Не чакалі ад Амэрыкі такога неспадзеву!
Адразу зрушылася ўсё.
Толькі дзякаваць і апладаваць трэба ўдзельнікам капіталійскіх падзеяў: адным махам яны вырашылі шмат актуальных мэтафізычных праблемаў, зь якімі наш фізычны зацухмолены сьвет мусіў бы важдацца яшчэ доўга.
Цікава, што самыя гэроі, мяркуючы вузка матэрыяльна, мабыць, і не здагадваліся, што зьдзяйсьняюць гістарычна важныя справы.
Вынікі можна падзяліць на па-першае, па-другое, па-трэцяе і г.д., але значнасьць зьявы жарска і апэратыўна падганяе.
Так, чалавечай ўлады прагнуць многія і дзеля яе здольныя на ўсё. Нават псыхічна трансфармуюцца – але гэта ў бананавых і недапечаных краінах, а каб ў ЗША – проста неверагодна! Выходзіць, і тут магчыма.
У ліхім варыянце, які ажыцьцявіў Дональд Трамп.
Усё ягонае прэзыдэнцтва зьяўляецца ні чым іншым, як спробай дыктатарскіх глуздоў даказаць ува ўмовах Амэрыкі, што можна пляваць на дэмакратыю, народ, плюралізм і дамагацца задавальненьня толькі ўласнага ego. Увесь свой тэрмін ён вадзіўся-зьлягаўся-знаўся з сумніўнымі рэжымамі, падазрона гуляўся з Крамлём, сварыўся са свабодным сьветам, няўклюдна шукаў ворагаў і недобразычліўцаў, забараняў, абмяжоўваў… Ня вельмі прыемны вобраз кіроўцы… Дужа нагадвае кагосьці… І не аднаго! А цэлую плойму сучасных… злакаманаў! Усе яны аднаго поля ягады. Аднае закваскі!
Мэтафізычна так атрымалася, што Рэалізацыйныя Сілы для жыцьця накіравалі іх у розныя зямныя кропкі і выявілі вадарамі каго недасканалых, каго прасунутых, каго дэмакратычных дзяржаваў. Кожны зь іх намагаўся-вылузваўся па-свойму, з улікам існуючых умоваў, але сутнасьцю заўсёды заставаўся лютаснага, злавеснага кшталту, злыднем. Сумна-жахлівыя вынікі іхнае працы навідавоку па ўсёй плянэце і падобныя як дзьве кроплі вады. Характэрна, што ў сабе гэты кантынгэнт асобінаў, мякка кужучы, самападманваецца, блукаціцца і існа дэградуе.
Як можна ўспрымаць, кваліфікаваць паводзіны чалавека – прэзідэнта! – які ініцыюе смуту, падбухторвае да бунту, ухваляе атаку на Капітолій і спадзяецца на акрутную перамогу ўва умовах Амэрыкі??? А потым, пасьля рашэньняў Кангрэсу, заяўляе: пасаду я аддам, але з вынікамі выбараў нязгодны? Аблудны, хворы?
Колькі яшчэ на Зямлі такіх увасабленцаў, ад якіх мана, шкода і пакуты?
Час пакажа і адчыніць усю рэальнасьць ды містыку іхнага існаваньня!
Ад амэрыканскае зьявы мы павіннныя рабіць й усьведамляць больш значныя высновы.
Дзякуй Богу, што яна адбылася!
Яна прадэманстравала ўсяму сьвету, якім эфэктыўным сродкам зьяўляецца Сапраўдная Дэмакратыя і як яна можа абараняцца!
Яна пераканала, што толькі Канстытуцыя і Закон маюць сілу!
Яна засьведчыла, што Магутнай Дэмакратыі дастаткова ўсяго некалькі гадзінаў для таго, каб прыбраць розныя антыдзяржаўныя памыканьні!
Яна паказала прыклад усім народам сьвету, да чаго варта імкнуцца і як годна трэба сьведчыць пра сябе!
Неабходна падкрэсьліць яшчэ адзін вельмі важны мэтафізычны аспэкт амэрыканскага валваваньня: адгэтуль распачынаецца вялікі і сьмелы паход прагрэсіўных сілаў супраць усяго плянэтарнага цемрашальства!
Час надышоў – і першы звон прагучаў!!!
Мікола Калядны, для Беларускай праўды
Поддержать проект: |