«Славянскі базар» у Віцебску як сімвал славянскай еднасці, адраджэння і культурнага ўздыму гэтым годам праходзіць на тле расійска-ўкраінскай вайны. Не самы ўдалы фон для свята. Гэта разумеюць усе. Таму Аляксандр Лукашэнка, адкрываючы «базар», паспрабаваў неяк змікшаваць гэтую недарэчнасць. Хацеў як лепш, а выйшла як заўсёды.

karbalevich

«Ніякай вайны народаў сёння няма. Не ваюе ва Украіне народ з народам, з беларусамі, рускімі і так далей, і нават з украінцамі. Ёсць нягодныя і несумленныя палітыкі, якія недаацанілі гэтую еднасць і важнасць гэтай еднасці. З’явілася шчыліна, а ў гэтую шчыліну пралезлі нашы праціўнікі і ворагі. І яны сёння сутыкаюць народы. Яны спрабуюць распаліць братазабойчую вайну і ў гэтую варонку, у гэты водаварот уцягнуць галоўнае ядро славянства — рускіх, беларусаў і ўкраінцаў», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Трактоўка кіраўніком Беларусі падзеяў ва Украіне, скажам мякка, вельмі своеасаблівая. Але ў ягоным адмысловым стылі. Тут змяшалася ўсё. І жаданне ўхіліцца з вядомых прычын ад ацэнак дзеянняў кіраўніцтва Расіі і Украіны. І гульня ў папулізм, імкненне спадабацца народу. Маўляў, ва ўсім вінаватыя «нягодныя і несумленныя палітыкі». Але ёсць жа і іншыя палітыкі, годныя і сумленныя. Угадайце з трох разоў, хто маецца на ўвазе. Раней Лукашэнка не раз казаў украінскім медыям: маўляў, я б хутка разабраўся з вашымі праблемамі. А цяпер ён яшчэ раз нагадаў, што суседнім народам, у адрозненне ад беларусаў, проста не пашанцавала з кіраўнікамі.

Акрамя таго, папулізм патрабуе спрашчэння. Складаныя палітычныя праблемы трэба тлумачыць такой мовай, якая зразумелая простаму абывацелю. У гэтым плане Лукашэнка — вялікі мастак. А калі такое спрашчэнне, простае тлумачэнне складаных палітычных праблемаў часта вядзе да скажэння, перакручвання ці проста да абсурду, то гэта піяраўскія выдаткі. Вось, напрыклад, гэты тэзіс: «Не ваюе ва Украіне народ з народам, з беларусамі, рускімі і так далей, і нават з украінцамі». А хто ж там ваюе? Няўжо палітыкі? І гінуць таксама не шараговыя грамадзяне, а палітыкі?

Або выснова пра «нашых праціўнікаў і ворагаў», якія «распальваюць братазабойчую вайну» паміж славянамі. Хто ж гэтыя ворагі? Няўжо Абама? Ці Меркель з Аландам? Дык вось якраз канцлер Нямеччыны і прэзідэнт Францыі заклікалі Кіеў спыніць сілавую аперацыю на ўсходзе Украіны.

Папулізм і лёгіка — рэчы цяжка сумяшчальныя.

Лукашэнка чарговым разам нагадаў яшчэ адзін міф — пра славянскую еднасць. «Група славянскіх народаў — самая вялікая ў Еўропе. І як бы ні складаўся лёс канкрэтных этнасаў, у крытычныя моманты гісторыі еднасць славян заўсёды выяўлялася. Гэта актуальна сёння… Нашы продкі не бачылі сябе паасобку, не шукалі варожасці, а вышэй за ўсё шанавалі вернае сяброўства… Нядаўна ваявалі разам, разам паміралі ў адных акопах, па адзін бок барыкадаў. Хто б мог падумаць, што сёння мы будзем гаварыць пра крыху іншае», — адзначыў кіраўнік Беларусі.

Як і ўсякі прапагандысцкі міф, тэзіс пра славянскую еднасць не вытрымлівае ніякага сутыкнення з фактамі. Гістарычны досвед кажа, што войнаў паміж славянамі было значна больш, чым паміж славянамі і неславянамі. І гэта зразумела, бо ваявалі ж, як правіла, з суседзямі. Узгадаем хоць бы, колькі войнаў было між літвінамі і расійцамі. І сёння цяжкія гістарычныя траўмы перашкаджаюць паразуменню паміж славянскімі народамі, напрыклад, паміж расійцамі і палякамі.

Можна і не хадзіць далёка, не сягаць у глыбокую мінуўшчыну. Узгадайце, як на нашых вачах праходзіла кровапралітная вайна ў Югаславіі. Там сербы ваявалі з харватамі, баснійцамі (славянамі, якія прынялі іслям).

І сёння адносіны паміж некаторымі славянскімі краінамі даволі напружаныя. Напрыклад, паміж Беларуссю і Польшчай. Ужо не кажучы пра расійска-ўкраінскі канфлікт.

Бо не роднасць моваў, культураў, а нацыянальныя інтарэсы, як яны бачацца палітычнымі элітамі, ляжаць у аснове дачыненняў паміж дзяржавамі і народамі.

А свята песні «Славянскі базар» — справа, можа, і нядрэнная. Абы толькі на ідэалагічны міф Беларусь не траціла свае бюджэтныя грошы.

Крыніца: Валерый Карбалевіч, Радыё Свабода

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект:

Загрузка...