Вы прыходзіце ў кавярню ўзяць кавы і далей бегчы па сваіх справах, а там творыцца нешта незвычайнае — выходзяць маладзёны і чытаюць нікому не вядомыя вершы, аплядуюць? Нехта падумае, што карпаратыў ці рэпетыцыя. А насамрэч вы трапілі не ў звычайную, а ў літаратурную кавярню.

Свае вершы чытае Эмілія Вольная

Свае вершы чытае Эмілія Вольная

У такую кавярню завітаў журналіст Аляксей Сапрыкін і адчуў увесь рамантызм вершаў пад акампанемэнт кава-машыны.

Пра літаратурную кавярню ён пагутарыў са стваральніцай, паэткай Алісай Ахрамовіч.

Аліса Ахрамовіч

Аліса Ахрамовіч

— Як узнікла ідэя стварэння літкавярні?
 
— Ідэя стварэння Літкавярні належыць майму знаёмаму — аднаму з заснавальнікаў праекту «Талака.бай», — Івану Вядзеніну. Мы сустрэліся выпадкова на нейкім мерапрыемстве ў кнігарні Логвінаў. І ў размове пра сучасных паэтаў і праблемы з імі звязаныя Іван прапанаваў мне такі варыянт мерапрыемства, каб я паглядзела на практыцы, ці ёсць попыт у людзей на расійскамоўную ды дзвюхмоўную паэзію.

— То бок, вы лічыце, што з беларускамоўнай паэзіяй сітуацыя не такая кепская?

— Наша краіна і яе культура знаходзяцца ў такім стане зараз, калі звычайныя для Еўропы ды астатняга свету рэчы тут толькі адкрываюцца пісьменнікамі, паэтамі, музыкамі, мастакамі… Насамрэч, як на мяне, попыт ёсць на ўсё, што існуе, але спачатку тое, што існуе, трэба знайсці і ўсім паказаць. Беларускамоўная паэзія — не выключэнне. Ужо ёсць некалькі беларускамоўных паэтаў, якія стварылі сваё асаблівае кола прыхільнікаў. З беларускай прасцей, бо неўзабаве расійскамоўнае і ўсё, што нагадвае беларусам пра гістарычных акупантаў, будзе існаваць у «рэзервацыі», але яшчэ час гэты не наступіў.

— Ці ёсць зацікаўленнасць з боку маладзёнаў у сучаснай паэзіі?
 
— На адной з сустрэчаў нашай літкавярні нейкая дзяўчына сказала, што цяпер няшмат месцаў, дзе можна пачуць паэзію ў такім выглядзе — якая вылятае з вуснаў саміх яе стваральнікаў. І я, як маладая паэтка, чую шмат словаў такога кшталту ад гасцей маіх чытанняў, таму, мяркую, зацікаўленасць ёсць.

Паводле Алісы, у Беларусі ёсць маладыя паэты, якія могуць стаць новым Рыгорам Барадуліным ці Генадзем Бураўкіным. Галоўнае, гэта даць маладым паэтам аўдыторыю і магчымасьць публічнага выступу перад невядомай аўдыторыяй:

«Час змяняецца, форма падачы мусіць пераўтварацца ў іншую, вынаходзіць новыя шляхі. І гэта ў пэўным сэнсе літаратурны натуральны адбор. Як героямі, так і паэтамі становяцца».

І вось, літаратурная кавярня адчынілася. На імправізаваную сцэну выходзіць першы выступовец, паэт — Алесь Сьнег. Усе наведнікі кавярні, пачуўшы вершы, адклалі ўбок свае справы і з зацікаўленнасцю пачалі назіраць, што гэта такое тут адбываецца. Са звычайных наведнікаў яны пераўтварыліся ў гасцей і сяброў паэтаў.

Падчас мерапрыемства адзін з іх, нечакана для ўсіх, выйшаў на сцэну і заявіў, што шукае паэтаў для паездкі ў Арменію на паэтычны фэст і прапанаваў прачытаць усім «верш на мільён». Гэткі сюрпрыз моцна ўразіў прысутных выступоўцаў: Алеся Сьнега, Ганну Волкаву, Andrusia Zakachanaha, Mate Lakiato, Облачный Ёж і Эмілію Вольную. Яны далей чыталі свае вершы зь вялікім імпэтам, і хацелі спадабацца незнаёмцу зь цікавай прапановай.

 Алесь Сьнег


Алесь Сьнег

Алесь Сьнег быў адным зь нешматлікіх, хто чытаў свае вершы па-беларуску.

—  Ідэя выступаць у кавярні даволі цікавая і арыгінальная. Па-першае, пра мае вершы там наўрад ці хто ведае. Таму ў кавярні падчас гэтага праекту я адкрываю для сябе новую публіку, і наадварот. І тым больш беларускай мовы у кавярнях не хапае, таму варта напоўніць такія месцы родным словам.

— Ці можна з дапамогай вершаў прыцягнуць увагу да сябе ці да істотных падзеяў у грамадстве?

—  З дапамогай вершаў, адназначна, можна многае. Самае вартае: прыцягнуць увагу слухачоў да беларускай мовы, паказаць, што яна не проста ёсць, а развіваецца.

—  Хто з’яўляецца тваім натхняльнікам ці музай?

— Натхняльнікам часцей за ўсё з’яўляюцца людзі і падзеі. Пішу збольшага пра тое, што адбываецца ў рэчаіснасці.

У будучыні Літкавярня плануе развівацца. Кофебокс, дзе цяпер праходзяць мерапрыемствы, прапанаваў новыя пляцоўкі, паэты пачынаюць праяўляць ініцыятыву і ахвоту выступаць.

Тры гадзіны паэзіі праляцелі незаўважна. Але літаратурная кавярня не пераўтварылася ў звычайную, як карэта ў гарбуз з вядомай казкі. Паэтычны дух віруе разам са смакам свежай кавы.

Крыніца: Аляксей Сапрыкін для Радыё Свабода, фота: Kate Khursan

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект:

Загрузка...