Беларусь і Польшча пасля амаль пяцігадовага перапынку ўзнаўляюць перамовы аб транспамежнай супрацы.
14–15 ліпеня ў Мінску пройдзе дзявятае паседжанне Беларуска-польскай міжурадавай каардынацыйнай камісіі па справах транспамежнай супрацы. Папярэдняя, восьмая, такая сустрэча праходзіла ў Варшаве яшчэ ў верасні 2009 года.
Прэсавы сакратар МЗС Беларусі Дзмітрый Мірончык распавёў Свабодзе:
«Камісія разгледзіць шырокае кола пытанняў, у тым ліку памежнае і міжрэгіянальнае супрацоўніцтва, працу пунктаў пропуску і інфраструктуры на беларуска-польскай мяжы, а таксама іншыя тэмы, якія ўяўляюць узаемную цікавасць.
Дэлегацыі на перамовах узначаляць сустаршыні камісіі: беларускую — намеснік міністра замежных спраў Аляксандр Гур’янаў, польскую — першы намеснік міністра ўнутраных спраў Пётр Стаханьчык. Няхай не дзівіць, што кіраўнікі дэлегацыяў прадстаўляюць розныя міністэрствы. Транспамежнае супрацоўніцтва ахоплівае шырокае кола пытанняў. І таму ў нас іх каардынуе МЗС, а не нейкае іншае міністэрства. А ў нашых суседзяў крышачку іншы падзел працы, крышачку іншая кампетэнцыя».
«Вельмі пазітыўным крокам» называе сустрэчу беларускіх і польскіх экспертаў намеснік старшыні руху «За свабоду» Алесь Лагвінец:
«У межах гэтай камісіі шмат што зроблена добрага для жыхароў абедзвюх краін, якія жывуць паблізу ад дзяржаўнай мяжы. Больш за тое, наколькі я ведаю, некаторыя дакументы ўжо нават падпісаныя. Але дагэтуль не рэалізаваныя.
Звярніце ўвагу на дату. Апошні раз бакі сустракаліся ўвосень 2009 года ў Варшаве. Тады беларуска-польскія стасункі былі больш-менш нядрэнныя. А пасля — прэзідэнцкія выбары, Плошча і г.д. Тады і ўзнікла праблема з рэалізацыяй дамоўленасцяў. Калі цяпер воз нарэшце зрушыцца з месца, то гэта стане добрай справай».
Беларуска-польская міжурадавая каардынацыйная камісія па справах транспамежнага супрацоўніцтва была створана на падставе Пагаднення паміж урадамі абедзвюх краін ад 24 красавіка 1992 года. Яе задача — каардынацыя агульных напрамкаў, праграмаў і формаў транспамежнага супрацоўніцтва. У камісіі дзейнічаюць чатыры падкамісіі: прыпамежнага супрацоўніцтва, міжрэгіянальнага, тэрытарыяльнага планавання і пунктаў пропуску і інфраструктуры.
Крыніца: Радыё Свабода
Поддержать проект: |