Пісьменніца Вольга Іпатава пасля пяці гадоў разлукі вярнулася на Беларусь. Праўда, часова. “Дапішу сваю «трэцюю кнігу» – і вярнуся назаўсёды. Гады праз два”, – кажа яна. «Кнігамі» яна з гумарам называе сваіх унукаў, якія нарадзіліся ў Канадзе.

Вольга Іпатава ў Доме літаратара, фота Ягора Фядзюшына

Вольга Іпатава ў Доме літаратара, фота Ягора Фядзюшына

Пісьменніца  правяла неадназначную ў вачах дэмакратычнага грамадства акцыю – наладзіла творчую вечарыну ў мінскім Доме літаратара. У тым самым доме, які пабудаваны за грошы беларускіх пісьменнікаў яшчэ за савецкім часам. Яго забралі ўлады яшчэ ў 2000-м годзе ў адзінага тады Саюза пісьменьнікаў.

Цяпер гэты прэстыжны будынак у цэнтры сталіцы належыць Кіраўніцтву справамі прэзідэнта. Тут месцяцца розныя арганізацыі, у тым ліку паспешліва створаны ўладамі  паслухмяны Саюз пісьменнікаў Беларусі, які займае некалькі пакояў. Ранейшы Саюз пісьменнікаў  арандуе за свае грошы невялічкую плошчу і ўсе гэтыя гады знаходзіцца на своеасаблівым «асадным становішчы», напрыклад, яму недаюць магчымасці нават  ладзіць сустрэчы з чытачамі.

 “Я сёння першапраходца, – кажа Вольга Міхайлаўна. – Мне тэлефанавалі мае сябры: яны хацелі б прыйсці да мяне, але не хочуць ісці сюды. Але я прыйшла – таму што хачу верыць, што  ў сценах гэтага дома ўсё яшчэ жыве, нягледзячы на сённяшнія рэаліі,  усё тое, чым дарагі для мяне наш саюз пісьменнікаў, у якім да сваіх апошніх дзён былі і Васіль Быкаў, і Рыгор Барадулін, і Генадзь Бураўкін, і Анатоль Кудравец, і многія, многія іншыя творцы..  

У гэтым доме, у мемарыяльным пакоі, якім стала канферэнцзаля,  знаходзяцца выявы людзей, якіх я люблю і паважаю, хто тут быў адпачатку – з 1976 года, калі мы ўпершыню прыйшлі сюды.

Для мяне гэты Дом вельмі важны: адсюль праводзілі ў апошні шлях Куляшова, Броўку, Танка, Мележа. Пабыць тут – гэта як  пабачыцца з дарагімі мне людзьмі, якія зрабілі нешта на маім пісьменніцкім шляху”.

Пісьменніца Лідзія Савік, са слоў Вольгі Іпатавай, “дала мне пэўныя арыенціры, якія дазволілі не сагнуцца ў вельмі неспрыяльныя часы”. Яна і ўзяла першае слова на гэтай вечарыне.

Лідзія савік, фота Ягора Фядзюшына

Лідзія Савік, фота Ягора Фядзюшына

-Мы ведаем, якое дзяцінства сірочае дасталося Вользе Міхайлаўне, якая жыла з бабуляй у вёсцы – прачытайце апавяданне “Дом з блакітнымі аканіцамі”. Маці Вольгі памерла вельмі рана, таму ёй давялося жыць у Гродзенскім дзіцячым доме – пра гэты перыяд жыцця апісана ў аповесці “Вузялок Святагора”. З дзіцячага дома і пачалося яе ўваходжанне ў літаратуру. На яе вершы звярнулі ўвагу Карпюк, Быкаў, Данута Бічэль-Загнетава, – расказала Лідзія Савік.

Вольга Іпатава закончыла рускае аддзяленне філалагічнага факультэта Белдзяржуніверсітэта,  але адзіная з усяго выпуска абараняла дыплом па-беларуску – па творчасці Міхася Васілька. Затым – вучоба ў аспірантуры  Маскоўскага  літаратурнага інстытута. Яна адмовілася ад вельмі спакуслівай у тыя часы прапановы – працаваць у газеце «Праўда» і вярнулася  ў Беларусь.   Працавала ў “Чырвонай змене”, “ЛіМе”, на Гродзенскай абласной студыі тэлебачання, а затым на Беларускім тэлебачанні вяла перадачу “Ліра”, “Спадчыннікі”. Пазней перайшла ў часопіс “Спадчына”, дзе многа зрабіла для вяртання беларусам  гістарычнай спадчыны.

“Яна захавала вернасць прызванню і ідэалагічным прынцыпам, ніколі не здраджвала сабе”,  – рэзюмавала Лідзія Савік.

“Хоць гэтыя гады Вольга  знаходзілася далёка, яна не забывала пра нас. Падгадоўвайце ўнукаў – і вяртайцеся да нас назаўжды”,  – дадала Лідзія Савік, выказаўшы пажаданне ўсіх прысутных.

Выступае бард Эдуард Акулін, фота Ягора Фядзюшына

Выступае бард Эдуард Акулін, фота Ягора Фядзюшына

Вольга Іпатава знайшла сябе ў гістарычнай тэме, яна паставіла за мэту паказаць усіх уладароў вялікага княства Літоўскага. Апошнія яе раманы і расказваюць пра няпросты лёс валадароў ВКЛ.

-Творы Іпатавай – класіка беларускай літаратуры. Хто афармляе польскую нацыю?  Генрык Сянкевіч сваімі гістарычнымі раманамі. Так і Вольга Іпатава расказвае нам – хто мы такія, як жылі, – дадала Лідзія Савік.

Увосень, магчыма, у серыі “Беларускі кнігазбор” выйдзе зборнік лепшых твораў Вольгі Іпатавай.

Лепшая сяброўка пісьменніцы –  рэжысёр Віргінія Тарнаўскайтэ, з якой яны разам падрыхтавалі кнігу перакладаў літоўскіх паэтаў на беларускую мову, прачытала вершы  Б. Бразджоніса на літоўскай мове, а Іпатава –іх жа ў сваім перакладзе – па-беларуску.

Рэжысёр Валерыя Скварцова навучыла Вольгу Іпатаву “глядзець на свет праз тэлекамеру”. Яна ўзгадала паездку ў ЗША, дзе здымалі серыю перадач пра беларусаў Амерыкі. “Паехалі за матэрыялам да аднаго фільма, а прывезлі – 12”, – распавяла Валерыя Скварцова.

Старшыня Рады беларускай інтэлігенцыі кінарэжысёр падзякаваў Вользе Іпатавай “за з’яўленне на Беларусі”. “Нам вельмі вас не хапае – вашай мудрасці, цыёрдасці, розуму”, – кажа Уладзімір Колас.

IMG_1163Вольга Іпатава са сваім мужам Ягорам Фядзюшыным з’ехалі  дапамагчы падгадаваць унукаў. З’ехалі часова, але ў гэтым свеце няма нічога больш пастаяннага, чым часовае. За ўнучкай, якой неўзабаве  споўніцца шэсць гадоў, нарадзіўся унук Міхась, якому ўжо чатыры гады,  і самы маленькі, якому цяпер толькі 10 месяцаў.

Ягор Фядзюшын (у цэнтры) "калдуе" за ноўтбукам

Ягор Фядзюшын (у цэнтры) “калдуе” за ноўтбукам

За апошнія гады пісьменніца  хварэла на запаленне лёгкіх. На Беларусь вярнуліся да канца лета, каб дома крыху паправіць здароўе, набрацца моцы на радзіме… Як кажа сама Вольга Іпатава, “калі ступіла а беларускую зямлю – захацелася ўпасці і абдымаць яе”.

Размовы у кулуарах вечарыны Вольгі Іпатавай - Антаніна Хатэнка, Валерыя Скварцова, Зінаіда Крупская, фота Ягора Фядзюшына

Размовы у кулуарах вечарыны Вольгі Іпатавай – Антаніна Хатэнка, Валерыя Скварцова, Зінаіда Крупская, фота Ягора Фядзюшына

А на нявыказанае пытанне: калі вернецца назаўсёды, Вольга Іпатава з уласцівай ёй гумарам адказала:

-Дапішу сваю « трэцюю кнігу», каб яна ўжо трымалася на сваіх нагах – і вярнуся назаўжды. Гады праз два…

Крыніца: Георгій Громаў, Беларуская праўда

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект:

Загрузка...