Здаецца, прамаўляючы свой спіч з нагоды афіцыйнага свята, Аляксандр Лукашэнка ведаў дадзеныя апошніх сацыялагічных апытанняў. Ці арыентаваўся на іншыя індыкатары грамадскіх настрояў.
drakahrust2

Прамова і найперш мова, на якой яна гаварылася, выглядалі як адказ на зрухі ў грамадскай думцы, якія з’явіліся ці праявіліся апошнім часам.

На першы погляд – якія такія зрухі? Як той казаў, не было б шчасця, дык няшчасце дапамагло. Народ жыве беднавата, не 2011 год, але не раскашуе. Цэны растуць, рост рэальнага заробку з пачатку года стрымліваецца. Але рэйтынг Лукашэнкі расце, давер да яго расце. І зразумела чаму – суседскае няшчасце дапамагло. Беларусы параўноўваюць свой небагаты парадак і спакой з украінскім таксама небагатым, але «цікавым» жыцьцём і многія з іх аддаюць перавагу першаму.

Здавалася б, радавацца кіраўніку Беларусі і наагул нічога не мяняць. Але насамрэч прырода рэакцыі беларускай грамадскай думкі на ўкраінскія падзеі прымушае глыбока задумацца.

У сваёй прамове напярэдадні афіцыйнага свята Лукашэнка казаў пра «полчышчы» з усходу і захаду, якімі дарэмна палохаюць яго і беларусаў. Ну полчышчаў у прамым сэнсе чакаць можа і сапраўды не варта. Але ў пэўным сэнсе з усходу яны ўжо прыйшлі. Ці ніколі асабліва і не сыходзілі, проста зараз гэта стала бачна.

У Расіі падтрымка «крымнаша» і палітыкі Крамля ва ўкраінскім Данбасе зашкальвае. Але і ў Беларусі і адно і другое падтрымлівае пераважная большасць насельніцтва. Існуе папулярнае тлумачэнне, маўляў, гэта вынік працы расійскіх, ну і беларускіх дзяржаўных тэлеканалаў, паводле гэтага погляду беларускае і расійскае грамадствы – як пацукі з ужыўленым у мозг электродам, праз які прапаганда напампоўвае атруту нянавісці.

Аднак насамрэч усё складаней. Паводле чэрвеньскага апытання НІСЭПД апантаныя спажыўцы прадукцыі ведамства расійскага прапагандыста Дзмітрыя Кісялёва – сапраўды за «крымнаш» амаль пагалоўна. Але і сярод тых, хто расійскія тэлеканалы не глядзіць наагул, большасць (хаця і не такая пераважная) расійскую анексію Крыма таксама лічаць справядлівай. Як і тыя, хто адказаў, што атрымлівае інфармацыю пра падзеі ва Украіне з беларускіх незалежных выданняў і з Байнэта. Гэтых вось хто замбіруе?

Карацей кажучы, падтрымка Лукашэнкі вырасла, але яе прырода, подбіўка ўскосна ставіць пад сумнеў яго статус як кіраўніка якой-ніякой, але сувэрэннай краіны. Ёсць і больш прамыя паказнікі гэтага.

Пэўны час таму Лукашэнка казаў, што калі нехта, у тым ліку і з усходу, прыйдзе ў Беларусь са зброяй, ён асабіста будзе абараняць родную зямлю. Яшчэ тады кіраўнік дзяржавы дадаў, што яшчэ невядома, на чыім баку будуць расійцы, калі такое здарыцца. Добрая гіпотэза, але ёсць і адваротнае пытанне – а на чыім баку будуць беларусы ў гэтай сітуацыі? Вось адказы ў апытанні НІСЭПД: 14% – супраціўляўся б са зброяй у руках, 48% – пастараўся б прыстасавацца да новай сітуацыі, 17% – вітаў бы гэтыя змены.

Людзі неабавязкова самі ведаюць, як павядуць сябе ў гіпатэтычнай сітуацыі, але лічбы паказальныя. І яшчэ парачка: сярод прыхільнікаў Лукашэнкі, тых, хто гатовы абараняць краіну са зброяй у руках супраць вайсковай сілы з усходу – 9%, а гатовых вітаць гэтыя змены – 24%. І яшчэ адна: сярод тых 14%, хто заяўляе, што гатовы чыніць узброены супраціў, 60% лічаць нацыянальным сымбалем Беларусі бел-чырвона-белы сцяг. Усё зразумела?

«Полчышчаў» салдатаў ці «ветлівых людзей» на ўсходняй мяжы не бачна, «полчышчы» «рускага свету» ўжо тут, у душах і галовах беларусаў.

Ну і за што тут можна зачапіцца, каб супрацьстаяць? Зразумела ж, за сваё, за супольнае. І перапісы, і апытанні, ды і проста камунікацыя з людзьмі паказвае, што беларуская мова для беларусаў – каштоўнасць, нават для тых, хто на ёй не гаворыць. І гэта агульная каштоўнасць, яна не ёсць уласнасцю нейкай палітычнай ці культурніцкай групы, яна спадчына ўсіх. Хаця пры гэтым, зразумела, для адных большая каштоўнасць, чым для іншых.

Ну вось словы, сказаныя Лукашэнкам па-беларуску, і былі адрасаваныя як усім, гэтак і тым, для каго мова – крытэр.

Якія гэта можа мець наступствы? Ну наўпрост можа і ніякіх. Можа, у міліцыянта, у якога рука рэфлекторна падымаецца схапіць за карак беларускамоўнага актывіста, уключыцца другая сігнальная сістэма – а ці абавязкова, калі сам Лукашэнка на гэтай мове гаворыць. Наўрад ці варта чакаць, што цяпер палітычным і культурніцкім лідэрам часткі грамадства, для якой мова – крытэр, адкрыецца шлях у калідоры ўлады. Напэўна не.

Тут можна правесці аналогію з паслабленнямі праваслаўнай царкве, якія даў Сталін, калі немцы падыходзілі да Масквы. Аналогія тым больш плённая, што гэтыя паслабленні не азначалі адмовы ад камуністычнай ідэалогіі (дарэчы, падаецца, што раптоўная адмова ад яе тады спарадзіла б гарантаваную катастрофу), а азначалі адно спробу знайсці дадатковае духоўнае апірышча ў барацьбе.

Такое ж дадатковае апірышча, адказ на ідэалагічны, духоўны выклік «рускага свету» спрабуе знайсці і Лукашэнка. І ён не самотны ў гэтых пошуках, бо выклік кінуты не толькі яму, але і ўсяму беларускаму грамадству.

Крыніца: Юрый Дракахруст, Радыё Свабода

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект:

Загрузка...