштабнай кампаніі ў любы момант. Пасля скасавання дазволу распачаць класічнае ўварванне ў любы момант будзе складаней хаця б псіхалагічна.

Выглядае, што галоўным матывам гэтага паўкроку назад стала перспэктыва санкцый трэцяй ступені, пагроза ўвядзеьня якіх адносна Расіі стала даволі рэальнай. Гэтае пытанне будзе разглядацца на саміце Еўразвязу на гэтым тыдні. Не зрабі Расія ніякага жэсту, працягвай яна рабіць ва Украіне тое, што яна робіць – ЕЗ мог бы і яшчэ можа ўхваліць новыя санкцыі. А яны прынцыпова адрозныя ад папярэдніх. Ранейшыя, цяперашнія тычацца візавых забаронаў і блакавання актываў асобаў, набліжаных да Крамля. Санкцыі трэцяй ступені – гэта санкцыі супраць цэлых сектараў расійскай эканомікі. Яна можа іх і вытрымае, але магчыма Пуціну не надта хочацца эксперыментаваць.

Да таго ж скасаванне дазволу на выкарыстанне войска, фармальна кажучы, не абмяжоўвае разнастайныя формы дапамогі ваяўнікам, што, уласна, Расія і рабіла да апошняга часу. Так што расійскі лідэр мог планаваць сваім жэстам за невялікую плату прадухіліць увядзенне новых санкцый.

Але ёсць падставы меркаваць, што рашэнне мае больш шырокі характар і на яго маглі ўплываць і дадатковыя чыннікі. Прэзідэнт Парашэнка прыпыніў баявыя дзеянні ўкраінскага войска. Парашэнка зрабіў крок, рызыкоўны ў ваенным сэнсе (за час замірэння ваяўнікі могуць перагрупавацца, атрымаць новае ўзбраенне і людзей, умацаваць свае пазіцыі), але моцны ў палітычным: я спыняю агонь, я хачу міру, вайны хоча іншы бок і тыя, хто за ім стаць. Дакажыце адваротнае.

Да таго ж у панядзелак адбылася яшчэ адна вельмі важная падзея: за адным сталом апынуліся прадстаўнікі Кіеву, хай і нефармальныя, у асобе экс-прэзідэнта Леаніда Кучмы, і прадстаўнікі данецкіх і луганскіх ваяўнікоў. І гэта таксама вялікая рызыка прэзідэнта Парашэнкі – ён сам казаў, што не будзе весці перамоваў з сепаратыстамі, да ідэі такіх перамоваў кепска ставіцца прынамсі значная частка ягоных выбаршчыкаў. МЗС Украіны не хоча называць гэтую сустрэчу перамовамі. Але размова людзей – гэта ў прынцыпе і ёсць перамовы. І гледзячы па ўсім, гэтая сустрэча дала набор станоўчых вынікаў: адзін з прадстаўнікоў ваяўнікоў Барадай заявіў, што спыненне агню да 27 чэрвеня будуць вытрымліваць і яны, была пэўная дамоўленасць наконт вызвалення закладнікаў.

Аднак гэтая сустрэча – гэта і яшчэ адзін чыннік «мірнага наступу»: дзеля міру мы размаўляем нават з тымі, каго лічым тэрарыстамі, і чаго ўвесь час дамагалася Масква. А што гатовы зрабіць дзеля міру іншы бок?

Ціск Захаду плюс «мірны наступ» Кіеву – фактары, якія прымусілі Пуціна здаць назад. Неабавязкова далёка, але назад. Дарэчы, ваяўнікі ўжо выказалі незадавальненне гэтым рашэннем. Яны інтэрпрэтавалі яго не толькі як тое, што расійская армія не прыйдзе ім на дапамогу, але і тое, што спыніцца паток зброі, аснашчэння і іншай дапамогі.

Пуцін сваім рашэннем таксама ідзе на пэўную рызыку, прынамсі, у межах яго светапогляду. Малаімаверна, што да 27 чэрвеня ваяўнікі выканаюць патрабаванне плану Парашэнкі і акуратна складуць зброю. Аднак пасля 27 чэрвеня Парашэнка, пазбавіўшыся ад пагрозы маштабнага ўварвання, можа ўсёй вайсковай сілай, не абмяжоўваючы сябе ў спосабах вядзення баявых дзеянняў, абрынуцца на мяцежныя рэгіёны, ніякія дыверсанты, ніякія метады «гібрыднай вайны» не дапамогуць. І Пуціну пасля ініцыяванага ім рашэння Савета Федэрацыі застанецца толькі назіраць за гэтым.

Не, калі лічыць, што Пуцін узмахам рукі можа імгненна спыніць забурэнні ў Данбасе, то ніякай рызыкі, зразумела, няма. Але калі можа, то навошта робіць паўкроку, фактычна падстаўляючы мяцежны рэгіён суседняй краіны пад удар украінскай арміі?

Магчыма, тут мае месца гутарка на мове палітычных жэстаў. Парашэнка зрабіў крок назад, Пуцін зрабіў у адказ, спадзеючыся, што другі бок гэтым не скарыстаецца, вярнуўшыся на зыходную пазіцыю на лепшых умовах. Як Пуціну пасля таго, як Савет Федэрацыі скасуе дазвол, будзе псіхалагічна нязручна імгненна адыграць назад, гэтак і Парашэнку пасля гэтага рашэння будзе псіхалагічна нязручна скарыстацца ім напоўніцу і зраўняць ачагі супраціву з зямлёй.

Зробленыя невялічкія крокі назад ад бездані вайны. Сітуацыя можа ізноў абрынуцца ў яе. Але цяперашняе замірэнне, ініцыятыва Парашэнкі і рашэнне Пуціна даюць невялічкую надзею, што данбаскі вузел будзе развязаны без вялікай крыві.

Крыніца: Юрый Дракахруст, Радыё Свабода

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект:

Загрузка...