Смерць – вечная адсутнасць, якая страшней за смерць.

Рыгор Барадулін, Уладзімір Някляеў, Генадзь Бураўкін

Рыгор Барадулін, Уладзімір Някляеў, Генадзь Бураўкін

9 дзён па Генадзю Бураўкіну

Больш за тры месяцы няма Рыгора Барадуліна

Сказаць, што без іх адзінотна – не сказаць нічога…

Але верш не пра гэта. Не пра іх смерць, а пра тое, чым яны жылі.

І з чым сыйшлі…

***
Па маёй, па тваёй, па чужой ці па нашай віне
Беларусь у знявазе, мане, у сабачым лайне.
І калі памірае праз роспач і скруху паэт,
Ён не той пакідае, у якім нарадзіўся, сусвет.

Той сусвет быў Айчынай. Калыскай ягонаю быў.
Ён паэта люляў, малаком роднай мовы карміў,
Баіў байкі яму –
Там у кожным паэтавым сне
Бай хадзіў па сцяне
У чырвонам сваім каптане…

Баю-бай, баю−бай. Спяць, раскінуўшы рукі, сыны.
Сняцца некаму рускія. Некаму польскія сны.
У сваім каптане той жа Бай над калыскаю той,
Толькі з мовай чужою – душою чужой і крывёй.

Спіце, воі. Мужчыны. Далёка яшчэ да відна.
Вы праспалі Айчыну! І ў снах беларускіх яна
Не Пагоняй ляціць, а ваўчыцай на бруху паўзе
І сама сабе лапу, каб вырвацца з пасткі, грызе.

Баю-бай, баю-бай. Спіце, дзеткі, бяспамятным сном.
Маладыя ваўкі! Піце матчыну кроў з малаком!..
Даганяйце па следзе, што ў кожным паэтавым сне
Чырванее на лёсе,
на лёне,
на белым, як смерць, палатне…
7.06.2014

Крыніца: Уладзімір Някляеў, Беларускі партызан

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект:

Загрузка...