Раман Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім» быў упершыню апублікаваны 55 гадоў таму. Пасля яшчэ былі два гады змагання за тое, каб раман выйшаў асобнай кнігай. Два гады, якія на пэўны час выбілі ў Караткевіча глебу з-пад ног, у выніку чаго яго галоўная кніга засталася незавершанай.

Уладзімір Караткевіч

Зрэшты, сам ён пісаў: «Я ведаю: трэба працаваць. Іншага для мяне бадай што і не дадзена. І не трэба чакаць ад жыцця немагчымага. Магчыма, гэта лёс паклаў на плечы якіх-небудзь трыццацёх людзей цяжар цэлага народа, каб даведацца, ці ёсць мяжа сілам чалавечым. І той, хто ўцячэ, — той горш, чым дэзерцір. Таму што астатнім тады будзе яшчэ цяжэй».

«Скараціць!»

Уладзімір Караткевіч гаварыў, што задума напісаць твор пра паўстанне пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага ўзнікла яшчэ на пачатку 1950-х гадоў, падчас вучобы ў Кіеўскім універсітэты. Караткевічу было тады крыху больш за дваццаць. Дванаццаць гадоў ён збіраў матэрыялы і гадоў восем пісаў раман — так казаў ён аднаго разу. Хоць, з іншага боку, у адной з запісных кніжак пазначана, што пачатак рамана нарадзіўся 7 жніўня 1959 года ля Азярышча на Рагачоўшчыне, дзе на стромкім адхоне высокага правага берага Дняпра ён убачыў грушу. Аднак у найбольш поўным на сёння выданні «Каласоў…» фігуруе дата 27 красавіка 1962 года. Так ці іначай, але дакладна вядома, калі праца была завершана — у канцы рукапісу ёсць пазнака: «Канец першай кнігі. 18 мая 1964 г. 23.47».

Упершыню «Каласы…» з’явіліся ў 1965 годзе ў лютаўскім-чэрвеньскім нумарах часопіса «Полымя». Праўда, радасці ад таго аўтару было няшмат, бо раман быў надрукаваны не толькі ў скарочаным выглядзе, але дужа знявечаным. Правіў «Каласы…» галоўны рэдактар «Полымя» славуты паэт Максім Танк. Той экзэмпляр «Каласоў…» па сёння захоўвае паметы Яўгена Іванавіча: «Калі ўжо гэта скончыцца!», «Страшэнна ўсё зацягнута», «Гэта трэба скараціць!», «Скараціць!!», «Скараціць!!!» І следам каліграфічна-ўборыстым почыркам аўтара: «Аднавіць», «Аднавіць», «Аднавіць». «За кожнай папраўкай — імкненне згладзіць, прыгасіць страснасць тэксту Караткевіча, — адзначала адна з каментатараў «Каласоў…» Валянціна Андрэева. — Аўтар піша: “…Сыпанулі насустрач людзі”, рэдактар папраўляе: “Выбеглі”. У аўтара ляжанка “гарачая”, пасля праўкі — “цёплая”. Алесь у рукапісным варыянце “ляжаў на возе высока-высока”, але ўмешваецца рэдактар — і вось ужо ён толькі “высока ляжаў на возе”…»

«Герцовіч Якаў горка плакаў…»

Пасля першай публікацыі рэакцыя крытыкі не прымусіла сябе чакаць: ужо ў верасні з артыкулам «Лёсы чалавечыя і лёсы народныя» на старонках галоўнага беларускага афіцыёзу — у газеце «Советская Белоруссия» выступіў напаўзабыты сёння Якаў Герцовіч.

Выпускнік Камуністычнага інстытута журналістыкі, сталы супрацоўнік часопіса «Вожык», Якаў Бенцыянавіч меў устойлівую рэпутацыю крытыка-«пагромшчыка». Яго літаратурны густ фарміраваўся ў сталінскія 1930-я гады, што і перадвызначыла накіраванасць яго літаратурна-крытычнай дзейнасці — ён нярэдка сыходзіў са спрошчаных вульгарызатарскіх схем. Рыгор Барадулін гэтак «увекавечыў» гэтае імя:

Герцовіч Якаў горка плакаў:
Жыць мала, а не ўсіх абкакаў.

«Абкакаў» — гэта і пра Караткевіча, бо Герцовіч не ўпершыню ўжо пісаў пра яго: так, яшчэ ў 1962 годзе ён выступіў з артыкулам «Пошукі, находкі, страты», у якім прад’явіў аўтару рамана «Леаніды не вернуцца да Зямлі» абвінавачванні ў другараднасці, кніжнасці, у тым, што галоўны герой і яго таварышы — адарваныя ад жыцця фармалісты, якіх мала цікавіць змест савецкага мастацтва і яго ідэйная накіраванасць. У той час у СССР паднялася хваля барацьбы з «фармалізмам», якую спарадзіла рэзкая крытыка Хрушчовым маскоўскіх мастакоў падчас наведвання іх выставы. Гэта і справакавала паўсюднае «паляванне на ведзьмаў», у тым ліку ў саюзах пісьменнікаў. І Герцовіч наўпрост трымаў нос па ветры, абвінавачваючы цяпер Караткевіча ў «фармалізме». У выніку «Леаніды…», ужо падрыхтаваныя да друку асобным выданнем, былі забаронены і выйшлі пад назвай «Нельга забыць» толькі праз дваццаць год.

Не даспадобы прыйшлася заўзятаму крытыку і аповесць «Дзікае паляванне караля Стаха» (тут ён убачыў «элементарнае эпігонства»), а разам з ёй і «Каласы…». Як адзначаў адзін з найбліжэйшых сяброў Караткевіча слынны навуковец Адам Мальдзіс, у тым Герцовічавым артыкуле «Лёсы чалавечыя і лёсы народныя» побач са слушнымі крытычнымі меркаваннямі (аб празмернай даросласці і рытарычнасці слоў і думак галоўнага героя Алеся Загорскага) было досыць тэндэнцыйных пасажаў з выразным адбіткам вульгарнага сацыялагізму, якім так грашыў Якаў Бенцыянавіч.

Так, да прыкладу, аўтару «Каласоў…» інкрымінавалася, што задуму ён рэалізаваў толькі часткова, і нават на другім плане не знайшоў месца для сацыяльных «нізоў». Што, ідэалізуючы Загорскага, ледзь не пашырае ідэі класавага міру «паміж прыгоннікамі і прыгоннымі» і што «зноў прадэманстраваў абмежаванасць свайго гістарычнага бачання». І вердыкт як прысуд: аўтар «Каласоў…» паспяшаўся з публікацыяй, яму трэба нямала яшчэ папрацаваць над раманам, «каб у ім зліліся ў адно лёсы чалавечыя і лёсы народныя, загаварыла поўным голасам сапраўдная гісторыя».

Гэткім чынам аўтар «вожыкаўскіх» фельетонаў і процьмы літкрытычных пасажаў Якаў Герцовіч фактычна патрабаваў ад Уладзіміра Караткевіча напісаць новы, прынцыпова іншы твор. З’яўленне ж артыкула на старонках друкаванага органа ЦК КПБ не проста забяспечвала яму свайго роду дырэктыўнасць — па сутнасці, рэцэнзія прыгатавала «Каласам…» лёс двума гадамі раней забароненых «Леанідаў…». Гэта была міна запаволенага дзеяння, якая ў любы момант магла здэтанаваць.

І ў сапраўднасці так яно і адбылося, прычым даволі хутка — калі Караткевіч прапанаваў раман выдавецтву «Беларусь», узначальваў якое Захар Матузаў, не літаратар і не сябар Саюза пісьменнікаў, а партфункцыянер і стаўленік усё таго ж ЦК.

«Аўтар павінен зрабіць сваю кнігу лепшай»

Паводле тагачаснай выдавецкай практыкі, перш чым выдаць твор, на яго павінна была быць напісаная так званая закрытая рэцэнзія. У выпадку з «Каласамі…» гэтая місія была ўскладзена на вядомага пісьменніка, пазаштатнага рэцэнзента «Беларусі» Аляксандра Амвросьевіча Каратая, больш вядомага пад літаратурным псеўданімам Максім Лужанін. Да сваёй справы ён падышоў надзвычай адказна — яго рэцэнзія займае 74 машынапісныя старонкі падрабязнейшага аналізу рамана. І хоць яе пачатак абнадзейваў: «Перш за ўсё словы, якімі звычайна канчаюць рэцэнзіі: раман Ул. Караткевіча мае ўсе падставы перайсці са стану рукапісу ў стан друкаванай кнігі», аднак сама рэцэнзія мела ледзь не спрэс негатыўна крытычны характар. Практычна ўсе 74 старонкі за вельмі рэдкім выключэннем.

Так, ужо ад пачатку пярэчанні ў М. Лужаніна выклікаў не толькі самы зачын (эпіграфы і прысвячэнне маці Караткевіча Надзеі Васільеўне; увогуле, першапачаткова прысвячэнне гучала так: «Маці маёй, кожнай беларускай маці, прысвячаю»), але нават назва. Прывядзём тут пачатак рэцэнзіі, каб чытач меў уяўленне пра стыль і скрупулёзную, калі не казаць больш — педантычную ўедлівасць аўтара:

«І. НАЗВА РАМАНА, ЭПІГРАФЫ, ПРЫСВЯЧЭННЕ І ВЕРШАВАНАЯ ЗАПЕЎКА

Маюць відавочную сувязь і ў той жа час знаходзяцца ў пэўнай супярэчнасці. Аб’ядноўвае іх перш за ўсё евангельскае паходжанне і афарбоўка.

Эпіграфы звязаны з легендай аб тым, як Хрыстос пяццю хлебамі і дзвюма рыбкамі накарміў пяць тысяч чалавек, як потым адказваў садукеям і фарысеям і як тлумачыў свае адказы апосталам. Усё гэта трэба ведаць, каб зразумець кірунак аўтарскай думкі, іначай яна пройдзе не закрануўшы чытача.

Наўрад ці ў наш час сур’ёзная кніга аб гістарычных лёсах народа патрабуе падмацавання ў евангельскай філасофіі, тым больш што яна не асэнсоўваецца крытычна. У першым эпіграфе (ад Лукі) выразна чуваць матыў усецярпення і ахвярнасці. У гэтым яго сувязь з назвай твору і прысвячэннем.

На першы погляд, назва “Каласы пад сярпом тваім” не выклікае пярэчанняў. Сапраўды, шлях да свабоды, сацыяльнага вызвалення людзей — пакутлівы, цяжкі, усеяны незлічонымі стратамі. Але ці правамерна думаць, як прасочваецца ў друку, што “падзеі 1863 года — гэта велічнае і трагічнае жніво, дзе серп гісторыі жне дзеля таго, каб наступныя пакаленні маглі правесці новы пасеў”.

Так гаварыць, па меншай меры, антыгуманна, такім чынам як бы апраўдваецца царызм, бо яму надаецца роля “сярпа гісторыі”, які сцінаў “каласы” (жывых людзей, лепшых з іх) на глум, каб ніводнае зерне не прарасло і не пайшло на духоўную спажыву. Тым часам гісторыя, вальналюбства народа накіравалі справу іначай і ў выніку праз 60 год прыйшло Кастрычніцкае вызваленне. […]

Якой бы павабнай і змястоўнай ні здавалася метафара “жніва”, яна не выражае сутнасці з’явы, тут куды бліжэй метафара “глебы”, бо на ёй растуць людзі і спеюць паўстанні. Вось чаму, на мой погляд, назва твору не нясе ў сабе сапраўднай канцэпцыі рамана».

Аднак няправільна было б казаць, што літаральна ўсе выказаныя рэцэнзентам заўвагі былі беспадстаўнымі — у нечым Максім Лужанін, безумоўна, меў рацыю. Між іншым, ужо ў першых радках ён зазначаў: «Вельмі здольная рука напісала значны і цікавы твор, можа быць, першы гістарычны раман у нашай літаратуры, запаўняючы прабел не толькі на чытацкіх паліцах, а перад усім у нашым веданні карцін мінулага часу, гераічных і трагічных падзей напярэдадні паўстання 1863 года. […] …У гістарычнай тэме Ул. Караткевіч знайшоў сябе як пісьменнік і гістарычная тэма ў нас знайшла свайго пісьменніка».

Але разам з тым многія палажэнні Лужанінскага трактата прымушалі аўтара «Каласоў…» грунтоўна перапрацаваць раман і зрабіць гэта ў адпаведнасці з тагачасным вульгарна-сацыялагічным уяўленнем пра ХІХ стагоддзе наогул і пра беларусаў у прыватнасці. «…Аўтар павінен зрабіць сваю кнігу лепшай, падняцца да ўзроўню бездакорнасці…» — пісаў рэцэнзент.

І, прыняўшы многія з тых заўваг (у выніку аб’ём рамана значна паменшыўся — Караткевіч гаварыў пасля:

«Заўвагі Лужаніна я прыняў, але з 70 аркушаў я давёў іх да 50 аркушаў. Тыя заўвагі, якія не маглі пашкодзіць асновам майго рамана, я прыняў»), аўтар «Каласоў…», тым не менш, не зрабіў галоўнага — таго, пра што і пісаў Максім Лужанін: «Чытаючы і ацэньваючы раман, не будзем ні на хвіліну забываць аўтарскую задачу: напісаць гістарычны твор пра жыццё народа, а не хроніку фаміліі князёў Загорскіх. Апошняе было б занадта вузка і не варта намаганняў сучаснага мастака, чыя цікавасць і ўмельства не могуць не быць скіраваны на жыццё народа, выспяванне рэвалюцыйнай сітуацыі і перадумоў выбуху паўстання».

Да таго ж Лужанін лічыў, што «трэба паставіць правільна мастацкія і сацыяльныя акцэнты», адзін з якіх заключаўся ў наступным: «Дом Загорскіх, бацька, маці, іх багацце, выхаванне Алеся апісаны з веданнем тагачаснага жыцця, на дастойным літаратурным узроўні. Аднак ёсць ва ўсім гэтым пэўная доля замілавання, многія апісанні з’яўляюцца як бы самамэтай, а не сродкам паставіць сацыяльныя акцэнты. Вельмі мала тут адносін Алеся да асяроддзя, куды ён трапіў пасля вясковай хаты, мала “вачэй”, калі можна так сказаць, хлапчука, з якога пачынаюць выбіваць любае яму, мужычае. Відаць, не з замілаваннем глядзіць ён на незлічоныя багацці (бацькі і дзеда), а здзіўлена і крыху трагічна, наколькі дазваляе яму ўзрост. […]

Аўтар ведае, і добра было б, каб гэта веданне перадавалася чытачу, што магнацкія скарбы, здабыткі старажытнага дойлідства, жывапісу — геній народа, яго пот і кроў. Гэта нас дзівіць і ўражае, але захапленне мастацкімі каштоўнасцямі не можа пераносіцца на тых, хто імі ўладае».

І ў выніку чарговы — следам за Герцовічам — прысуд: «Паказ беларускай вёскі, беднай, праз якую і для якой адбылося паўстанне, — першае, аб чым мусіць быць аўтарскі клопат. Аўтар вольны ў выбары сродкаў — увесці яшчэ вёску, яшчэ сялянскую сям’ю або некалькі іх — бясспрэчна адно, што такія сродкі павінны быць знойдзены ў імя гістарычнай і мастацкай праўды».

«Выдаць не ўяўляецца магчымым»

Апошнюю кропку ў сваёй знішчальнай ацэнцы Аляксандр Амвросьевіч паставіў 30 лістапада 1965 года. Другую рэцэнзію пісаў ужо рэдактар выдавецтва «Беларусь» Леў Салавей, крытык і пераважна перакладчык з рускай, а па сумяшчальніцтву рэдактар будучай Караткевічавай кнігі.

Пазней Льва Антонавіча будуць папракаць у тым, што ў яго няма сваёй уласнай пазіцыі па раману, што ён спасылаецца выключна на заўвагі Лужаніна. І сапраўды, у сваёй рэцэнзіі ён не раз засведчыў, што не бачыць патрэбы зноў паўтараць тое, што «падрабязна, грунтоўна і, галоўнае, доказна» «напісаў на 74-х старонках пазаштатны рэцэнзент Максім Лужанін». Зрэшты, галоўнае ў рэцэнзіі Салаўя было іншае — тое, што ён казаў асабіста Караткевічу і што не наважыўся потым паўтарыць публічна, а менавіта: «Выдаць у гэтым выглядзе раман не ўяўляецца магчымым».

Гэта быў яшчэ адзін несуцяшальны вердыкт, які вынес штатны супрацоўнік выдавецтва і рэдактар кнігі. Пасля гэтага ўсе хай сабе шчырыя рэверансы і салаўіныя хваласпевы на адрас аўтара «Каласоў…» («Перагарнуўшы апошнюю старонку гэтага аб’ёмнага рукапісу, міжвольна спыняеш сваю ўвагу на маштабнасці аўтарскай задумы, на незвычайнай працавітасці пісьменніка, які паставіў перад сабою задуму асвятліць мастацкімі сродкамі адзін з цікавых перыядаў у гісторыі нашага народа…» і г. д., і г. д.) не мелі ўжо абсалютна ніякага значэння. Напісаўшы ўласнаручна, што твор выдаць «не ўяўляецца магчымым», Леў Антонавіч Салавей (каму цяпер вядома гэтае імя?) падпісаў раману смяротны прысуд.

Аднак у чым жа заключаліся прэтэнзіі шараговага супрацоўніка ведамства Захара Пятровіча Матузава? Па сутнасці, яны былі ўсё тыя ж — лужанінскія. Л. Салавей пісаў:

«Сапраўды, пры ўважлівым чытанні многіх соцень старонак рамана хочаш не хочаш, а міжвольна складваецца ўражанне, што перад намі не гістарычнае мастацкае палатно, на якім павінна было б знайсці адлюстраванне жыццё заняволенага народа, а нейкая хроніка княжацкага роду Загорскіх з самым падрабязным пералікам усяго, што думалі і рабілі яго прадстаўнікі. Атрымаўся вельмі прыкметны і, на маю думку, нічым не апраўданы перакос, які наносіць ідэйна-мастацкую шкоду твору. Паставіўшы на першы план такіх герояў, як князь Алесь Загорскі, яго дзед, бацька і некаторых іншых, пісьменнік тым самым шчыльна засланіў імі ўсё, што рабілася за тоўстымі сценамі палацаў. Мы фактычна не бачым народа, не ведаем яго дум, не ўяўляем яго жаданняў, не адчуваем на поўную сілу яго гневу і крыўды на беспрасветнае, нечалавечае сваё існаванне. І разам з тым са скрупулёзнасцю незвычайнай Ул. Караткевіч апавядае і паказвае нам незлічонае багацце гаспадароў Загоршчыны і іншых “дваранскіх гнёзд” Прыдняпроўя, дзе кожны камень быў абліты потам і крывёю простага чалавека — сапраўднага тварца гэтых каштоўнасцей. […]

Зрушыўшы сацыяльныя акцэнты, аўтар тым самым не толькі нанёс твору страты ў ідэйным плане, але і ў мастацкім. Атрымалася відавочная аднабокасць у паказе народнага руху напярэдадні 1863 года і тым самым аднабокасць у абмалёўцы пэўнага гістарычнага перыяду.

У рамане, нават пасля аўтарскіх скарачэнняў, засталося дужа многа непатрэбных сцэн і апісанняў, якія страшэнна загрувашчваюць кнігу, робяць яе расцягнутай і пульхнай і, безумоўна, не надаюць ёй неабходнай сюжэтнай стройнасці. Лірычныя адступленні часам настолькі мнагаслоўныя, што збіваюць увагу чытача на другараднае або выводзяць яго за межы часу і прасторы.

Доўга і шмат можна гаварыць пра хібы твора. Яны раскіданыя па многіх раздзелах. Адны больш дробныя і іх параўнальна няцяжка пазбегнуць. Другія куды сур’ёзней і выправіць іх адным росчыркам пяра ніяк нельга, бо звязаны яны з канцэпцыяй, якая вылілася ў неадпавядаючыя гістарычнай праўдзе формы адносін паноў да сялянства і сялянства да паноў. Менавіта на гэтым трэба аўтару засяродзіць усю сваю ўвагу».

Разам з тым Л. Салавей адзначаў, што калі многія «прыватныя заўвагі і прэтэнзіі» першага рэцэнзента ў абсалютнай большасці прыняты аўтарам («Уладзімір Караткевіч, на вялікі жаль, прыняў якраз другараднае, усё тое, што больш-менш выпраўлялася»), дык «крытычныя заўвагі больш сур’ёзнага характару», на якіх і трымаецца ідэйная канцэпцыя рамана, аўтар «адхіліў ці пакінуў без належнага крытычнага асмыслення». І хоць, на думку рэцэнзента, «выправіць усе адзначаныя М. Лужаніным хібы, справа не з лёгкіх, аднак абсалютна неабходная. І кампрамісу тут не можа быць».

«Прашу абмеркаваць мой раман»

Уладзімір Караткевіч пісаў у адным з лістоў: «Ад адной думкі, што можна зламацца, стаць кан’юктуршчыкам, робіцца страшна. А пісаць так, як пішу, — гэта нікому не патрэбна». У сваю чаргу, Рыгор Барадулін згадваў, што любімым выслоўем ягонага сябра было: «І коскі з месца не зрушу!» І што было рабіць аўтару «Каласоў…» з такімі прынцыпамі? Тым больш, што выказаныя абодвума рэцэнзентамі заўвагі зусім не выглядалі на проста заўвагі — з боку Льва Салаўя гэта былі патрабаванні, не іначай. Але пагадзіцца і прыняць іх для Караткевіча было непрымальна. Гэткім чынам узнікла тупіковая сітуацыя. І каб паспрабаваць вырашыць невырашальнае, Уладзімір Сямёнавіч напісаў заяву ў сакратарыят Саюза пісьменнікаў:

«Я здаў раман “Каласы пад сярпом тваім” у выдавецтва “Беларусь” два гады назад. Рэцэнзію на раман пісаў М. Лужанін. Некалькі месяцаў пасля таго я сядзеў над рукапісам, дапрацоўваючы яго.

Цяпер у выдавецтве з раманам зноў узніклі цяжкасці. Патрабуюць змяніць канцэпцыю (а яна ў мяне, лічу я, адпавядае эпосе, якую апісваю, норавам людзей, праўдзе аб паўстанні 1863–64 гг.), адсунуць на другі план галоўных герояў, прыпісаць сялянству тую ролю ў паўстанні, якую яно пачало адыгрываць значна пазней (аб чым будзе ў другой частцы рамана).

Прашу сакратарыят Саюза пісьменнікаў абмеркаваць мой раман і выказаць сваю непрадузятую думку аб ім, з тым, каб кончыць з гэтымі бясконцымі, неабгрунтаванымі затрымкамі».

Ужо ў той жа дзень сакратар праўлення СП БССР Іван Мележ (які, па сведчанні А. Мальдзіса, быў гарачым прыхільнікам гэтага абмеркавання) звярнуўся ў выдавецтва «Беларусь» з просьбай прадставіць не толькі рукапіс «Каласоў…», але і Лужанінскую рэцэнзію. Праўда, чакаць канчатковага вырашэння лёсу свайго рамана аўтару давялося досыць даўгавата — аб’яднанае пасяджэнне сакратарыята, секцый прозы і крытыкі адбылося толькі праз чатыры месяцы, 22 лютага 1967 года. Старшынстваваў на ім Іван Паўлавіч Мележ.

Ультыматум

Добрае слова пра раман казалі практычна ўсе выступоўцы. Што ж датычыць хібаў «Каласоў…», дык, на думку першых прамоўцаў, яны былі не надта каб дужа істотныя. Як зазначыў навуковы супрацоўнік Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа АН БССР Мікола Лобан, «ёсць і слабыя да наіўнасці раздзелы. А яны яшчэ, як правіла, бываюць расцягнутымі», таму некаторыя раздзелы «просяцца скараціць або зусім зняць». Аднак разам з тым М. Лобан не бачыў сур’ёзных прычын, каб не друкаваць раман.

Яшчэ больш аўтарытэтнай была пазіцыя навуковага супрацоўніка Цэнтральнага дзяржаўнага гістарычнага архіва Літвы Генадзя Кісялёва, які, будучы спецыялістам па апісанай у рамане эпосе, задаўся бадай што галоўным пытаннем: наколькі правільна адлюстроўвае гістарычныя падзеі Караткевіч?

«Усе вы, вядома, ведаеце, што гісторыкі да самага апошняга часу працягваюць спрачацца пра гэтыя падзеі, прычым спрачаюцца да таго, што нават не могуць дамовіцца, чым жа было паўстанне 1863 года, — гаварыў Г. Кісялёў. — Адны сцвярджалі, што гэта шляхецкае паўстанне, іншыя казалі, што сялянскае. […] Мне прыйшлося падняць нямала матэрыялаў па паўстанню 1863 года […], і я магу сказаць, што Уладзімір Караткевіч вельмі правільна разабраўся ва ўсіх складаных супярэчнасцях гэтай эпохі, якую ён малюе. Ён добра знаёмы з дакументамі, яму дапамагае ў многіх выпадках выдатная інтуіцыя мастака».

Зрэшты, першыя прамоўцы знаходзіліся ў пэўнай разгубленасці. Справа ў тым, што хоць раман чыталі ўсе прысутныя, аднак далёка не ўсе былі знаёмыя з рэцэнзіяй Лужаніна. Сам жа Аляксандр Амвросьевіч на сходзе не прысутнічаў. Таму пералом у абмеркаванні наступіў толькі пасля выступлення Льва Салаўя, які прыкрываўся Лужанінскай рэцэнзіяй як ахоўнай граматай. Невыпадкова Вячаслаў Адамчык заўважыў: «Мне здаецца, што рэдактар гэтага рамана не мае сваёй выразнай пазіцыі». Калі ж Салавей следам за Лужаніным казаў, што трэба было б пашырыць і ўмацаваць сялянскую лінію, дзеля чаго трэба «лакалізаваць непамерна шырокую не толькі па колькасці старонак лінію княжацкую», хтосьці з прысутных слушна запярэчыў: «Гэта новы раман трэба пісаць».

Наогул, толькі двойчы Леў Антонавіч сказаў нешта ад сябе. Так, да прыкладу, калі Караткевіч заўважыў, што скараціў раман на чвэрць, Салавей парыраваў: «Але гэта вельмі вялікі раман, і ён значна перавышае планавы аб’ём». І другім разам: «Трэба яшчэ раз прачытаць твор, паставіць мастацкія акцэнты. Валодзя Караткевіч, калі гэтыя акцэнты пастаўлены не будуць, дык раман выдавацца не будзе».

Гэта быў ультыматум. Не асабіста рэдактара выдавецтва «Беларусь» Льва Салаўя, канешне, а ведамства Захара Матузава, а калі быць дакладным, дык ультыматум таго, хто быў вышэй за Матузава, а менавіта сакратара ЦК КПБ па пытаннях ідэалогіі Станіслава Пілатовіча. Гэта на ім, паводле сцвярджэння Адама Мальдзіса, была ў вялікай ступені віна за цкаванне аўтара «Каласоў…», бо гэта найперш Пілатовіч выступіў супраць выдання рамана асобнай кніжкай. І нельга выключаць, што гэта менавіта з ягонай ініцыятывы з’явілася ў «Советской Белоруссии» разгромная рэцэнзія Я. Герцовіча, якая і дала пачатак усёй гэтай антыраманнай кампаніі. І гэта паводле ўказання Пілатовіча ў «ЛіМе» ў 1969 годзе быў дадзены адпор эсэ Караткевіча «Званы ў прадоннях азёр». Прозвішча пісьменніка згадвалася ў той час у афіцыйных выступленнях як жупел ідэйнай заганнасці і ледзь не варожасці. Хоць, па словах Мальдзіса, Караткевіч быў першы, хто адкрыта казаў, што меліярацыя вядзецца на Палессі па-варварску, і хто, прадбачачы экалагічныя крызісы, пачаў біць у званы. Эсэ «Званы ў прадоннях азёр» выклікала рэзкую крытыку ў партыйным друку, а Пілатовіч, абвінавачваючы аўтара ў тым, што ён не ўбачыў на Палессі нічога новага, заявіў, што той хоча стварыць з палешукоў «рэзервацыю». «Я помню, як горка рыдаў Караткевіч, калі даведаўся, што Пілатовіч даў каманду зганьбіць эсэ, — прыгадваў Адам Мальдзіс. — Валодзя ніколі нн быў помслівы, але тут сказаў на адрас Пілатовіча: “Хай у яго будзе такі лёс, які ён заслугоўвае”».

І сапраўды, жыццёвы фінал былога ідэолага незайздросны: Пілатовіч скончыў жыццё самагубствам — застрэліўся. Але памёр не адразу, а колькі дзён яшчэ пакутаваў. Хавалі яго, былога члена ЦК КПСС і пасла СССР у Польшчы, ціха — без дзяржаўных ушанаванняў і некралогаў. Нават абвесткі ў газеце не было.

Прароцтва Адамовіча

Аднак вернемся да аб’яднанага пасяджэння. Пасля выступлення рэцэнзента Салаўя ўсё паўстала на свае месцы — было відавочна, што хто б з пісьменнікаў што далей ні казаў, гэта ні на што ўжо не паўплывае — раман усё адно выдадзены не будзе.

З гэтага і пачаў сваё выступленне Алесь Адамовіч, які зусім нядаўна адмовіўся падпісаць калектыўны ліст супраць выдаўшых за мяжой «антысавецкіх» твораў Андрэя Сіняўскага і Юлія Даніэля і ў выніку вымушаны быў звольніцца з Маскоўскага ўніверсітэта і вярнуцца ў Мінск: «Мы — тыя, што сабраліся тут, хацелі б не проста скалынаць паветра, абмяркоўваючы раман і даючы яму ацэнкі, каб выдавецтва потым, як заўсёды, наплявала на нашы размовы і, як заўсёды, зрабіла так, як яно захоча. […]

Гаворка ідзе не пра адну кнігу, а пра ўсю творчасць Валодзі Караткевіча. Кожны з нас можа перастаць пісаць, і ў адным выпадку гэта будзе вялікая шкода, у іншым меншая, але калі Караткевіч кіне пісаць — гэта будзе незаменная страта для беларускай літаратуры.

Караткевіч робіць тую справу, якую мы ўсе, хто сабраўся тут, не можам рабіць, бо з’явіўся ў Беларусі чалавек, які заняўся ўсур’ёз тым, што рабіў у Англіі Вальтэр Скот, у Расіі — Лажэчнікаў і Загоскін».

І, нарэшце, несуцяшальны прагноз Адамовіча: «Я ўпэўнены, што раман Караткевіча не будзе выдадзены ў найбліжэйшыя пяць гадоў, нягледзячы на ўсе нашы размовы. Ён не будзе выдадзены таму, што Саюз [пісьменнікаў] для нашага выдавецтва — гэта арганізацыя, якая чамусьці піша нейкія кнігі, якія трэба чамусьці выдаваць…»

У сваю чаргу, меркаванне былога рэпрэсаванага, сталага і паважанага пісьменніка Янкі Скрыгана прагучала нечаканым дысанансам: на ягоную думку, Караткевіч не толькі не ў меру захапляецца другарадным, але і ігнаруе пэўныя акцэнты. «Ёсць жа яшчэ палітычны погляд на гэтыя рэчы, а яны ў рамане вельмі склізкія, напрыклад, пра гістарычную місію беларусаў, — зазначыў Янка Скрыган. — Чытаецца падтэкст так, што беларуская нацыя вышэй другіх нацый. У рамане гэта ёсць». — «Сорамна так гаварыць, гэта палітычны данос з трыбуны, — запярэчыў Караткевіч і ў адказ на заўвагу Мележа: «Паважайце прамоўцу!» дадаў: — Такога прамоўцу паважаць нельга». Аднак трэба сказаць, што словы Янкі Скрыгана былі адзіным выключэннем у гэтым сэнсе і ніяк не стасаваліся з тым, што казалі іншыя:

«…У нашай літаратуры ёсць той недахоп, што мы паказваем свайго чалавека неяк прыніжана. Тут справа ідзе аб тым, каб узняць нашага чалавека. Такія спробы ўзняць нашага чалавека, беларуса, ужо зроблены ў “Птушках і гнёздах”. Можа быць, такая спроба ўзняць чалавека, беларускага чалавека, ёсць і ў Караткевіча. Вось, скажам, Міхаіл Шолахаў вельмі ўзнімае свайго чалавека, а мы чамусьці яго некалькі прыніжаем» (Вячаслаў Адамчык).

«…Па прыродзе таленту Караткевіч выключны рамантык. Гэта божы дар, з якім ён прыйшоў у літаратару і робіць тое, што ніхто не рабіў да яго ў беларускай літаратуры. Тое, што піша Караткевіч, гэта не раман у гістарычным жанры, а рамантызацыя гістарычнай хронікі. І толькі так трэба падыходзіць да рамана. […] Відаць, Караткевіч не перапрацуе раман у тым плане, калі яшчэ некалькі сямей сялянскіх увядзе, і я не ведаю, ці патрэбна гэта рабіць» (Іван Навуменка).

«Я таксама не зусім разумею, што такое хроніка князёў Загорскіх. Не павінна быць ні хронікі сялян, ні хронікі князёў Загорскіх. […] Правільная заўвага наконт таго, як падаецца натоўп, але там няма тых людзей, якіх мы ведалі б. Аднак цяпер усё гэта перакантоўваць — гэта азначала б пісаць усё ўноў. Мне здаецца, што гэта было б не зусім разумна» (Алесь Асіпенка).

«Не зразумела, чаму мы не лічымся з задумай самога аўтара, з тэмай аўтара» (Ніл Гілевіч).

Працяг будзе

Сяргей Шапран, Новы час

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект:

Загрузка...