Аляксандр Лукашэнка заклікае Украіну дамаўляцца і з Расіяй і з Еўрапейскім звязам. Аб гэтым ён сказаў журналістам пасля інаўгурацыі новаабранага прэзідэнта Украіны.

Мустафа Найем

Мустафа Найем

Сям’я экс-прэзідэнта Украіны Віктара Януковіча шукае прытулак у Беларусі — напісаў на сваёй старонцы ў Facebook галоўны рэдактар «Грамадскага тэлебачання» і знаны ўкраінскі журналіст Мустафа Найем. Не называючы сваіх крыніцаў, Мустафа сцвярджае, што такую магчымасць абмяркоўвалі па тэлефоне малодшы сын Віктара Януковіча — Віктар Віктаравіч — і прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

Радыё Свабода пагутарыла з журналістам пра магчымы пераезд Віктара Януковіча ў Беларусь.

— Мустафа, адкуль у вас такая інфармацыя?

— Мне гэтыя звесткі перадалі на канфідэнцыйных умовах, таму я б не хацеў называць асобу, якая паведаміла пра гэта. Аднак магу сказаць, што падчас тэлефоннай размовы была зробленая прапанова з боку прэзідэнта Лукашэнкі, што калі Віктар Януковіч захоча, то ён можа прыехаць у Беларусь. Вядома, што Віктар Януковіч мае карані ў вашай краіне, таму гэта можа быць як бы такой фармальнай падставай. Да таго ж была публічная заява Аляксандра Лукашэнкі падчас інаўгурацыі ў Кіеве, калі той сказаў журналістам, што ён не супраць таго, каб Януковіч прыехаў у Беларусь. Таксама ваш прэзідэнт выказаўся, што лічыць правільным, калі былы прэзідэнт будзе знаходзіцца ў сваёй краіне, то бок ва Украіне.

— Ці высокая ступень даверу паміж Лукашэнкам і Януковічам? Ці будзе прэзідэнт Беларусі дапамагаць Януковічу хавацца?

— Сын Януковіча Віктар падчас размовы з Лукашэнкам адзначыў, што калі яго бацька з’явіцца ў Кіеве, то тут можа здарыцца што заўгодна, і з ім змогуць разабрацца без суду і следства. На што Лукашэнка адказаў, што не лічыць Януковіча вінаватым у чымсьці і думае, што той мае права жыць ва Украіне, але калі той хоча паехаць у Беларусь, то няма праблем. Такім чынам, падтрымка на нейкім узроўні з боку вашага прэзідэнта ёсць.

— А чаму Віктар Януковіч не хоча заставацца ў Расіі, дзе ён знаходзіцца цяпер?

— Справа ў тым, што сям’я Януковіча і ён сам баяцца перамоваў, якія пачаліся паміж Расійскай Федэрацыяй і Украінай. Хаця калі паглядзець на тое, што адбываецца на ўсходзе Украіны, складана паверыць, што гэта нейкія вельмі шчырыя перамовы. Але магчыма, што Януковіч баіцца, што падчас гэтага дыялогу ён можа стаць прадметам кампрамісу, і яго могуць перадаць ва Украіну ў межах нейкага пагаднення. Гэты страх можа падагравацца тым, што Расія прызнала Пятра Парашэнку законным прэзідэнтам Украіны. А гэта азначае, што статус Януковіча пачынае выклікаць шмат пытанняў. Таму, відаць, ён і хоча зараз знайсці дадатковыя варыянты, дзе можна пачувацца бяспечна.

— У Беларусі ўжо жыве былы прэзыдэнт Кыргызстана Курманбек Бакіеў. У плане іміджу ці выгадна Лукашэнку ператвараць Беларусь у звалку былых дыктатараў?

— Я лічу, што Лукашэнка не дурны чалавек. І ён разумее, што гэта можа стаць канфліктам падчас нейкіх перамоваў ці то з Украінай, ці з Еўрапейскім звязам. Але Януковіч — гэта не той чалавек, наданне ці ненаданне прытулку якому зробіць Беларусь дэмакратычнай ці недэмакратычнай дзяржавай. Януковіч не можа сказаць, што ён хаваецца, таму што баіцца, што з ім нешта зробяць несправядліва. Бо ён насамрэч зрабіў вельмі шмат таго, што выклікае жаданне судзіць яго. Я лічу, што для Аляксандра Лукашэнкі гэта быў бы добры дадатак да калекцыі. Тым больш тое, што адбылося ў Кіеве, і тое, што адбывалася на Плошчы ў Мінску ў 2010 годзе, мела аднолькавы стыль і характар.

Крыніца: Радыё Свабода

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект:

Загрузка...