Новая хваля масавых рэпрэсій супраць журналістаў па усёй краіне нахлынула з самай раніцы 16 ліпеня.

Гэтым разам махавік разгарнулі на тых, хто супрацоўнічае з тэлеканалам Белсат TV і Радыё Свабода. Працягваецца ціск і на праваабаронцаў. БАЖ сабраў агульныя звесткі.

Прыходзілі да Андрэя Якімуша з «Медыя-Палесся». Ён на волі, знаходзіцца не ў Беларусі.

У старшыні «Правовой инициативы» Вікторыі Фёдаравай прайшоў ператрус па месцы рэгістрацыі. Сілавікі прыйшлі ў сувязі з крымінальнай справай аб нібыта «масавых беспарадках». Вікторыя за межамі Беларусі з сакавіка 2021 года.

Затрымалі журналіста з Івацэвічаў Сяргея Скулаўца. Ранкам да яго дамоў прыехаў мікрааўтобус – і Сяргея забралі, імаверна, супрацоўнікі міліцыі. Апошнія 5 гадзінаў сувязі з ім няма.

КДБ затрымала і адпусціла актывістку Алену Наўмовіч. Яе забралі з працы ў Светлагорску, павезлі дамоў на ператрус. Шукалі выбухоўку, зброю і экстрэмісцкія матэрыялы, але нічога не знайшлі – і адпусцілі.

Журналіст Глеб Лабадзенка на волі!

У офісах прафсаюзу РЭП і праваабарончай арганізацыі «ТаймАкт» праходзіць ператрус. У офісе РЭП выламалі дзверы.

Прадстаўнік «ТаймАкт», які паведаміў пра ператрус, кажа, што шукаюць заснавальніка ўстановы.

У сябры праўлення “Прававой ініцыятывы” Яўгена Пугача таксама прайшоў ператрус. Сілавікі канфіскавалі тэхніку. Яўген на волі.

Ігар Ільяш цяпер у Следчым камітэце. Сілавікі груба абыходзяцца з журналістам, спрабавалі прынізіць, мацярацца.

На кватэры па прапісцы журналісткі Марыі Арцыбашавай выламалі дзверы. Яе ў гэты момант у кватэры не было.

Ператрус таксама ў журналісткі Любові Лунёвай.

Вобшук таксама прайшоў ў журналісткі Міланы Харытонавай.

Сілавікі выламалі дзверы, забралі стары ноўт, камеру, некалькі старых тэлефонаў і банкаўскі карты.

Да Галіны Усцінавай, сябры праўлення «Правовой инициативы» і маці праваабаронцы Сяргея Усцінава, прыйшлі з ператрусам. Сяргей зараз не ў краіне.

Затрымалі журналіста Алега Грузьдзіловіча.

Паведамляюць, што ў офісе «Радыё Свабода» каля 15 чалавек выламалі дзверы. Сілавікі вырвалі камеры відэаназірання на паверсе і выламалі 3 дзверы ў офісе выдання. Пачалі канфіскоўваць тэхніку.

Ператрус праходзіць па месцы прапіскі ў дырэктаркі ГА “Экадом” Марыны Дубінай па артыкулах 293 КК (арганізацыя масавых беспарадкаў) і 342 (арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Сама Марына не дома.

Зараз адбываецца вобшук у фатографа-фрылансера з Горадні Аляксандра Саенкі.

Да журналіста “Белсат” Ігара Ільяша прыйшлі сілавікі. Прычыны пакуль невядомыя. Ігар — муж журналісткі Кацярыны Андрэевай, якую асудзілі за стрым з “плошчы Пераменаў” з акцыі памяці забітага Рамана Бандарэнкі. А таксама суаўтар кнігі “Беларусі Данбас”, якую улады прызналі “экстрымісцкай”.

Да журналіста Яўгена Меркіса прыйшлі з ператрусам.

У гарадзенскага журналіста Аляксея Кайрыса таксама ператрус.

Ператрус і ў журналісткі Хрысціны Чарняўскай, якая супрацоўнічае з «Белсатам».

Журналістка Галіна Абакунчык, якая супрацоўнічала з тэлеканалам “Белсат”, паведаміла, што да яе таксама прыйшлі сілавікі.

У журналіста, стваральніка курсаў беларускай мовы “Мова Нанова” Глеба Лабадзенкі — ператрус.

Сілавікі прыйшлі да журналіста Паўла Мажэйкі.

Прыйшлі з ператрусам да журналіста “Радыё Свабода” Валянціна Жданко.

Супрацоўнікі Берасцейскага крымінальнага вышуку прыходзілі ў Пінску да журналіста Віктара Ярашука. Вядома, што журналіст праходзіць сведкам у межах крымінальнай справы. Міліцыянты забралі кампʼютар і мабільны тэлефон. Віктар Ярашук на волі.

Сілавікі шукаюць кіраўніка гомельскай філіі БАЖ, журналіста Міколу Бянько, хоць журналіст з сям’ёй нікуды не хаваецца. Сілавікі прыходзілі ў кватэру родных Міколы, а таксама на ранейшы адрас журналіста. Таксама Міколу тэлефанаваў чалавек, які прадставіўся супрацоўнікам АБЭП.

У бацькоў берасцейскага журналіста Алеся Ляўчука прайшоў вобшук, паводле ч.1 арт 342, за падзеі 13 верасня – «Карагодная справа». Вобшук праводзіў ГУБАЗіК, нічога не забралі.

У Ганны Галёта раніцай адбыўся ператрус. Яе затрымалі паводле 293 артыкула КК. Ганна Галёта вяла на «Белсаце» праграму-антыфэйк «Лукавыя навіны».

Затрымалі былую журналістку “Радыё Свабода” Інэсу Студзінскую, у яе кватэры быў ператрус, паведамляе яе сын.

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект:

Загрузка...