19 чэрвеня спаўняецца 90 гадоў з дня нараджэння Васіля Быкава. Васіль Быкаў не дажыў год да свайго 80-ці годдзя. У нас на сувязі рэжысёр-дакументаліст Віктар Корзун, аўтар фільму «Васіль Быкаў. Вяртанне».

Віктар Корзун

Віктар Корзун

РР: У мяне да сёння ў вачах гэтая бясконцая чарга людзей з фільму, чарга людзей, якія хацелі хацелі развітацца з Васілём Быкавым, якія хацелі пакланіцца яму, падзякаваць. Гэты натоўп, які ішоў з цэнтру Мінска, які нёс пісьменніка на руках да Усходніх могілак. Такой дэманстрацыі з патрэбы сэрца Беларусь з таго часу ўжо не пабачыла.

Віктар Корзун: Так, я безумоўна згаджуся. Але ў мяне ёсць заўвага адносна слова «натоўп». Мне здаецца, што гэта і ёсць той народ, пра які мы ўвесь час спрачаемся: ці ёсць ён, ці няма? Мне ўразіла, што людзі прыйшлі без арганізацыйных збораў, без інфармацыйнай кампаніі. Людзі ехалі з рэгіёнаў, з-за мяжы. І тут раптам уся ўлада, якая хацела перашкаджаць – не дазволіць пакрываць труну сцягам, не дазволіць шэсце – гэтая ўлада раптам знікла проста… сама сабой распусцілася… яе не стала бачна раптам, акрамя варты ганаровай, якая стаяла. І, у прынцыпе, гэта і ёсць яе месца. І я тады падумаў, што гэтыя людзі выходзяць, калі ім вельмі і вельмі трэба. Мы можам, канечне, параўнаць з 1996 годам, з ранейшымі – 1991 годам, калі выходзіла вельмі шмат людзей. Але там была пэўная арганізацыйная кампанія. А тут людзі самі прыехалі. Можа нават тыя, хто пабойваўся не прыехаў, а той, хто не баяўся – прыехаў. І вось гэта ўразіла і стала асновай фільму.

РР: А чаму менавіта Васіль Быкаў прыцягнуў народ, столькі людзей? Тым больш, што апошнія гады, амаль 10 гадоў, яго ў Беларусі не было. Ён быў вымушаны пакінуць Беларусь, у яго ўжо не ставала моцы змагацца з тым, што рабіла ўлада яму.

Віктар Корзун: Васіль Быкаў настолькі бачыў рэчаіснасць наперад – на некалькі дзесяцігоддзяў, а то і стагоддзяў, што яму было сумна. Калі я браў у яго інтэр’ю ў 1996 годзе – гэта быў пік падзеяў масавых. Мы інфармацыйнае інтэрв’ю бралі, прыехаўшы дахаты да яго. Паўгады ўгаворвалі яго. Ён хварэў, але нарэшце згадзіўся. А выйшла толькі што кніга «Сцяна» і эйфарыя такая была, 1996 год, лета… Гаворкі пра магчымы імпічмент, вяртанне да дэмакратычнай асновы. І я пытаюся, думаю, што будзе нейкі аптымізм, а ён вельмі-вельмі змрочна распавядае пра сучаснасць. Я тады зразумеў, што ён бачыць у сённяшняй сітуацыі, ён гаворыць такія словы: нам яшчэ далёка да свабоды, да дэмакратыі – 50 альбо 100 гадоў. Такія словы ў яго ёсць. Я зараз разумею і,вяртаючыся да сучаснасці, параўноўваю з украінскімі падзеямі. Васіль Быкаў тады казаў: так, канечне, мы можам быць свабоднымі, але толькі, калі стане свабоднай і дэмакратычнай Расея. І тое, калі яна такой стане. Наколькі мы бачым цяпер праўду ў ягоных словах. Марна тады было чакаць ад яго аптымізму, бо ён ведаў, што гэта такі далёкі, такі складаны шлях, так звязаны з усім астатнім, асабліва з гэтай пачварай – недэмакратычнай Расеяй.

РР: Калі з твайго фільму вобраз народу застаецца ў памяці, то са словаў Быкава мне як раз найбольш запомніліся разважанні пра свабоду. Васіль Быкаў кажа, што «чалавек нараджаецца» свабодным. А ён ўсё жыццё пражыў пры больш ці менш жорсткіх рэжымах.

Віктар Корзун: Я скажу можа пафасна, гэта будзе сакрэтам таго, чаму прыйшло так шмат людзей, чаму яго любілі і чаму ўлада сыйшла, калі на яго пахаванне прыйшло столькі людзей. Я думаю, што сам ён жыў у свабоднай краіне, як Караткевіч жыў у свабоднай краіне, якую ён сам прыдумляў упрыгожваў, вынаходзіў. Я думаю, што ўсе яны жылі ў свабодных краінах у гэтым увесь сакрэт. І таму ён стаў Народным пісьменнікам. Тэрмін «Народны» для мяне таксама напоўніўся пэўным сэнсам, калі я пабачыў гэтую з’яву, калі народ з’явіўся на пахаванні.

РР: Але мне здаецца, што калі ён выбудоўваў сваю свабоду, сваю свабодную краіну ён плаціў за гэта адчужэннем. Мне ён запомніўся, як ціхі чалавек, які заўсёды быў крышку збоку і гаварыў ціха, але гаварыў так, што хацелася яго слухаць.

Віктар Корзун: Ён быў унікальны чалавек, які мог бы стаць беларускім Гавелам, гэты шанец мы ўпусцілі – так выйшла. Ён быў вельмі дысцыплінаваны чалавек. Калі бы Быкаву сказалі, што ён мусіць стаць прэзідэнтам, ён бы стаў, мучыўся, але стаў бы, ён бы падпарадкаваўся вышэйшым сілам. Маральна ён быў вельмі вольны, актыўны і шырокі, без усялякіх абмежаванняў. У гэтым парадокс. Таму мы не можам сказаць, чаму прыйшоў народ на пахаванне. Гэта такая загадка.

Крыніца: Радыё Рацыя

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект:

Загрузка...