«Расійскія вайскоўцы, якія сёння раз’язджаюць на парадзе, заўтра будуць удзельнікамі вайсковага перавароту ў Мінску», – лічыць украінскі палітолаг Віталь Портнікаў.
portnikov

Паводле Портнікава, у выніку перавароту месца Аляксандра Лукашэнкі можа заняць новы прэзідэнт, пры якім адбудзецца дэмантаж беларускай дзяржаўнасці на карысць Расіі.

Радыё Свабода папрасіла Віталя Портнікава пракаментаваць факт удзелу расійскай вайсковай тэхнікі і расійскіх вайскоўцаў у парадзе 3 ліпеня ў Мінску.

Для ўдзелу ў мінскім парадзе Расія накіравала ў Беларусь «Іскандэры», С-400, бронеаўтамабілі «Тыгр», верталёты «Ка-52» і самалёты «Су-34». Напярэдадні 3 ліпеня ў Мінск прыбудзе расійскі прэзідэнт Уладзімір Пуцін. Афіцыйна ягоны візіт тлумачаць удзелам у цырымоніі адкрыцця новага музэю Вялікай Айчыннай вайны.

Як ставіцца да прысутнасці расійскіх войскаў у Мінску на фоне ўкраінска-расійскага вайсковага крызісу? Каментар Віталя Портнікава:

«Расіі важна закамуфляваць іміджавы правал ад той найцяжэйшай паразы, якую яна пацярпела сёння. Што б мы ні казалі, як бы Расія далей ні дэстабілізавала сітуацыю на паўднёвым усходзе Украіны, падпісанне Украінай, Грузіяй і Малдовай пагаднення аб асацыяцыі з Еўразвязам – гэта самая сур’ёзная геапалітычная параза Расіі. Гэта крах ілюзіяў адносна магчымасцяў адраджэння Расійскай імперыі.

І цяпер для Уладзімера Пуціна вельмі важна давесці, што гэтая імперыя ўзнаўляецца. Мяркуючы па ўсім, у ёмістай формуле «Крымнаш» доказнасці ўжо недастаткова. Па-першае, у Расіі няма магчымасцяў, каб прадэманстраваць Крым як паспяховую тэрыторыю, бо там шмат праблемаў. А па-другое, калі «Крымнаш», то трэба ісці далей на заваяванне іншых украінскіх земляў, а ў Расіі цяпер няма для гэтага рэсурсаў.

Таму Расія пачынае новыя дэманстрацыі – напрыклад, дэманстрацыю непарушнага сяброўства з Рэспублікай Беларусь. Для мяне гэта не дзіўна яшчэ з адной прычыны: расійская палітыка не пакідае выбару. Калі еўрапейская мадэль суседства была задуманая як магчымасць знайсці сваё месца ў стасунках з Еўразвязам, пры гэтым не парываючы гістарычных і эканамічных сувязяў з Расіяй, – то для Расіі любыя такія дзеянні накіраваныя на дэмантаж яе ўяўленняў пра будучыню. А яе ўяўленні пра будучыню – гэта знікненне нашых з вамі краінаў з мапы свету і замена іх адной-адзінай – Расійскай Федэрацыяй. Яна можа называцца па-іншаму, як гэта не раз было, – Савецкі Саюз ці Еўразійскі саюз. Але сутнасць ад гэтага не мяняецца.

Выбар вельмі просты: альбо гэта выбар, які зрабілі ўкраінскія грамадзяне, абараніўшы свой шлях у Еўропу на Майдане. Гэта шлях незалежнай дэмакратычнай дзяржавы, якая сама вырашае сваю будучыню.

Альбо гэта выбар, які робяць сёння жыхары Беларусі – выбар на карысць дэмантажу ўласнай дзяржаўнасці. Цалкам магчыма, што гэты дэмантаж, калі яму зараз у сілу ўжо сваіх асабістых інтарэсаў супрацьстаіць Аляксандр Лукашэнка, адбудзецца пры наступным кіраўніку беларускай дзяржавы, які будзе пасаджаны на трон намаганнямі тых жа расійскіх вайскоўцаў, якія сёння раз’язджаюць на парадзе, а заўтра будуць удзельнікамі вайсковага перавароту ў Мінску».

Крыніца: Радыё Свабода

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект:

Загрузка...