Вызначальныя працэсы забіраюць.

А калі яны злучаныя з Космасам – і пагатове.

Вяршэнствуе ў гэтай прыцягальнасьці Мова. Яе магнэтызм пераўтварае чалавека і грамадзтва.

Так склалася, што мы ўспрымайма адно фізычны бок глабальнага моўнага касьмізму і ўсе зьявы “уціскаем” у гэты абмежаваны падыход. Калі ж рассунуць рамкі бачаньня і абстрагавацца, то перад намі паўстае захапляльны абраз Мовы ў разнастайнасьцях прасторы і часу.

М о в а  – нязьменны калярысты штрых Абсалюту й іста існуе самая ў сабе, без усялякіх тлумачэньняў. А калі апошнія ёсьцека – значыцца, справа тычыцца Яе выяўленьня ў нашым матэрыяльным сьвеце і павінная разглядацца як плян а д л ю с т р а в а н ь н я,

а не  с т в а р э н ь н я.

То бок, прычынна языкаведа ідзе ад Нябёсаў, а не ад зямнога чалавека. Усё, што зь ёй адбываецца, абумоўленае Вышэйшым Сэнсам, распачынаецца і заканчваецца менавіта шляхам Прызваленьня, а не кабінетных прыхамацяў. Яна ўкаранёная як асаблівасьць аб’ектыўнай заканамернасьці Часу – нацыі і разьвіваецца ў адпаведнасьці зь лёгікай апошняй. Чалавеку дадзена размаўляць, нацыі, як эвалюцыйнай супольнасьці homo sapiens, – зносіцца на адметнай мове. Ненатуральнае альбо прымусовае зьмяненьне аблічча Мовы псуе-калечыць нацыю і пагражае яе існаваньню – фактар касьмічнага значэньня, які асабліва кантралюецца Пазазямной Сыстэмай. Пабочныя фізычныя ўзьдзеяньні на Мову (адмаўленьне, забыцьцё, скажэньне, насільле і г.д.) маюць адваротны бок і кармічна пакаральныя.

Усе рэалізацыйныя рухі Мовы на плянэце, у канкрэтным нацыянальна-этнічным асяродзьдзі, абгрунтаваныя Звыш і арганічна замацаваныя ў зямным гістарычным працэсе. Гэты для кожнай Мовы своеасаблівы і вызначаецца як неабходнасьць і мэтанакіраванасьць. Ніводная Мова, у тым ліку і яе дыялекты, не зьяўляецца выпадковай, лішняй, непатрэбнай. Агул (народ) і індывід (асоба) толькі тады касьмічна ўшаноўваюцца, калі гартуюць свае якасьці ў мейсцах нараджэньня, пражываньня, бываньня… цераз Мову. Знаўцы некалькіх Моваў  атрымліваюць гожы вартны статус. Абыякавыя, грэблівыя да роднай Мовы пасьля сьмерці пакутуюць ад нястачы энэргетычных рэсурсаў і абдзяляюцца пры наступных увасабленьнях.

Моўныя спрэчкі, знушчэньні, ростыркі мэтафізычна агідныя і нэгатыўна адбіваюцца на стасунках людзёў і ў гэтым, і ў іншых сьветах. Трэба заўважаць іхны ўплыў на палітычныя, эканамічныя і культурныя працэсы ды бачыць залежнасьць грамадзтва ад разьвіцьця Мовы. Які стан Мовы, такое і жыцьцё – аксыёма Лёгасу.

Можна дадаць яшчэ адну асаблівасьць: якая мова, такі і чалавек. Гэты тэзыс паказвае на Вялікі Боскі Промысел, адлюстроўвае прамую залежнасьць касьмічных істотаў ад спосабаў выяўленьня-выражэньня і падкрэсьлівае важнасьць моўнай ідэнтыфікацыі. Удасканальвацца без моўнае пазнакі нельга.

Для большай пераканаўчасьці ўявім ланцуг нашага існаваньня на Зямлі.

У гэты сьвет кожны прыходзіць ужо з адметнай задачай, і, каб яе выканаць, нараджаецца аж 777 разоў. Умовы жыцьця ніколі не паўтараюцца і заўсёды новыя – так Дух загартоўваецца і атрымлівае неабходны досьвед. Ад якога залежыць далейшы лёс: быць альбо зьнікнуць – менавіта так паўстае пытаньне! Разьлічваць на іншае ня варта: Космас суворы і раздае выключна па заслугах. 

Залішне казаць, якую сілу для разьвіцьця індывіда мае Мова падчас уцелаішчваньняў і якім дзіравым атрымліваецца Дух у выніку  адсутнасьці нейкае моўнае практыкі. Беларускія рэаліі даюць падставы для аптымізму? Не! Ёсьць надзея? Так! Яна – у    р о з у м е!

Перш-наперш трэба ўсьвядоміць: Беларуская Мова – істы касьмічны пропуск для беларуса! Каб ня трапіць у недарэчную тагасьветную сытуацыю, варта задумацца ўжо цяпер над сваёй Адпаведнасьцю: ці апраўдаў я давер Нябёсаў у Беларусі, ці здолеў удасканаліцца згодна Пляну, як паўплывае мой новы нацыянальны досьвед на далейшыя нараджэньні? Можна па-рознаму ўспрымаць гэтыя развагі: з даверам альбо са скепсысам. Але яны – не пустыя! І абавязкова ўсплывуць у адказны момант, калі кожны паўстане сам-насам з Богам… Апраўдвацца, што вам не казалі альбо вы ня ведалі, будзе позна. Яшчэ ніхто не пазьбегнуў гэтае размовы

Як і ўсякі адчувальны арганізм, мова знаходзіцца ў сфэры кармічных рэакцыяў і спрычыняецца да многіх зямных турбацыяў. У сьвятле тэмы закранема асноўныя і прынцыпова важныя – тыя, што прысутнічаюць у беларускай лінгвістыцы.

Яны супярэчлівыя і ўяўляюць даўняе ходаньне, якое распачалося і відочна, і сутнасна пасьля савецкай рэформы 1933 году.

Раскол адразу зрабіўся зацятым, выйшаў за межы мовы і авойстрыў  нацыянальныя праблемы. Беларускасьць і русіфікатарства – асноўныя чыньнікі зьявы.

Сучаснае поле беларускае мовы і літаратуры працягвае дзяліцца на два лягеры – клясычны й афіцыйны, у дужаньні якіх, на жаль, марнуецца сапраўдная беларуская справа. Дрэнна яшчэ і тое, што ад усяго гэтага значна церпіць нацыянальная сьвядомасьць і перакручваецца адвечны беларускі характар.

Зараз ня будзьма варушыць увесь масыў палемікі і пераспрэчкаў. Спынімся тольма на адметах, якія мала закранаюцца.

Ёсьць сутнаснае адрозьненьне пазыцыяў. Мэтафізычнае! Калі ачавісьцей паўстаюць розныя ўзроўні працівенства.

Нацыянальнае аблічча мовы зададзенае трансцэндэнтна і ў нашым сьвеце выяўляецца спакваля на працягу стагодзьдзяў. Яно глыбока адмысловае і статуснае для цывілізаванай супольнасьці людзёў. Любыя фізычныя замахі на яго ці прымусовыя зьмены з боку дзяржавы альбо асобы (вонкавыя і ўнутраныя) пагражаюць існаваньню нацыі і парушаюць касьмічны балянс плянэтарнае мянтальнасьці. Гвалтоўны бок таксама церпіць: па кармічных законах, паступова насоўваецца аглуменьне.

Наркамаўцы-крапіўцы (ад акадэмічных рэформавых слоўнікаў пад рэдакцыяй К. Крапівы па афіцыйнаму стандарту), як і належыць зацятым матэрыялістым, прывыклі да простага вобмацку, ігнаруюць Высокі Дух і не заўважаюць  суцэльнай касьмічнай выявы Мовы. Яны калупаюцца  ў ніжэйшых, рэчаісна шчыльных, сьціпрых і маларухомых пластах лінгвістыкі, выкарыстоўваюць моўныя формы й інтэрпрэтацыі бальшынёй не гістарычныя, не народныя, а запазычаныя, часовыя, чужыя – адтаго хісткія, нетрывалыя, слабыя. Іхныя тэрміналягічныя канструкцыі выдуманыя, штучныя, прыжываюцца толькі пад прымусам, сіламоц.

Моўная спадчына для іх ня мае аніякага значаньня. Тое, што назапашанае ў жыватворных народных глыбінях і з такой пашанай абагуленае ды ўдасканаленае на пачатку ХХ стагодзьдзя, перагледжанае і адпрэчанае. Слынныя нацыянальныя моваведы таго часу й іхныя распрацоўкі проста ашальмаваныя і выкінутыя з навуковага ўжытку. Наўзамест парассаджваныя спраўныя шчыракі  са сваімі “ідэйнымі” назострыўствамі. За дзесяцігодзьдзі выведзеная цэлая плойма перакананых штукатворцаў і атлумленых прыхільнікаў, якія на сьвядомым узроўні ажыцьцяўляюць і адстойваюць камуна-рэфармісцкія правілы беларускае мовы. Яны гатовыя грызьці зямлю, каб захаваць злуднае прыкрыцьцё сваіх намесьцяў, чыноў, званьняў й іншых адзнакаў. Бібліятэкі трашчаць ад грудаў скрыўленай літаратуры. Хто-небудзь задумваўся, якую шкоду мэтафізыцы кожнага беларуса яны наношваюць?

Тарашкевіца (ад “Беларускай граматыкі для школ” Б. Тарашкевіча па клясычнаму стандарту) убірае асаблівасьці ўсяго мэтагістарычнага разьвіцьця Беларусі, адлюстроўвае арганічную і глабальную лучнасьць беларускае языкаведы на ўсіх касьмічных праісначаньнях нацыі. Яна пайшла ад шматузроўневага народнага духу, які сягнуў у Быцьцё па Волі Боскай, і засьведчаная досьведам многіх пакаленьняў, што жылі на беларускай зямлі.

Тарашкевіца – вынік вартаснага дасьледаваньня, абгрунтаваньня і распаўсюджваньня моўнае практыкі беларускай нацыі, лепшы варыянт яе прыгожага выражэньня, кодэкс сапраўднай беларускай мовы. Варта памятаць галоўнае ў Хадзе Нябёсаў: калі нешта зьяўляецца адпачатку, яно ёсьць істае і падтрымліваецца энэргетычна! Многія сучасныя літаратары і лінгвісты прынялі тарашкевіцу за адзіную норму і пісьмовых, і вусных зносінаў, што таксама сьведчыць аб яе касьмічнай глыбіні.   

Толькі народная, гістарычна апрабаваная і ўзбагачаная, Беларуская Мова па-сапраўднаму ажыўляе Дух і ўсяе нацыі, і кожнага з нас.  

Мікола Калядны, для Беларускай праўды

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект:

Загрузка...