Сёння пачынаецца двухдзённы візіт Аляксандра Лукашэнкі ў Сербію. Апошні раз ён быў там 15 гадоў таму, у разгар натаўскай ваеннай аперацыі.
drakahrust2

За гэты час Сербія, яе ўнутранае і міжнароднае становішча вельмі змянілася. Але не выключана, што гісторыя зрабіла пятлю, візіт кіраўніка Беларусі ўяўляўся б немагчымым пры папярэдніх кіраўніках Сербіі — нашчадкаў рэвалюцыі 2000 года. Цяпер на чале Сербіі — былы паплечнік лідэра сербскіх радыкалаў Шэшаля, якога судзяць у Гаазе. Томіслаў Нікаліч — не Мілошавіч і не Шэшаль і пры ім Сербія працягвае рух у Еўразвяз. Але ёсць нюансы.

На першы погляд, візіт Аляксандра Лукашэнкі мае дэманстрацыйную мэту, маўляў, ёсьць кіраўніку Беларусі куды паехаць і ў Еўропе. Таваразварот паміж дзвюма краінамі складае сціплыя 200 мільёнаў долараў, але можа быць разлік на тое, што Сербія — кандыдат у сябры Еўразвязу, яе голас можа гучаць у Еўропе, праз Сербію магчымыя пэўныя камэрцыйныя кантакты з Еўропай.

Аднак можа быць і іншая інтэрпрэтацыя візіту. У свой час Сербія далучылася да еўрапейскіх санкцый адносна Беларусі. Летась прэзідэнт Нікаліч, калі наведваў Мінск, тлумачыў, што яго краіна не магла паступіць інакш, як кандыдат у сябры Еўразвязу. Але цяпер той жа Нікаліч кажа, што Бялград не далучыцца да санкцый супраць Расіі ні пры якіх абставінах. Да таго ж візавыя санкцыі ЕЗ адносна Беларусі распаўсюджваюцца і на Лукашэнку. Яго з’яўленне ў Бялградзе сведчыць пра тое, што Сербія прытрымліваецца палітыкі ЕЗ у гэтым пытанні прынамсі не цалкам. Тут варта прыгадаць і адмову Сербіі выконваць рэкамендацыю Еўракамісіі і прыпыніць будаўніцтва газаправоду «Паўднёвы паток».

Зразумела, ролю Беларусі тут не варта перабольшваць, але яшчэ адна магчымая мэта візіту Лукашэнкі — разам з Масквой адкалоць Сербію ад Еўропы, спыніць яе шлях у Еўропу, дамагчыся, каб Сербія паўтарыла сцэнар Украіны Януковіча і Арменіі Саргсяна. Гэтыя краіны мелі намер падпісаць пагадненне аб асацыяцыі з ЕЗ, але потым рэзка змянілі геапалітычны курс.

Тоеснасці тут няма і не можа быць, Сербія дамову аб асацыяцыі з ЕЗ даўно мае, адносна яе размова ідзе аб паўнапраўным, хаця і няхуткім, сяброўстве ў Звязе. Аднак тое, што Бялград не падтрымлівае санкцыі Еўразвязу адносна Расіі і фактычна выходзіць з рэжыму санкцый адносна Беларусі, можа сведчыць аб прынамсі прыпыненні еўраінтэграцыі Сербіі. Дарэчы, Лукашэнка ў інтэрв’ю сербскім медыям выказаў меркаванне, што «Сербіі трэба смялей ісці на ўсход».

Цікава, што праз 6 дзён пасля Лукашэнкі ў Бялград ляціць кіраўнік расійскага МЗС Сяргей Лаўроў. Не выключана, што гэта такая гульня з Сербіяй «у чатыры рукі» — расійскія і беларускія.

У тым жа інтэрвію сербскім СМІ Лукашэнка сказаў, што палітыка і пазіцыя Еўразвязу ў дачыненні да Беларусі апошнім часам мяняецца. «Прынамсі, са мной ужо вітаюцца і размаўляюць. Гэта таксама вялікі прагрэс» — сказаў ён. Хутчэй за ўсё, Лукашэнка меў на ўвазе сваю тэлефонную гутарку з прэм’ерам Польшчы Дональдам Тускам. Пра іншыя кантакты на вышэйшым узроўні невядома.

Зразумела, што на фоне агрэсіўнай пуцінскай Расіі Лукашэнка выглядае не так і кепска. Гэтаму выгляду спрыяе і двухсэнсоўная палітыка адносна Украіны: хаця Мінск у ключавыя моманты крызісу (галасаванне ў ААН, размяшчэнне ў Беларусі расійскіх вайсковых самалётаў) і ішоў у фарватэры Масквы, але прынамсі рытарычна пазіцыя была больш абачлівай, чым расійская. Усё гэта, наогул кажучы, стварае спрыяльныя ўмовы для паляпшэння адносінаў паміж Беларуссю і Еўразвязам.

Але Захад ужо навучаны горкім досведам 2008-2010 гадоў і не давярае беларускаму кіраўніку. У прынцыпе ён, і знаходзячыся пад санкцыямі, і без заходняга спрыяння, робіць адносна Украіны, зыходзячы з уласных інтарэсаў, тое, у чым зацікаўлены Захад. Але тое, што Лукашэнку не запрасілі на святкаванне гадавіны «Дня Д» у Францыю, сведчыць, што ніякага павароту заходняй палітыкі адносна Беларусі пакуль не адбываецца.

З іншага боку, насамрэч невідавочна, што і Лукашэнка так ужо зацікаўлены ў збліжэнні з Еўразвязам. Гледзячы па ўсім, яму падаецца аптымальным варыянт, пры якім ён захоўвае магчымасць гэтага збліжэння і канвертуе яе ў Маскве ў рэальныя грошы.

Крыніца: Юрый Дракахруст,  Радыё Свабода

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект:

Загрузка...