З 8 ліпеня цягам 10 дзён былы палітвязень Мікалай Аўтуховіч будзе пад наглядам лекараў вайсковага шпіталя.
«Пакуль на 10 дзён, а там паглядзім. Абследаванне плюс лячэнне. Спадзяюся, палячу зубы і ўвогуле папраўлю здароўе», — сказаў карэспандэнту Свабоды Мікалай Аўтуховіч.
Былы палітвязень Мікалай Аўтуховіч — вэтэран баёў у Афганістане, мае дзяржаўныя ўзнагароды. У 2010 годзе былога прадпрымальніка асудзілі на 5 гадоў і 2 месяцы зняволення за захоўванне некалькіх патронаў. Сваёй віны Мікалай Аўтуховіч не прызнаў, у вязніцы некалькі разоў трымаў працяглыя галадоўкі, на знак пратэсту рэзаў жывот.
У зняволенні ў Мікалая Аўтуховіча развілася хвароба зубоў, аднак патрэбнага лячэння ў турме ён так і не атрымаў. Міліцыянты з Ваўкавыска, дзе пасля вызвалення з Гродзенскай турмы жыве Мікалай Аўтуховіч, адмовіліся выдаць яму дазвол на паездку ў Мінск для лячэння. «Давялося напісаць заяву, што адпраўляюся ў Мінск для пражывання, і чамусьці гэтая прычына іх больш задаволіла», — кажа Мікалай Аўтуховіч.
У сярэдзіне 2010-х гадоў Мікалай Аўтуховіч спрабаваў выкрыць некаторых мінскіх і ваўкавыскіх чыноўнікаў, якіх падазраваў у карупцыі. Супроць прадпрымальніка завялі дзве крымінальныя справы. Сам ён лічыць гэта помстай.
Крыніца: Радыё Свабода
Поддержать проект: |