Рэкламуючы сваю апошнюю кнігу, колішні дэпутат Вярхоўнага Савета Сяргей Навумчык, у прыватнасці, напісаў, што 12 кастрычніка 1996 года Зянон Пазняк зрабіў вельмі ўдалую, на яго погляд, фармулёўку для «ўсебеларускага народнага сходу» – «СХОД ЖЫХАРОЎ».

«Не грамадзян (людзей, якія адчуваюць адказнасць за краіну, за яе Незалежнасць), а – проста пражывалаў, якім «па барабане», у якой краіне жыць – абы «чарка і шкварка».

І сярод іншага тагачасны лідар БНФ паставіў пытанне рубам:

«…Кожны ўдзельнік сходу згодна з дзейнымі правіламі павінен быць асабіста папярэджаны пракурорам аб адказнасці за антыканстытуцыйныя дзеянні, што пагражаюць законнаму парадку ў дзяржаве, і аб узбуджэнні супраць яго крымінальнай справы ў выпадку ігнаравання ім законаў і цяжкіх наступстваў, якія з гэтага вынікаюць».

Спадар Навумчык тым самым падкрэслівае палітычнае мастацтва Пазняка глядзець наперад і бачыць далёкасяжныя наступствы.

Услед Юрка Цехановіч развівае гэтую думку Сяргея Восіпавіча рытарычным пытаннем:

«Ну вось, яшчэ адзін «факс» ад Пазняка. І што не так? Што Пазняк казаў не так?!»

Такім чынам – зноў Зянон, зноў адсыл да ягоных надзённых думак, гэтым разам вельмі слушных, і зноў ягоная каманда артыкулюе зусім не новую праблему: чаму палітызаваная частка грамады не прымае за аксіёму сказанае харызматычным лідарам?

СНплюс шукае адказ у ветэрана дэмакратычнага руху Віктара Карняенкі і сябра Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Мікалая Юшчука.

Віктар Карняенка: Не ствары сабе куміра

– Хутчэй за ўсё, зараз Пазняк дрэнна разбіраецца ў бягучых закручаных актуаліях. Так, гэта знакаміты палітык, але каб не рабіць палітычных памылак, трэба віраваць у жыцці. Я і сам зараз крыху збоку ад працэсаў, таму дэтальна не зусім разумею, а калі ты проста аналізуеш сітуацыю на падставе прагляду фэйсбука ці тэлевізара, то дакладны курс адназначна не пралічыш.

Калі вярнуцца ў сітуацыю 2020 года, то палітыкі зусім не адчулі настрою людзей: заклікі ні да байкоту, ні да чога не прывялі, затое велічэзная колькасць людзей – як ніколі – ішла галасаваць. З адчуваннем настрояў грамадства таксама існуе праблема, мне здаецца, і людзі гэта разумеюць.

– Але ж Зянон Пазняк вядзе досыць актыўнае палітычнае жыццё: да прыкладу, аб’явіў пра стварэнне часовага ўрада, які «павінен узяць на сябе функцыю надзвычайнай улады ў час ліквідацыі рэжыму Лукашэнкі».

– Ай, не хочацца гаварыць. Сапраўды, Пазняк легендарны чалавек, у свой час многае зрабіў, але цяпер займацца такой палітычнай бяздзейнасцю хутчэй няправільна.

То-бок нават такія легендарныя палітыкі мусяць ведаць, калі своечасова сысці ў цень?

– Можа, не трэба сыходзіць у цень – у ягоным узросце яшчэ рэальна займацца палітыкай. Проста шмат хто даверліва слепа яго падтрымлівае, не ведаючы, што, чаму і як. Літаральна сёння размаўляў на тэму, маўляў, трэба вяртацца да канстытуцыі 1994 года. А якім чынам, якія механізмы існуюць? Тады давайце спачатку пераможам. І я абсалютна перакананы: байкотная стратэгія – нічога не рабіць – на руку толькі рэжыму, і наадварот, яго будзе палохаць палітычная актыўнасць грамадзян. Мне здаецца, гэта сур’ёзная памылка. Безумоўна, палітычная ініцыятыва належыць не нам, але не заўважаць усяго гэтага няправільна. Лукашэнка зноў агучыў ініцыятыву рэферэндуму, а людзі мусяць рэагаваць. Ёсць тры варыянты: ісці, не ісці, як ісці. Горш за ўсё, калі ўся стратэгія зводзіцца да выхаду трох калон у розныя бакі, як адбылося ў 2010 годзе – гэта была самая правальная кампанія за ўвесь час.

Чаму ж палымяныя прыхільнікі Пазняка паводзяць сябе так агрэсіўна?

– Я жыву паводле прынцыпу «не ствары сабе куміра», а ёсць людзі, якія свята вераць.

Мікалай Юшчук: Адсутнасць прафесіяналізму замяшчаецца фанатызмам

Мікалай Юшчук з’яўляецца сябрам БСДП (Грамада). Гадоў пяць таму яго выключылі з БНФ за радыкалізм – спробу аб’яднаць БНФ і Кансерватыўна-хрысціянскую партыю БНФ, якой, дарэчы кіруе Зянон Пазняк.

Чаму ж шырокая грамада не ўспрымае адэкватна нават правільныя ідэі ды ініцыятывы Зянона Пазняка? Вось што кажа Мікалай Юшчук:

– Маштаб мыслення трохі іншы. Ёсць дзяржаўныя людзі, а Пазняк хутчэй мысліць катэгорыямі нацыяналіста. Дзяржава – паняцце больш шырокае і складанае, яму не хапае глыбіні дзяржаўнага мыслення, не хапае ведаў дзяржаўнага кіравання. Адпаведна, і аўтарытэту сярод дзяржаўных службоўцаў ён так і не набыў. У свой час ён мог гэта зрабіць, але не засвоіў той вобласці ведаў. Калі б ён меў вопыт працы ў Саўміне або старшынёй аблвыканкама, як Сямён Домаш, тады можна было б казаць пра дзяржаўнае мысленне і дзяржаўны ўзровень. А так ён застыў на больш нізкім узроўні.

Як вы ацэньваеце яго ініцыятыву стварыць часовы ўрад?

– Каб стварыць часовы ўрад, зноў жа трэба іншы ўзровень мыслення. Многія спрабуюць брацца за такую справу, але мала ў каго хапае кваліфікацыі. У філосафа Уладзіміра Мацкевіча, напрыклад, правільныя ідэі. Але адна справа – мець правільныя ідэі, і зусім іншая – ведаць, як іх рэалізоўваць, як перацягнуць на свой бок патрэбных людзей, якія працуюць у сістэме дзяржаўнага кіравання. Недастаткова адной ідэалогіі, яшчэ неабходныя і кіраўніцкія навыкі.

Чаму прыхільнікі Пазняка часцяком паводзяць сябе безапеляцыйна, асабліва калі становяцца на абарону нібыта пакрыўджанага кімсьці Зянона?

– Калі не хапае прафесіяналізму, ён замяшчаецца фанатызмам. Заўзяты фанатызм, радыкалізм рэдка даюць станоўчыя вынікі, рэдка прыводзяць да ўлады, трэба больш гнуткая, больш дыпламатычная пазіцыя. Палітыка – мастацтва магчымага, а на адным фанатызме далёка не заедзеш: патрэбныя структуры, фінансы, органы кіравання.

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект:

Загрузка...