Рэвалюцыя 2020 году пацярпела паразу. Беларусы не скарыліся, але ніякага супраціву няма. Ці ўсе магчымасьці апанэнты рэжыму вычарпалі? Разважае Сяргей Навумчык.

Пазьняк выказаўся за тое, каб «пачаць размаўляць» (спасылка на матэрыял РС у камэнтары). Гэта далёка ня першая такая прапанова, крыху менш за год таму за перамовы выказвалася і Ціханоўская, зь яе Латушкі штабоў пэрманэнтна ідзе інфармацыя, што нібыта нейкія ці то перамовы, ці то абмеркаваньні сытуацыі з чыноўнікамі вядуцца (хаця ня выключана, што па ініцыятыве саміх чыноўнікаў, і проста адбываецца «зьліў» інфармацыі).
Шчыра кажучы, у мяне пакуль няма адназначнага меркаваньня наконт такіх прапановаў.

Незразумела пакуль, хто павінен ініцыяваць перамовы (выглядае, менавіта яны маюцца на ўвазе), які фармат удзельнікаў, ці ўдасца крочыць хаця б за стартавыя ўмовы (ясна, для апанэнтаў рэжыму гэта – вызваленьне асуджаных і затрыманых па палітычных прычынах). Нарэшце, як мне падаецца сам факт перамоваў абодва бакі ўспрымуць як капітуляцыю праціўніка (і, трэба прызнаць, будуць недалёкія ад ісьціны).

Што датычна Лукашэнкі, асабіста я вельмі сумняюся ў ягонай перамоваздольнасьці. Адбдурыць. Думаю, гэтак лічыць і Пазьняк, але пакуль ён сваё бачаньне вышэйназваных аспэктаў ня расшыфраваў.

Дазволю сабе сьмеласьць, не выказваючы асабістага стаўленьня да такіх прапаноў, акрэсьліць актуальную сытуацыю, зрабіць прагноз і экскурс у гісторыю.

Актуальная сытуацыя такая: рэвалюцыя 2020 году пацярпела паразу. Не хачу аналізаваць дзеяньні лідэраў (лідэрамі, тым больш палітычнымі лідэрамі яны не былі; выпусьціць у нішто 300-400 тысячныя масавыя выступы – гэта фантастычны анты-вынік. Я выводжу за межы гэтай фразы Ціханоўскую – яна ўжо была ў Вільні, пратэстамі кіравалі іншыя людзі. Ці – не кіравалі зусім). Дакладней, рэвалюцыя была здушаная маштабнымі і бязьлітаснымі рэпрэсіямі.

Людзі не скарыліся, але ніякага супраціву няма. Ёсьць нязгода, непрыманьне ўлады, нянавісьць да Лукашэнкі (прычым ва ўчорашніх яго прыхільнікаў), але супраціву няма. Тое, за што ў Грузіі ці ва Ўкраіне ўжо пераварочвалі б машыны на вуліцах, у Беларусі сілавікі робяць будзёна і абсалютна беспакарана.

Пагроза зьнішчыць грамадзянскую супольнасьць у выпадку санкцый рэалізаваная. Беларускія нацыянальныя грамадзкія асяродкі, як і незалежныя СМІ, зьнішчаныя амаль цалкам. Рэпрэсіі не спыняюцца і пашыраюцца: арыштоўваюць ужо тых, чый тэлефон у 2020-м быў зафіксаваны ў зоне масавых пратэстаў. Зьнішчаныя тысячы малых бізнэсаў.

Больш за 600 афіцыйна прызнаных палітвязьняў, у рэальнасьці – значна болей. Сотні тысяч беларусаў вымушана пакінулі радзіму.

І – ніколі Незалежнасьць Беларусі не знаходзілася пад нагэтулькі рэальнай пагрозай.

Ці ўсе магчымасьці апанэнты рэжыму вычарпалі?

Не скарыстаная пакуль галоўная: агульнанацыянальны страйк. Такі страйк год назад, калі б ён удаўся, нават пры падтрымцы Пуціным Лукашэнкі, вырашыў пытаньне ўлады за некалькі тыдняў – бо можна разагнаць дубінкамі людзей на плошчы, але нельга дубінкамі прыгнаць людзей да станкоў.

І калі цяпер агульнанацыянальны страйк адбудзецца і пратрымаецца хаця б месяц – гэта карэнным чынам зьменіць палітычную сытуацыю ў Беларусі. Улады гэта разумеюць, і таму на прадпрыемствы кінутыя сілавікі ў цывільным.

Ну а калі страйку ня будзе?

Тады – працяг тэрору, поўная зачыстка, тысячы новых вязьняў, сотні тысяч новых эмігрантаў. І так – 5-7 гадоў (я аптыміст, яшчэ 27 гэта не працягнецца). Ці вытрымае грамадзтва яшчэ 5-7 гадоў тэрору? І гэта ня самае горшае. Самае горшае – інкарпарацыя Беларусі Расеяй. І надоўга.

Ведаючы Лукашэнку сьведчу: ён ня спыніцца ні перад чым. І калі яму трэба будзе для захаваньня ўлады праліць мора крыві – ён патопіць у ёй усю краіну. Вось нават не сумнявайцеся.

Падазраю, што, выказваючы прапанову, Пазьняк абапіраўся на ўласны палітычны досьвед, які сьведчыць, што найбольшых посьпехаў ён дасягаў, калі альбо спалучаў ціск з кампрамісам, альбо ўвогуле спыняў ціск і ішоў на кампраміс.

Гэта, найперш, 25 жніўня 1991, калі прамова Пазьняка вырашыла лёс галасаваньня па Незалежнасьці (яго падтрымалі і Кебіч, і сакратары абкамаў). І 19 верасьня 91-га, калі лідэр БНФ у літаральным сэнсе ўгаворваў дэпутатаў-камуністаў (прычым вэтэранаў, а гэта былі самыя «жалезабэтонныя» «ленінцы») прагаласаваць за Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і «Пагоню».

Ёсьць і зваротны прыклад. Калі б у 1992-93 годзе і мы, дэпутаты БНФ, і Кебіч, адступілі кожны на два крокі – мы зьнялі б лозунг «Кебіча – у адстаўку!», «Вярхоўны Савет – распусьціць!», а Кебіч даў бы прадстаўнікам БНФ нейкія сфэры дзейнасьці (эканамічную рэформу, культуру, адукацыю) і спыніў антынезалежніцкую прапаганду ў СМІ – у Кебіча не было б імкненьня застрахавацца ўвядзеньнем пасады прэзыдэнта, чым скарысталіся палітычныя авантурысты кшталту Ганчара, Булахава, правёўшы да ўлады Лукашэнку (дакладней – спецслужбы РФ не скарысталіся б іх амбіцыямі). Але атачэньне Кебіча не хацела саступаць «ні пядзі зямлі».

Калі б ведаў, што будзе далей, я б нават сказаў у 1992-м: Вячаслаў Францавіч, ды кіруйце вы хоць 10 гадоў, хай вашыя сябрукі накрадуць сябе новыя мільёны, захлыніцеся вы ўсе гэтых грошах — толькі нацыянальныя каштоўнасьці, адукацыю, культуру, кнігадрук не чапайце! Бо праз 10 гадоў мы будзем мець пакаленьне, якое ніколі не прагаласуе за «назад у СССР».

Але ў 1992-м мяне б за такую прапанову актывісты БНФ разарвалі б.

Як сёньня разарвуць Пазьняка за ягоную прапанову.

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект:

Загрузка...