У Беларусі 27 лютага — асноўны дзень галасаваньня на рэфэрэндуме аб зьменах у Канстытуцыі. Многія жыхары краіны адгукнуліся на заклік лідэраў апазыцыі прыходзіць на ўчасткі а 14-й гадзіне. Пра свой досьвед удзелу ў рэфэрэндуме Свабодзе расказалі трое менчукоў.

«Міліцыя з каменным тварам адказвала: «Грамадзяне, разыходзьцеся»

Фёдар, жыхар Уручча:

— Ад ранку з жонкай схадзілі пагуляць вакол Новай Баравой, бо жывём недалёка, каб паглядзець, ці ёсьць там міліцыя, ці шмат яшчэ людзей гуляе. Гуляла шмат, у Менску дастаткова цёплае надвор’е. А міліцэйскую машыну, якая кружляла па раёне, заўважылі толькі адну.

Недзе а 14-й гадзіне я адвёз жонку зь дзіцём дадому, а сам рушыў на ўчастак. Ля яго стаялі некалькі дзясяткаў чалавек. Толькі там заўважыў, што забыўся дома пашпарт. На ўчастку спытаўся, ці магу прагаласаваць з правамі кіроўцы, мне дазволілі.

Унутры ўчастку была чарга. Хацеў зрабіць здымак, як заклікалі ў „Голасе“, але мой тэлефон чамусьці адмаўляўся працаваць, то вырашыў доўга не стаяць у кабінцы. Але зрабіць усё гэта было магчыма.

Людзі сабраліся ля аднаго з выбарчых участкаў у Менску 27 лютага
Людзі сабраліся ля аднаго з выбарчых участкаў у Менску 27 лютага

На ўчастку былі двое міліцыянтаў. Калі я выйшаў а 14:20, то ля ўчастку стаялі каля сотні чалавек. Я застаўся пачакаць.

Да нас падышлі „міліцыянты-аліўкі“, маладыя хлопцы, яны былі ў „латах“. Між сабой гаварылі: „Много людей“. Разьвярнуліся і сышлі. Празь нейкі час людзі сталі выгукаць „Не — вайне“.

Потым міліцыянты падышлі зноў, сказалі, каб ці разыходзіліся, ці ішлі галасаваць, інакш будуць затрымліваць. Людзі зь імі спрачаліся, пачаліся затрыманьні, але жанчыны затрыманых нават адбівалі. Прынамсі, адзін такі выпадак я бачыў.

Вельмі эмацыйныя моманты былі, усе крычалі адзін на аднаго. Для падмацаваньня падышлояшчэ чалавек пяць. Калі людзі адыходзілі, то казалі міліцыянтам, што яны наступныя на адпраўку ва Ўкраіну. Тыя з каменнымі тварамі адказвалі: „Грамадзяне, разыходзьцеся“.

Калі ішоў дадому, то каля яшчэ адной школы бачыў, як вялі затрыманага хлопца. Цяпер прыйшоў дадому і чытаю навіны».

«Многія былі нацэленыя потым пайсьці ў цэнтар»

Дзьмітры, жыхар ЖК «Каскад»:

— У пачатку трэцяй людзі сабраліся каля ўчастку. Як я палічыў, было каля 50 чалавек. Ніхто надта не зьбіраўся ісьці галасаваць. Хутчэй сабраліся абмеркаваць падзеі ў Беларусі.

Людзі сабраліся самых розных узростаў — і старэйшага пакаленьня, і моладзь, і сярэдняга ўзросту. На дрэве павесілі плякат „Не — вайне“. Хтосьці прынёс кветкі.

Затрыманьне чалавека каля выбарчага ўчастка ў менскай школе №3. 27 лютага
Затрыманьне чалавека каля выбарчага ўчастка ў менскай школе №3. 27 лютага

Празь нейкі час зьяўвіўся АМАП — 3-4 чалавекі. Хуценька затрымалі маладога хлопца, здаецца, нават нічога яму не казалі. Проста забралі яго і павялі з сабой. Аднаго чалавека жанчынам удалося адбіць.

Неўзабаве ўсе разышліся, не было сэнсу ў супрацьстаяньні зь сілавікамі. Многія былі нацэленыя пасьля пайсьці ў цэнтар. Людзі настроеныя мірна, не радыкальна.

Вельмі добра, што беларусы выйшлі і выказалі стаўленьне да вайны. Гэта пакідае надзею на тое, што ў нашай краіны будзе будучыня і ня будзе „рускага сьвету“.

Асабіста я зайшоў на ўчастак, але не прагаласаваў. Там стаіць куча міліцыянтаў. Галасаваць пад прымусам АМАПу, пад ціскам — жаданьня не было. Можна было прыйсьці да ўчастку, але нешта рабіць зь бюлетэнем не хацелася. Я хацеў проста выказаць сваё стаўленьне да вайны».

«Фатаграфаваць бюлетэнь можна было спакойна»

Антон, жыхар Сухарава:

«Я галасаваў у пачатку трэцяй гадзіны. Калі я падышоў да ўчастку, то была вялікая чарга, шмат людзей у масках, зь дзецьмі. У самой школе выступалі нейкія музыканты.

Было некалькі „блёк-постаў“: першы адразу на ўваходзе ў школу, дзе турнікеты, а другі — непасрэдна ў кабінэце, дзе выдавалі блянкі. На ўчастку дзяжурыў міліцыянт зь відэафіксатарам. Мне хуценька далі блянк для запаўненьня, ніякіх пазнак на ім не пабачыў.

Сілавікі затрымліваюць удзельніка пратэсту ў Менску 27 лютага
Сілавікі затрымліваюць удзельніка пратэсту ў Менску 27 лютага

Фіранак на кабінках, вядома, не было. Але пры гэтым фатаграфаваць бюлетэнь ці нешта ў ім пісаць можна было абсалютна свабодна. Сябры камісіі на гэта ніяк не рэагавалі, яны былі занятыя сваімі справамі. Асабіста я сапсаваў бюлетэнь, склаў і ўкінуў у скрыню.

Чамусьці ў школе было вельмі шмат людзей з павязкай „Дзяжурны“. Зайшоў у буфэт, людзей зноў заваблівалі нізкімі цэнамі. Прадавалі пернікі з глязурам, з надпісам „Рэфэрэндум-2022“. Цікавы мог бы атрымацца сувэнір. У самім буфэце людзей было няшмат. Хаця цэны вельмі прывабныя: бляшанка гарошку каштавала працэнтаў на 15 таньней, чым на акцыях у „Эўраопце“.

Калі я выйшаў з участку, то людзей ля школы стала яшчэ болей. Чарга загібалася за будынак школы, там былі да 100 чалавек. За плотам стаялі яшчэ чалавек 40-50, якія чагосьці чакалі. Правакацыяў сілавікоў ці антываенных воклічаў асабіста я не засьпеў».

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект:

Загрузка...