Беларусы любяць казаць, што палітыка іх не цікавіць. Хлусяць, вядома. Нахабна, гледзячы проста ў аб’ектыў і амаль не чырванеючы — ну хіба што вушы гараць здрадлівым полымем, крадком выкрываючы народнае крэда. Але чалавечыя вушы ў Беларусі даўно зрабіліся атавізмам: нам няма каго слухаць, апрача ўнутранага голасу, а ўнутраны голас не ведае, што такое серныя коркі і прапагандысцкія высеры.

Альгерд Бахарэвіч, фота Наша ніва

Альгерд Бахарэвіч, фота Наша ніва

Унутраны голас — гэта тое, што застаецца, калі выключыць тэлевізар. Цудоўная форма супраціву, якой яшчэ не бачыў свет.

Пра палітыку ў Беларусі гавораць, бадай, усе — але толькі не пра сваю. Гавораць пра Украіну, Расію, Еўразвяз, еўрарамонт у суседзяў… Разважаюць пра засілле ісламу і «блакітныя» лобі, пра закалоты і Амерыку, думаюць думу пра чужую Думу і нешта там мяркуюць пра Мэркель… Што да сваёй, тутэйшай палітыкі, дык у хоры ўнутраных галасоў не разабраць, хто на якім баку — а прылюдна сказаць тое, што кажа твой унутраны голас, нельга: страшна.

Таму што ў жыцці шчаслівых людзей няма палітыкі. Толькі яны, шчаслівыя людзі, могуць дазволіць сабе такую раскошу — не турбавацца праз палітычныя віхуры, не цікавіцца, не сачыць, не ведаць ні імёнаў, ні праграмаў, і пляваць на тое, каго выбіраюць ім у начальнікі. Кожнага разу, гаворачы пра палітыку, ты робішся крыху менш шчаслівым. А то і зусім — няшчасным. А няшчасныя людзі дзяржаве не па кішэні і наогул псуюць ёй усю статыстыку.

Беларусы баяцца быць нешчаслівымі, бо інакш можна зрабіцца шчырымі. Пайсці ў паліклініку — і апынуцца па той бок барыкадаў. Стоячы ў чарзе, стаць у апазіцыю. Таму: палітыка нам не цікавая. Мы нікому не верым, апрача ўнутранага голасу.

А голас прамаўляе яго, наша палітычнае крэда:

«Маліся ж, бабулька, да бога,
Каб я панам ніколі не быў».

Якая яшчэ нафіг бабулька, спытае палітолаг? А тая самая, доўгажыхарка, пярэстарак маладой беларускай дзяржаўнасці, якая нікуды не збіраецца сыходзіць са сцэны. Твар беларускай палітыкі і яе гемарой. Ёй можа быць і 50, і 40, і 30, і нават 20 — але паводле сваіх палітычных перакананняў яна — бабулька. Вахторка ў ватніку, якая сядзіць на шляху пераменаў:

«Сваё дзела як трэба рабіў!»

Запавет шчаслівага чалавека.

…Беларусы любяць казаць, што палітыка іх не цікавіць. Хлусяць, вядома. А вось беларускім палітыкам беларусы сапраўды — нецікавыя. Таму палітычны працэс у Беларусі часцей за ўсё нагадвае размову ў школьным калідоры падчас пераменкі. «Ты за ўладу ці за апазіцыю?» Гэта так падобна да нашых колішніх дзіцячых падзелаў… «Ты за немцаў ці за рускіх?» Ці, пазней: «Ты за валністаў ці за металістаў?»

Смешна. Палітыка наогул смешная рэч. Гэта ж як высока трэба ацэньваць свае маральныя, інтэлектуальныя, арганізатарскія і яшчэ хрэн ведае якія якасці, каб сказаць: галасуйце за мяне, я ведаю як і што, ідзіце ўсе за мной, я вам такое пакажу!.. Бо сапраўдны палітык, у апазіцыі ён ці наадварот, можа гаварыць што хоча — праўдзівы сэнс ягоных словаў будзе прыкладна такі:

Я самы разумны. Я самы прыгожы. Я збаўца нацыі. Я геній. Я правадыр. Я самы здаровы, псіхічна ўраўнаважаны і фізічна разьвіты. Я ўсё роўна лепшы за вас у сто разоў.

Тыя, каго ў Беларусі называюць апазіцыйнымі палітыкамі, насамрэч да палітыкі не маюць ніякага дачынення. У найлепшых сваіх праявах яны — пакутнікі, у самым прыгожым хрысціянскім сэнсе гэтага слова. За тое і вартыя нашай павагі — за пакуты, а не за палітыку. Сапраўдны палітык прыходзіць, каб за яго пакутавалі іншыя. А тут… Калі б унутраны голас беларуса гаварыў нешта пра пакутнікаў, магчыма, яны мелі б на выбарах нейкія шанцы. Хаця б прывідныя — як вера ў Бога. А так — прывіднымі зрабіліся самі выбары. А чаго хацець ад людзей, якія чуюць галасы?

Выбірай, а то прайграеш — гучыць някепска. Не горш за астатнія ісціны, якія варта ведаць кожнаму, хто збіраецца ўсё ж задушыць на нейкі час свой унутраны голас і пагуляць у палітыку. Вось яны: 1) Выбары не выратуюць. 2) Вырадкі не вымруць. 3) Вырай не вырак. 4) Лепш такая апазіцыя, чым ніякай. І самай лагічнай высновай з усяго гэтага была б такая: айда на майдан.

Але шчаслівыя людзі, якія давяраюць толькі ўнутранаму голасу, на майданы не ходзяць.

…Раней слова «апазіцыя» ў народзе было ледзьве не лаянкай, цяпер яно — хутчэй жартоўная характарыстыка. На жывога апазіцыянера глядзяць як на бяскрыўднага фрыка. Гэта — не занятак для сур’ёзнага чалавека. Сур’ёзны чалавек працуе — і гэта закон. Ён вольны ў вольны ад працы час. Быць у апазіцыі — марнаванне часу і лузерства. Палітыка — мастацтва пераможцаў. Панскае мастацтва. Мастацтва «драць нос і корчыць спіну». Гімнастыка для нячыстых на руку ці проста дурных. За такіх бабулька не моліцца.

Толькі вось нікому ў галаву не прыходзіць, што падмецены двор, талончык да доктара і школьныя паборы таксама — палітыка… Унутраны голас беларуса пра гэта маўчыць. Як маўчыць ён і пра пакутнікаў. У шчаслівых людзей няма апазіцыі, таму няма й турмаў.

Ты за ўладу ці за апазіцыю?… Не быць скотам або не быць панам?.. Выбірай! І каму тут якая розніца, што можна не быць ні тым, ні другім, ні нават трэцім. Быць вольным. А вольны чалавек — заўжды і паўсюль апазіцыя, ён знаходзіцца ў ёй нават тады, калі прымае позу лотаса, і займаецца апазіцыйнай дзейнасцю, нават калі бачыць сны.

Вольны чалавек — заўжды нешчаслівы. А палітычным апазіцыянерам можна быць толькі часова — пакуль твае ідэі не перамогуць і ты не заваюеш ўладу. «Вечны апазіцыянер» — гучыць як «вечны агонь»: каля цябе будуць фатаграфавацца на памяць, да цябе будуць прыводзіць замежныя дэлегацыі, але ты ніколі нікога не спаліш і не сагрэеш. На цябе нават памачыцца нікому нельга. Гары сабе, сімвалізуй штосьці. Напрыклад, свабоду.

Крыніца: Альгерд Бахарэвіч, Радыё Свабода

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект:

Загрузка...