Васіля Парфянкова пакаралі карцэрам на 5 сутак за адмову выйсці на «добраахвотныя працы».
parfenkou
Вязень турмы ў Горках Васіль Парфянкоў адбыў чарговыя 5 сутак у турэмным ШЫЗА, як называюць карцэр. Пра гэта Васіль Парфянкоў паведаміў актывістцы Вользе Мікалайчык, з якой рэгулярна лістуецца, ды патлумачыў прычыну пакарання.

«Напісаў: мо, троху і сам вінаваты, але што рабіць? Выклікалі да начальства, і начальнік кажа, каб падпісваў паперы на „добраахвотную працу“, хопіць, маўляў, непадпарадкоўвацца. На што Васіль адказаў, што сядзіць ні за што, не падпісваў і не падпіша ніякія паперы, і „можаце да мяне не звяртацца, працаваць на вас не буду“. Тады начальнік турмы спытаўся: „Ці надоўга цябе хопіць?“ На гэта Васіль адказаў: „На ваш век хопіць“ і атрымаў яшчэ 5 сутак карцэру».

Паводле звестак ад Васіля Парфянкова, ён шмат чытае, слухае радыё, а вось тэлевізара ў ягонай камеры няма. Палітвязню забаронена атрымліваць газеты па падпісцы, але яму дасылаюць свае газеты рэдакцыі «Нашай нівы» і «Новага часу». Нядаўна Васіль Парфянкоў атрымаў 2 лісты салідарнасці з Літвы і Швецыі, чаму быў вельмі рады, паведамляе Вольга Мікалайчык. Пры гэтым актывістка расчараваная тым, што Васілю мала пішуць з Беларусі:

«Будзем пачынаць кампанію салідарнасці „Напішы Парфянкову“. Гэта недапушчальна, што нават сябры нібыта забыліся пра Васіля і мала яго падтрымліваюць. Мы не мусім кідаць у бядзе такіх людзей, як Васіль Парфянкоў».

Паводле Вольгі Мікалайчык, Васілю Парфянкову ў горацкую турму можна таксама высылаць кнігі: «Ён цікавіцца кнігамі пра падарожжы, аўтамабілі, сучаснымі дэтэктывамі».

Васіль Парфянкоў адбывае год зняволеньня ў турме за парушэнне правілаў прэвентыўнага нагляду, які быў усталяваны за ім пасля асуджэння за падзеі 19 снежня 2010 года. Праваабаронцы ў Беларусі лічаць, што Парфянкова пераследуюць за ягоную грамадскую актыўнасць.

Крыніца: Радыё Свабода

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект:

Загрузка...