З 2 па 6 чэрвеня ў Мінску праходзіць IV Праваслаўна-каталіцкі форум на тэму “Рэлігійны і культурны плюралізм: выклікі для хрысціянскіх Цэркваў Еўропы”, які сабраў іерархаў, тэолагаў і філосафаў.

forum-01-big

Як паведаміла рэдактар афіцыйнага парталу Беларускай праваслаўнай Царквы Таццяна Кузняцова, удзельнікі Форуму сабраліся ўчора, а сёння, 3 чэрвеня, прыступаюць да пленарных паседжанняў.

– Афіцыйна заяўленыя 22 краіны. Больш за праваслаўных і каталіцкіх 40 іерархаў. Перад пачаткам самога форуму была праведзена экскурсія па храме Усіх святых для высокіх гасцей. Яны запалілі свечкі ад нязгаснай лампады ў памяць усіх ахвяраў войнаў і рэпрэсій. І цяпер пачынаецца рабочае паседжанне.

Як паведаміў міжнародны аглядальнік Раман Якаўлеўскі, праваслаўна-каталіцкі форум праходзіць ў закрытым рэжыме:

– Гэты форум праходзіць за зачыненымі дзвярыма. Наколькі я ведаю, прысутнічаць на афіцыйным адкрыцці дазволілі толькі дзяржаўнаму Беларускаму тэлебачанню. Аніякіх журналістаў. Сустаршыня аргкамітэта гэтага мерапрыемства – шырокавядомы Фёдар Поўны, ён нібыта з’яўляецца духаўніком Лукашэнкі.

Ініцыятарамі Форуму два гады таму выступілі праваслаўны Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт і каталіцкі Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч. Суарганізатарам з’яўляецца таксама “Хрысціянскі адукацыйны цэнтр святых Мяфодзія і Кірыла”. Падобныя Форумы ў мінулым адбыліся ў Італіі, Партугаліі і Грэцыі.

На міжнародную міжканфесійную сустрэчу прыехалі іерархі з 22 краінаў свету. Крызіс сям’і, пытанні маральнасці, гомасексуальныя сужэнствы – гэта толькі некаторыя з тэмаў, якія закранаюцца ў час Форуму.

Як лічыць адзін з лідараў БХД  Віталь Рымашэўскі, можна толькі вітаць любыя міжканфесійныя ініцыятывы ва ўмовах Рэспублікі Беларусь:

– Безумоўна, дзеля грамадзянскага міру, еднасці беларусаў і росквіту хрысціянства ў краіне такія дыялогі можна толькі вітаць. Што тычыцца актуальнасці яго правядзення і скіраванасці, то пра гэта можна будзе меркаваць па выніках, па прынятых рэзалюцыях. Відавочна, што беларускія ўлады безумоўна зацікаўленыя сёння ў пошуку новага фундаменту для нацыянальнай ідэі, для нацыянальнай ідэалогіі, пра гэта заяўляў і сам Лукашэнка.

Тое, што хрысціянства разглядаецца як складнік беларускай нацыянальнай ідэі, Віталь Рымашэўскі ацэньвае станоўча. Хоць, на ягоную думку, розныя палітычныя сілы спрабуюць выкарыстаць Царкву па-свойму.

Крыніца: Радыё Рацыя

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект:

Загрузка...