На спадарожнікавых здымках, атрыманых вечарам 25 лютага, бачныя некалькі вялікіх груповак войскаў і каля 150 транспартных верталётаў на поўдні Беларусі прыкладна за 30 км ад украінскай мяжы.
Здымкі апублікавала прыватная амэрыканская кампанія Maxar Technologies, якая даўно адсочвае перамяшчэньне расейскіх войскаў каля межаў Украіны, паведамляе Радыё Свабода.

На здымках бачная вялікая верталётная група (звыш 90 адзінак), разгорнутая на дарозе каля беларускага гораду Хойнікі Гомельскай вобласьці. Верталёты займаюць каля 8 км дарогі. Акрамя таго, здымкі дэманструюць буйную групоўку расейскіх наземных войскаў, якая ўключае некалькі соцень адзінак ваеннай тэхнікі, разьмешчанай на некалькіх палях.

Аб нападзе расійскіх войскаў, якія падтрымліваюцца з боку Беларусі, 24 лютага заявіла памежная служба Ўкраіны. Аляксандр Лукашэнка адказаў, што беларускія вайскоўцы ня ўдзельнічаюць у ваеннай апэрацыі Крамля. «Яшчэ раз кажу: нашых войскаў там няма. Але калі трэба будзе, калі гэта будзе неабходна Беларусі і Расеі, яны будуць», — падкрэсьліў Лукашэнка.

Беларуская апазыцыя і вайсковыя экспэрты падкрэсьліваюць, што прапускаючы расейскія войскі па сваёй тэрыторыі, Беларусь фактычна становіцца часткай узброенага канфлікту паміж Расеяй і Украінай. Супраць уладаў Беларусі як і Расеі, уведзеныя новыя санкцыі Захаду за напад на Ўкраіну.

Поддержать проект: |