Мікола Статкевіч вельмі рады вызваленню Алеся Бяляцкага і просіць перадаваць яму прывітанне як мужнаму і годнаму чалавеку.
Пра гэта расказала жонка палітычнага вязня Марына Адамовіч пасля сустрэчы з ім ў Магілёўскай турме. Гэта была першая сёлета сустрэча сужонства:
– Стандартная для турмы 2-гадзінная сустрэча праз шкло і краты. Мікола ў абсалютна нармальным стане: і ў фізічным, і ў псіхалагічным. Мне нават здаецца, што ён папрыгажэў. Бо ён дакладна разумее, што ён робіць, мае дакладную яснасць сітуацыі, дакладнае бачанне сітуацыі. Ён знаходзіцца ў гармоніі з самім сабой. І такое адчуванне, што нават ягоныя зморшчыны разгладжваюцца.
Былы кандыдат у прэзідэнты Мікола Статкевіч асуджаны на шэсць гадоў зняволення нібыта за арганізацыю масавых беспарадкаў у дзень прэзідэнцкіх выбараў 19 снежня 2010 года. Сваёй віны палітык не прызнаў і патлумачыў пераслед палітычнымі прычынамі.
Крыніца: Радыё Рацыя
Поддержать проект: |