З нагоды адкрыцця ў Брэсце Цэнтра расійскай культуры Радыё Свабода зрабіла спробу даведацца, навошта ў Беларусі такія цэнтры і ці хапае беларусам расійскай культуры.
roscentrkultury

Адкрыццё цэнтраў расійскай культуры ў Беларусі адбываецца з мэтай «пашырэння абсягаў „русского мира“ і падрыхтоўкі да анексіі Беларусі», — так адрэагаваў на інфармацыю пра адкрыццё Цэнтра расійскай культуры ў Брэсце старшыня ТБМ Алег Трусаў.

Трусаў лічыць, што ў Беларусь «цягнуць імперскую культуру і праз тэлевізар, і праз царкву, і праз такія цэнтры». У той жа час беларусам сапраўды не хапае ведаў пра дэмакратычную культуру Расіі.

«Сёння на такія структуры расійскае кіраўніцтва ўскладае і пэўныя ідэалягічныя функцыі, — кажа палітолаг Аляксандар Фядута. — Канцэпцыя „русского мира“ — гэта канцэпцыя не менавіта культурная, а ідэалагічная, ці нават палітычная канцэпцыя. І гэта не зусім адпавядае тым мэтам, якія могуць быць дэклараваныя”.

Адкрыццё цэнтраў расійскай культуры — адзін з кірункаў дзейнасці па фармаванні «пазітыўнага іміджу Расіі за межамі». За гэта ў Расіі адказвае адмысловая структура пад назвай «Россотрудничество». Прэзідэнт Уладзімір Пуцін афіцыйна заклікаў яе стаць галоўным правадніком канцэпцыі «мяккай сілы» — пра што пісаў расійскі «Коммерсант» год таму.

«Россотрудничество» атрымлівае з расійскага бюджэту амаль дзевяць з паловай мільярдаў расійскіх рублёў. Прычым павелічэнне бюджэту «Россотрудничества» адбылося паводле спецыяльнага ўказа Уладзіміра Пуціна, і бюджэт быў падвышаны адразу ў 4,5 раза.

Расійскія эксперты называюць «Россотрудничество» аналагам амерыканскага USAID — агенцтва ЗША па міжнародным развіцці. Мяркуючы па некаторых выказваннях кіраўніка «Россотрудничества» Канстаціна Касачова, дзейнасць сваёй структуры ён успрымае як частку ідэалагічнай вайны за ўплыў.

З ЗША звязаны і самы гучны скандал у дзейнасці «Россотрудничества». Юры Зайцаў, кіраўнік яго вашынгтонскага аддзялення, быў западозраны ФБР у шпіянажы і вярбоўцы амерыканскіх грамадзянаў.

Сёлета ў сакавіку Касачоў фактычна абвінаваціў аналагічныя структуры ЕЗ і ЗША ў стратэгічным укладанні грошай ва Украіну. Па словах Касачова, гэтыя гіганцкія рэсурсы «затрачаныя на масаваны стратэгічны пасеў, які даў свае магутныя ўсходы ў выглядзе таго ж Еўрамайдана».

У красавіку Касачоў заявіў, што ягоная структура павінна спрыяць «фармаванню аб’ектыўнага вобразу Расіі ва Украіне». І абвясціў свой план, як пашырыць прысутнасць там «Россотрудничества».

Касачоў адмыслова вітаў адкрыццё Цэнтру расійскай культуры ў Брэсце, ужо 60-га па ліку: «Гэты цэнтр адкрывае прынцыпова новы этап у нашай працы. Адназначным прыярытэтам для нас робіцца прастора СНД, дзе мы пераходзім ад дэманстрацыі сцягоў на ўзроўні сталіц да рэальнай паўсядзённай працы на ўсёй гуманітарнай прасторы, якая аб’ядноўвае нашы краіны і народы», — цытуе Касачова лакальны рэсурс virtual.brest.by

У Беларусі «Россотрудничество», апроч конкурсаў настаўнікаў і выдання зборнікаў расійска-беларускай паэзіі, актыўна падтрымлівае разнастайныя прарасійскія арганізацыі. Банер на гэты сайт стаіць наўпроста на старонцы амбасады Расіі ў Беларусі. Удзячнасць «Россотрудничеству» за падтрымку яны выказалі ў адпаведнай рэзалюцыі, падпісанай Андрэем Герашчанкам, старшынём грамадскага аб’яднання «Русский дом».

Ультранацыяналістычная прарасійская «Русь молодая»  таксама карыстаецца падтрымкай «Россотрудничества». Менавіта «Россотрудничество» стала арганізацыйным партнёрам правядзення ў Мінску нацыяналістычнага спартовага турніру «Русский жим», які адбыўся ў траўні і адзначыўся канфліктам з ультрас клуба «Партызан».

Крыніца: Радыё Свабода

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект:

Загрузка...