Пра гэта разважае акадэмічны дырэктар BISS Пётра Рудкоўскі.

Напярэдадні паездкі Лукашэнкі ў Санкт-Пецярбург на афіцыйным сайце Крамля з’явілася «Статья Владимира Путина «Об историческом единстве русских и украинцев». Пару маіх рэфлексій.

  1. Дарадцы, магчыма, шліфавалі асобныя месцы, але я веру, што Пуцін яго сам рыхтаваў і пісаў. Ён жыва цікавіцца гісторыяй, і яго палітыка ў значнай ступені інспіравана яго прачытаннем расійскай гісторыі.
  2. Што прадвяшчае тэкст у (геа)палітычным плане і ці ўвогуле што-кольвечы прадвяшчае? Што ж, нельга выключаць, што адным з фактараў было банальнае жаданне падзяліцца сваімі думкамі і сваёй візіяй. Але наўрад ці гэта адзіны фактар. Гэта можа быць прэлюдыя для доўгатэрміновай акцыі ў дачыненні да Украіны і Беларусі.
    Што гэта можа быць за акцыя? Імаверна, канчатковае рашэнне пытання Данбаса і Луганска шляхам або прызнання іх як асобных дзяржаў, або далучэння да РФ. Але можа быць і нешта большае — рэалізацыя якогась сакрэтнага плану па вяртанні Украіны ў арбіту ўплываў Расіі. Надалей перакананы, што наўпростая анэксія Украіны або Беларусі тут не плануецца.
  3. Факт публікацыі артыкула напярэдадні сустрэчы Пуціна з Лукашэнкам — хутчэй за ўсё, супадзенне. Тым не менш, тэкст нясе ў сабе немалаважны месыдж для Беларусі. Перадусім такі, што ўвесь «усходнеславянскі арэал», у тым ліку Беларусь, будзе прыярытэтным для рэшты прэзідэнтуры Пуціна. Уладзімір Уладзіміравіч найвідавочней жадае перадаць свайму наступніку нейкае «дасягненне» на гэтым полі. Што гэта за дасягненне — магчыма, дэталі паступова будуць адкрывацца цягам наступных гадоў.
  4. Якая роля Беларусі, дакл. рэжыму Лукашэнкі ў рашэнні Крамлём «украінскіх пытанняў»? Хутчэй за ўсё, роля легітымізатара: выкарыстоўваючы хісткую пазіцыю Лукашэнкі, Пуцін разлічвае, што Мінск падтрымае Крэмль як па крымскім пытанні (і далучыцца да 7 іншых краін афіцыйна прызнаўшых Крым часткай РФ), так і па імаверных новых пытаннях наконт Данбаса і Луганска.
    Вы спытаеце, якая тут «легітымізацыя», калі беларускі рэжым сам у заходнім свеце не ўспрымаецца як легітымны? Што ж, для пачатку легітымізацыя ў не-заходнім свеце — ужо нямала. Па-другое — саступкі Лукашэнкі Крамлю стануць лакмусавай паперкай для любога прадстаўніка пратэстнага руху. «Хочаце пазбыцца Лукашэнкі? Спачатку пісьмова пацвердзіце, што саступкі Лукашэнкі застануцца ў сіле». Любая альтэрнатыўная палітычная сіла вымушана будзе стаць перад цяжкім выбарам: ці падпісацца пад саступкамі Лукашэнкі і займець спадзеў на больш прыхільнае стаўленне Крамля для доўгачаканых пераменаў, ці адмовіць і рызыкаваць венесуэлізацыяй палітычнай сітуацыі ў Беларусі.
  5. Пра якія «саступкі» я тут гавару? Яны да дадзены момант гіпатэтычныя: прызнанне Крыма і падтрымка Крамля ў іншых імаверных дзеяннях адносна Украіны, а канкрэтна — Данбаса і Луганска. А таксама шэраг саступак у дачыненні да самой Беларусі, якія ўсур’ёз і надоўга прыпячатаюць месца Беларусі ў арбіце Расіі. У цяперашняй сітуацыі такія саступкі вельмі праўдападобныя.
  6. Што тут яшчэ выпадае сказаць? Пуцін — гэта аўтакрат з візіяй. Гэта не Лукашэнка, які апрача захавання сваёй абсалютнай улады не мае ніякай іншай ідэі, візіі або стратэгіі. Пуцін любіць уладу, любіць багацце, але ён любіць таксама Расію і мае акрэсленае бачанне яе гісторыі і будучыні. Гэта надае яго палітыцы паслядоўнасць і цэласнасць. Таму яго ўплыў, як унутры Расіі, так і за яе межамі, яшчэ доўга будзе ўтрымлівацца.
    Гэта можа быць не самая радасная навіна для тых, хто хацелі б ужо заўтра займець свабодную, нацыянальна сфармаваную і еўрапейскую Беларусь. Але трэба ўлічыць рэаліі і не спрабаваць усе праблемы вырашаць «адным махам». Магчыма, каб вырашыць праблему А, нам прыйдзеццца «набыць» праблему Б і задаволіцца туманнай надзеяй, што праз нейкі час вырашым таксама праблему Б.
Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект:

Загрузка...