«Для Крамлю і для Расіі Беларусь з’яўялецца ралявой мадэллю — прыкладам таго, як за дваццаць гадоў улада змагла атамізаваць грамадства, кантраляваць апазіцыю, правакуючы яе на раскол, ужываючы рэпрэсіі, затрыманні і арышты і выкарыстоўваючы разнастайныя правакацыі”.

yurkonis1

У адрозненне ад Грузіі, Украіны і Малдовы, каляровыя рэвалюцыі ў Беларусі канчаліся за адзін дзень, за выключэньнем намётавага гарадка ў 2006 годзе. Магчыма, характар Лукашэнкі і сам ён не надта падабаецца Крамлю, але яны цэняць яго лаяльнасць і тое, што Лукашэнка змог стварыць сістэму, якую ён удала кантралюе”, – кажа Віціс Юрконіс.

Паводле апошняй справаздачы Freedom House «Дзяржавы пераходнага перыяду-2013», паводле ўзроўню дэмакратыі Беларусь займае 27-е месца з 29 аналізаваных краінаў. Яна без сюрпрызаў прызнаная краінай з аўтарытарным рэжымам кіравання, разам з Расіяй, Таджыкістанам, Узбекістанам, Азербайджанам і Казахстанам. Пракаментаваць вынікі аналізу мы папрасілі кіраўніка рэгіянальнага аддзялення міжнароднай няўрадавай арганізацыі Freedom House Віціса Юрконіса:

Радыё Свабода: Змена ўлады ва Украіне і ваенны канфлікт паміж Украінай і Расіяй памянялі расклад сілаў у рэгіёне. Як на гэтыя змены адрэагавала Беларусь — і ўлады, і апазіцыя?

Віціс Юрконіс: Нягледзячы на ўсю сваю рыторыку, Лукашэнка спрабуе схаваць відавочны факт — Мінск з’яўляецца лаяльным партнёрам Крамля. Гэта дэманструюць усе факты: тое, што ў ААН Беларусь прагаласавала супраць цэласнасці Украіны, запрасіла да сябе расійскія самалёты, што на яе тэрыторыі знаходзяцца расійскія вайсковыя аб’екты. Усе гэтыя факты паказваюць, што дэ-факта ў Беларусі няма незалежнасці, а Лукашэнка на сто працэнтаў залежыць ад Крамля.

А калі мы кажам пра апазіцыю, то Майдан мог бы быць натхняльным прыкладам для грамадзянскай супольнасці. Аднак апазіцыя больш кажа пра тое, што сцэнар Майдану ў Беларусі немагчымы. Тым самым яны спрабуюць патлумачыцца і апраўдаць сябе. Бо калі мы паглядзім на 2006, 2010 і 2011 год, то палітычная апазіцыя ніколі не была гатовая да сцэнару лідэрства і не была гатовая кінуць выклік уладзе.

Цяпер мы бачым, як абмяркоўваецца пытанне народнага рэферэндуму і адзінага кандыдата. Гэта працэс, у які ўключаныя ўсе, унутры яго шмат дынамікі, а па сутнасці нічога новага. Усё скончыцца гэтаксама, як сканчалася раней. Апроч адзінай павесткі дня — ганіць Лукашэнку і пры гэтым не даваць аніякай альтэрнатывы і не апеляваць да грамадзянскай супольнасці.

РС: З вашых развагаў для мяне выбудоўваецца схема: Лукашэнка лаяльны Крамлю, а апазіцыя — лаяльная Лукашэнку?

ВЮ: Не, наконт лаяльнасьці апазіцыі да Лукашэнкі — гэта наўрад ці.

Але ў кантэксце Майдана было некалькі жорсткіх заяваў ад некаторых прадстаўнікоў апазіцыі, калі яны казалі, што падзеі ва Украіне ці тое, што адбывалася ў Крыме, — гэта зразумела і так мусіла быць. Калі нават апазіцыя не разумее, што гэта агрэсія Расіі і ўварванне на чужую тэрыторыю, то пра якую дэмакратыю і дэмакратычную апазіцыю мы гаворым.

Аднак зразумела, што ўсе ў адной сістэме. З аднаго боку ёсць Лукашэнка, які атамізуе грамадства і намагаецца зрабіць раскол у апазіцыі, іншым разам здзекуецца з яе, садзіць у турму. Але апазіцыя з гэтай сістэмы таксама не выходзіць. Бо лепш яны будуць байкатаваць выбары, чым рэальна кідаць выклік і абараняць галасы. Лепш сядзець і абмяркоўваць адзінага кандыдата, хоць зразумела, што гэты адзіны кандыдат нічога не будзе значыць. Яны замкнёныя ў сваім коле і з’яўляюцца часткай сістэмы.

Мы цудоўна ведаем, што паводле сацыялагічных дадзеных ёсць тая частка грамадскасці, якая не бачыць альтэрнатывы і падтрымлівае рэжым. Ёсць невялікая частка, якая падтрымлівае апазіцыю і гэтай апазіцыяй з’яўляецца. І ёсць вялікая колькасць людзей у Беларусі, якія ані там, ані там. І ніхто з імі не размаўляе, і у прынцыпе іх ігнаруюць. Апазіцыя нашмат часцей абмяркоўвае Беларусь у Варшаве, Вільні і Бруселі, чым у рэгіёнах Беларусі.

Таму нічога ў Беларусі ў гэтым сэнсе не мяняецца.

Але калі адбываліся ўкраінскія падзеі, то вялікая частка той самай апазіцыі нашмат больш абмяркоўвала іх і не была гатовая абмяркоўваць праблемы ўнутры Беларусі. Гэта паказвае стаўленне апазіцыі як да сваёй функцыі ў Беларусі, так і стаўленне да грамадзянскай супольнасці. У прынцыпе яна іх не надта цікавіць, апроч перыяду прэзідэнцкіх выбараў, калі трэба паказваць нейкую дзейнасць.

РС: Як патлумачыць супярэчнасць паміж тым, што Аляксандр Лукашэнка публічна дэкларуе гатоўнасць  да супрацоўніцтва з новымі ўкраінскімі ўладамі, падтрымлівае цэласнасць Украіны, а факты, пра якія вы кажаце, дэманструюць залежнасць беларускіх уладаў ад волі Крамлю?

ВЮ: Падчас усяго перыяду кіравання ў Лукашэнкі заўжды быў такі асноўны матыў: ён настойваў на тым, што ён — гарант незалежнасці Беларусі. А толькі некаторыя факты, якія мы пералічылі, паказваюць, што гэтай незалежнасці насамрэч няма. Таму Лукашэнка мусіць іх неяк рэтушаваць. Ён сустракаецца з цяперашнімі уладамі Украіны, едзе на інаўгурацыю Парашэнкі — і ўсё гэта мусіць рабіць уражанне, што адбываецца па ўласнай волі, а не паводле плана Крамля. Але ў прынцыпе гэта проста манеўры, якія імітуюць тое, нібыта незалежнасць ёсць.

У гэтай рыторыкі два адрасаты. Самы галоўны — гэта беларускае насельніцтва. І гэта таксама паказчык таго, што Лукашэнка стараецца гуляць з настроямі. Мы разумеем, якая сітуацыя з медыямі ў Беларусі. І Лукашэнка гэта выкарыстоўвае, паказваючы, што ў яго хаця б часткова захавалася самастойнасць. Але рэальныя дзеянні і факты гэтаму супярэчаць.

Другі адрасат — гэта Еўразьвяз. Зразумела, што ўсе краіны Усходняга партнёрства, улучна з Беларуссю, напалоханыя дзеяннямі Крамля і разумеюць, што ніякага партнёрства ў Еўразійскім звязе не будзе. Ізноў жа былі супярэчнасці з тым, што было сказана пасля сустрэчы мытнай тройкі ў Мінску. Але нягледзячы на гэта дамова ўсё адно падпісаная. І Лукашэнка зноў стараецца паказаць сваім суседзям з Еўразвязу, што ён нібыта дагэтуль працягвае сваю палітыку балансавання.

Але гэта ўжо не палітыка балансавання, а палітыка імітавання. Відавочна, што беларускія ўлады стопрацэнтна знаходзяцца «пад Крамлём». Магчыма, яны гэтага і не хацелі, але ёсць эканамічнае, культурнае і інфармацыйнае дамінаванне Расіі. І самі беларускія ўлады завялі сябе ў гэты тупік.

Яны цяпер спрабуюць заклікаць еўрапейскіх суседзяў: «Ратуйце, давайце нейкія крэдыты» і так далей. Бо эканамічна мы ўсе разумеем, што ў Расіі сітуацыя пагаршаецца і будзе цяжэй атрымліваць крэдыты ад яе. Патрэбныя альтэрнатывы. Але ў рэальнасці Беларусь — на жаль, у прасторы Расіі. І не відаць ніякіх рэальных спробаў нешта зрабіць.

Але гэта ніяк не таму, што гэтага не хоча Брусэль.

Тое самае «Усходняе партнёрства» было праектам для таго, каб усе гэтыя краіны, улучна з Беларуссю, маглі прадэманстраваць свае намеры. Але Беларусь не зрабіла нічога, каб паказаць, што яе праект Усходняга партнёрства цікавіць. Нават праект пра малы памежны рух з Польшчай і Літвой не падпісалі, хаця мяч тут сапраўды на беларускім баку.

І калі глядзець на двухбаковыя стасункі з той самай Літвой, то нават у палітычна нейтральных, чыста прагматычных пытаннях няма ніякага добрасуседства. Гэта паказвае, што беларускія ўлады не зацікаўленыя ў супрацоўніцтве з сваімі еўрапейскімі партнёрамі. Магчыма, ім не дазваляе Расія. Але тое, што робіцца ў гэтай унутранай «кухні», мы не бачым, з-за таго, што гэта вельмі непразрыстыя дзяржавы.

РС: Што ў бліжэйшым часе будзе патрабаваць ад Лукашэнкі Крэмль і наколькі ён зможа супрацьстаяць гэтым патрабаванням?

ВЮ: Лаяльнасьць да «еўразійскага» праекта. Зразумела, што Беларусь і Казахстан былі першымі краінамі, якія мусілі даць штуршок і прыцягнуць у яго такія краіны, як Украіна. Без Украіны, канечне, Еўразійскі звяз нічога не значыць. Гэта такі праект-калека. Гэта і тлумачыць расійскую агрэсію, якая рэальна парушае ўсе міжнародныя стандарты і робіць Крэмль ізгоем міжнароднай сістэмы.

У цяперашніх умовах кіраўнікі Крамлю мусяць паказаць, што ў іх ёсць партнёры, ёсць краіны, якія іх падтрмліваюць. І яны будуць вымушаць Беларусь дэманстраваць лаяльнасьць, быць часткай «расійскамоўнага» свету.

Лёгка беларускім уладам дакладна не будзе. Яны будуць вымушаныя дэманстраваць нейкую незалежнасць. З-за гэтага ў бліжэйшым часе мы будзем вымушаныя выслухаць шмат супярэчлівых прамоваў, сігналаў. Але мы мусім аналізаваць не гэтыя словы, а рэальныя крокі. І Беларусь цяпер паказвае, што яны на сто працэнтаў залежаць ад Крамля.

Крыніца: Радыё Свабода

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект:

Загрузка...