Узровень даверу да кіраўніка краіны Аляксандра Лукашэнкі працягвае павышацца: калі ў снежні яму давяралі 37,7%, а ў сакавіку 45,9%, то ў чэрвені — ужо 49,6%.

Малюнак Радыё Свабода

Малюнак Радыё Свабода

Электаральны рэйтынг Лукашэнкі па-ранейшаму складае 39,8% паводле адкрытага пытання, а паводле закрытага нават падрос да 48,1%.

Такія дадзеныя прыводзіць Незалежны інстытут сацыяльна-эканамічных палітычных даследаванняў паводле нацыянальнага апытання, праведзенага ў чэрвені 2014 года.

Паводле апытання, толькі 39,1%, адказваючы на пытанне пра тое, якая дзяржава пабудавана пры прэзідэнце Лукашэнку, сказалі «гэта мая дзяржава, яна абараняе мае інтарэсы», 43,2% — што «гэта толькі збольшага мая дзяржава, яна недастаткова абараняе інтарэсы такіх, як я», а 12% — што «гэта не мая дзяржава, яна не абараняе мае інтарэсы, і я не давяраю ёй».

У другім квартале працягвала памяншацца «эканамічнае самаадчуванне беларусаў». Аднак, паводле апытання, «колькасць рэспандэнтаў, якія лічаць, што ў цэлым стан рэчаў у Беларусі развіваецца ў правільным кірунку, павысілася з 31,9% у снежні да 40,2% у сакавіку і 42,3% у чэрвені».

Многія выбарцы падтрымліваюць ідэю вылучэння на прэзідэнцкіх выбарах 2015 году адзінага кандыдата ад апазіцыі. Аднак апазіцыйным партыям давяраюць 18,3% рэспандэнтаў, а не давяраюць — 64,7%.

А сукупны электаральны рэйтынг дзясятка апазіцыйных лідэраў не перавышае 20%. Ва Уладзіміра Някляева сёння 6,2%, Мікалая Статкевіча — 3,2%, Аляксандра Мілінкевіча — 2%, Андрэя Саннікава — 1,6%, Анатоля Лябедзькі — 1,1%.

«Прычынамі адсутнасці «факусавання» патэнцыялу пераменаў на апазіцыі з’яўляюцца не толькі ціск на яе або рэпрэсіі з боку ўладаў, але і па-ранейшаму глыбокі разрыў паміж яе дзеяннямі і поглядамі «масавага беларуса», — гаворыцца ў прэс-рэлізе НІСЭПД па выніках апытання.

У знешнепалітычных арыентацыях беларусаў працягваецца тэндэнцыя «пахаладання» стаўлення да Еўропы, якая выявілася ў сакавіку.

Калі б сёння праходзіў рэферэндум аб уступленні ў Еўразьвяз, «за» прагаласавалі б 27,4%, супраць — 50,8% (у снежні было адпаведна 35,9% і 34,6%, у сакавіку — 30,2% і 44,3%). Аднак «пахаладанне» стаўлення да Еўропы ўжо не суправаджаецца «пацяпленнем» да Расіі: на гіпатэтычным рэферэндуме аб аб’яднанні Беларусі і Расіі «за» прагаласавалі б 24,8%, супраць — 54,8% (у снежні было адпаведна 23,9% і 51,4%, у сакавіку — 29,3% і 47,7%), а пры неабходнасці выбару паміж аб’яднаннем з Расіяй і ўступленнем у ЕЗ за першы варыянт сёння выказваюцца 46,9%, а за другі — 33,1% (у снежні было адпаведна 36,6% і 44,6%, у сакавіку — 51,5% і 32,9%).

Чым патлумачыць рост рэйтынгу кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі? Палітолаг Аляксандр Класкоўскі мяркуе, што гэта абумоўлена падзеямі ва Украіне:

«Тут мы насамрэч назіраем парадокс, такі кагнэтыўны дысананс.

З аднаго боку стогнуць беларусы, што падскочылі цэны і нават паводле афіцыйнай статыстыкі, інфляцыя за 5 месяцаў года дасягнула 9%. А мяса дык наогул падаржэла страшэнна і многім стала ўжо не па кішэні. Беларусы такія матэрыялісты, яны ўсё гэта бачаць.

А з іншага боку, гэтае апытанне паказвае, што рэйтынгі ўлады растуць, расце колькасьць тых, хто верыць у лепшую будучыню, у тое, што курс цяперашняга рэжыму правільны. Карацей, ухваляюць палітыку партыі і ўраду, як раней казалі.

Я думаю, прычына наперш у тым, што тут дзейнічае ўкраінскі чыннік. Нават шырэй: дзейнічае, па першае, страх перад забурэннямі, і беларусы пачынаюць больш цаніць стабільнасць, няхай беднаватую, і пры даволі жорсткім рэжыме. Але ўсё ж кроў не ліецца, нейкую пайку даюць стабільна. І, канечне, на тле гэтых украінскіх падзей, якія ўзмоцнены, што я хачу адзначыць, расійскай прапагандай, якая наскрозь прастрэльвае беларускую інфармацыйную прастору.

І тая ж сацыялёгія паказвае, што амаль дзве траціны беларусаў, напрыклад, мысляць у духу „Крым наш“, падтрымліваюць гэтую анексію. Больш за палову рэспандэнтаў мяркуюць, што насамрэч уладу ў Кіеве захапілі фашысты. Гэта сведчыць пра эфектыўнасьць расійскай прапаганды, але, з іншага боку, я не думаю, што гэта вельмі радуе Лукашэнку. Бо тут узнікае пытанне пра трываласць яго рэжыму.

Калі беларусы настолькі прарасійскія, то дзе гарантыя, што заўтра-паслязаўтра у нейкі зручны для Крамля час тут не паўторыцца крымскі ці данецкі сцэнар?»

Крыніца: Радыё Свабода

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект:

Загрузка...