Суд Савецкага раёну Менску 24 студзеня пачне разгляд крымінальнай справы Аляксандра Васілевіча. Працэс будзе весьці судзьдзя Марына Фёдарава, паведамляе Радыё Свабода.

Аляксандар Васілевіч — сузаснавальнік онлайн-выданьняў kyky.org і «The Village Беларусь», а таксама ўладальнік агенцтва «Vondel/Hepta» і былы ўласьнік прасторы «Галерэя Ў».

Судзіць Васілевіча будуць па артыкуле 243 ч. 2 «Ухіленьне ад сплаты падаткаў». Падрабязнасьцяў справы ніхто ня ведае.

Васілевіч быў затрыманы ў офісе ўласнай кампаніі 28 жніўня 2020 году. Прызнаны палітычным вязьнем.

Свабода напярэдадні судовага працэсу пагаварыла з роднымі і сябрамі Аляксандра.

«Я не магу нічога прагназаваць»

Жонка Аляксандра Надзея Зелянкова таксама праходзіла па гэтай крымінальнай справе. Яшчэ напрыканцы 2020 году яна зьехала зь Беларусі, цяпер жыве ў Таліне. З краіны Зелянкова зьяжджала цяжарная, у Эстоніі нарадзіла іх з Аляксандрам дачку Ўршулю. Тата яшчэ малодшай дачкі ня бачыў.

«Ніхто ня ведае, колькі працягнецца гэты працэс. У мяне няма ніякіх звышчаканьняў, я ня бачыла Сашы ўжывую ўжо 17 месяцаў, і на здымках бачыла толькі са славутай сустрэчы ў СІЗА КДБ з Лукашэнкам. Спадзяюся ўбачыць, як ён выглядае, і што яму ўдасца ўбачыць у залі родныя твары.

Зразумела, будзе нейкі прысуд і нешта будзе акрэсьлена. Але ў нас усё можа зьмяняцца. Прычым як у лепшы бок, гэтак і ў горшы. Я ня стаўлюся да будучага прысуду як да крытычнай зьмены сытуацыі. Я дапускаю, што ёсьць шанец, хай і маленечкі, што гэта ня будзе вельмі жорсткі прысуд. Паглядзім, я не магу тут нічога прагназаваць, можа быць што заўгодна», — кажа спадарыня Надзея пра чаканьне ад працэсу.

Сувязь з мужам падтрымліваецца празь лісты. Зь няволі Аляксандар даслаў дзіцячых казак пра пінгвіна на цэлую кнігу. Прыходзяць і новыя казкі, але пакуль Надзея іх не публікуе.

«Ён амаль заўжды піша пра тое, якія кніжкі чытае, што лепш заходзіць, што горш. Піша пра сваю фізычную падрыхтоўку. Пісаў, што цягам прагулкі зрабіў 1040 адцісканьняў, а потым яшчэ 80 вечарам, то бок сумарна 1120. І гэтая лічба ўвесь час расьце ад моманту зьняволеньня. Пачыналася, мабыць, з 300, потым — 700. Цяпер яго перавялі ў новую камэру, можа, напіша, як зьмяніўся ягоны побыт».

Што дае сілы трымацца ў такой сытуацыі, калі роднага чалавека няма магчымасьці ўбачыць ужо амаль паўтара года?

«А які ёсьць выбар? Класьціся ў ложак і плакаць? Саша, як мне здаецца, у тых абставінах, у якіх ён ёсьць, трымаецца максымальна пазытыўна. У мяне таксама ёсьць два антыдэпрэсанты ў выглядзе дачок і працы. Гэта не дае часу думаць пра тое, якія мы няшчасныя. Тым больш, вельмі шмат людзей у такіх жа ўмовах», — кажа Надзея.

Аляксандар Васілевіч, 2015 год

«Адказнасьць праз свабоду»

Тацяна — калега і падначаленая Аляксандра па працы ў рэклямным агенцтве. Пра начальніка яна кажа так:

«Падыходы Сашы да працы зразумець няпроста — гэта поўная свабода, якую ён вам прадстаўляе. Я б сказала так — гэта адказнасьць праз свабоду. У кампаніі ніхто не стаяў над табой, чаму ты прыйшоў на працу ў 9:01, а не ў 9:00, а разам з тым ты бярэш на сябе адказнасьць рашэньняў. Першы час, калі я прыйшла ў агенцтва, то нават не разумела, як такое магчыма ў Менску. Яго філязофія бізнэсу была незвычайная для Беларусі».

Суразмоўца дадае, што Аляксандар і раней, і цяпер чытае вельмі шмат літаратуры па ўзаемадзеяньні зь людзьмі, падручнікаў па псыхалёгіі, вучыцца, як кіраваць калектывам.

«Як кіраўнік Саша — унікальны чалавек. Мне здаецца, ён ведае адказы на ўсе пытаньні, але чакае, пакуль ты сам прыйдзеш да гэтага адказу. Калі ёсьць нейкае пытаньне, то ты прыходзіш да Сашы. Ён гаворыць з табой, і ты выходзіш з размовы з гатовым рашэньнем».

Адметна, што ў кампаніях Васілевіча ўсе між сабой размаўлялі на «ты», гэтак жа зьвярталіся і да самога кіраўніка.

«Я яго ўспрымаю ня толькі як кіраўніка, але як і сябра, і настаўніка. Але пра іншага кіраўніка я б проста не магла марыць. У лістах на волю настрой у яго пазытыўны. Напрыклад, ён можа пачаць ліст словамі: „У маім купэ на дванаццаць чалавек…“ Дасылае вельмі клясныя паштоўкі, я нават не разумею, адкуль ён іх бярэ. Я не адчуваю нейкага ўпадку настрою ці безвыходнасьці».

Тацяна кажа, што для яе Васілевіч — гэта «самы свабодны чалавек», і адабраць такую свабоду ня змогуць ніякія клеткі.

«Такіх людзей мала»

Мэнэджар, адзін з удзельнікаў штабу Віктара Бабарыкі Іван Краўцоў кажа пра Васілевіча:

«Мабыць, з 2010 году я пастаянна чуў пра такога Сашу Васілевіча. Але гэта была ня тая кампанія, дзе я тусаваўся.

Я зь ім пазнаёміўся, калі выступаў на славутым даху кампаніі Vondel, дзе праходзілі канцэрты і імпрэзы, зь лекцыяй пра архітэктуру Менску. І для мяне тады гэта было нетыповым, што нехта арганізуе публічныя лекцыі ў цэнтры Менску, добра арганізаваныя — гэта было так незвычайна».

Краўцоў кажа, што існуе вельмі мала людзей, якія падтрымалі велізарную колькасьць культурных ініцыятываў і пры гэтым маюць цудоўную бізнэс-інтуіцыю.

«Саша — вельмі разумны чалавек. У яго дома вялізная бібліятэка, ён чытаў усю бізнэс-літаратуру, палітычную, эканамічную. У яго выдатнае разуменьне тых працэсаў, якія адбываюцца ў грамадзтве.

Ён выдатны мэнэджар, умее цудоўна дэлегаваць паўнамоцтвы, разумее здольнасьці людзей. Найлепшымі лідэрамі становяцца тыя, хто бачыць і разьвівае ў людзях іх патэнцыял».

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект:

Загрузка...